Вогнетрывалы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Вогнетрывалы»
анг. Fireproof
Жанр драма
Рэжысэр Алекс Кендрык
Прадусар Дэвід Ніксан
Сцэнарыст Стывэн Кендрык
У ролях Кірк Камеран, Эрына Бетыя
Кампазытар Марк Ўілард
Апэратар Боб Скот
Мантаж Біл Эбэл
Вытворчасьць «Шэрвудзкія карціны» (Олбані, штат Джорджыя)
Дата выхаду 26 верасьня 2008 (11 гадоў таму)
Час 122 хвіліны
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $500 000
Прыбытак $33,5 млн
Папярэдні «Процістаяньне гігантам» (2006)
Наступны «Мужныя» (2011)
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Вогнетрыва́лы» — амэрыканская кінадрама 2008 году пра пажарніка, які спрабуе прадухіліць развод са сваёй жонкай.

Фільм зьнялі ў кастрычніку—сьнежні 2007 году ў 16 мясьцінах штата Джорджыя: гарадах Олбані і Шэлман, а таксама ў акрузе Лі. У здымках удзельнічала каля 1200 добраахвотнікаў. Папярэдні продаж квіткоў на каліфарнійскім сайце «Фанданго» (Бэвэрлі-Гілз) склаў 40% ягонай выручкі. Фільм паказалі ў 839 кінатэатрах ЗША, дзе касавы збор у першыя выхадныя перавысіў $6,8 млн, што было 4-м вынікам па краіне. Па выніках паказаў фільм сабраў найбольшую суму сярод незалежных фільмаў 2008 году і заняў 6-е месца сярод хрысьціянскіх кінастужак за ўвесь час. 27 студзеня 2009 году фільм выйшаў на лічбавых відэадысках, а 29 верасьня — на «Блю-рэй». За першыя выхадныя кінастужка заняла 3-е месца ў продажах і 5-е месца ў пракаце відэакружэлак у ЗША. Да студзеня 2016 году продажы відэадыскаў склалі $54,9 млн[1].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Information icon.svg Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Дасьведчаны пажарнік Тэрэл Сандэрс злуе на пачаткоўца Эрыка Хармана, які пакінуў яго пры пажары. Капітан пажарнай службы Калеб Хольт заклікае Эрыка больш не пакідаць напарніка і папрасіць прабачэньня ў Тэрэла. Шпітальная сакратарка Кэтрын Хольт скардзіцца мэдсястры Робін Кейтс, што год таму ў маці быў інсульт. Яна наракае, што цяпер маці патрэбныя інвалідны вазок і ложак, але яны задарагія для пакрыцьця мэдстрахоўкай. Мэдсястра Латаша Браўн заўважае, што лекар Гэвін Келер заглядаецца на Кэтрын. Па вяртаньні на выхадных ад бацькоў Кэтрын сварыцца з мужам Калебам на кухні. Той скардзіцца на адсутнасьць прыгатаванай ежы. Яна ж наракае, што той адкладае траціну заробка на човен ужо некалькі гадоў. Майкл Сіманс, які працуе намесьнікам Калеба, раіць яму абыходзіцца з жонкай, «як з ружай». Аднак увечары Калеб і Кэтрын паўторна сварацца, і тая патрабуе разводу. Больш дасьведчаны пажарнік Ўэйн Флойд загадвае Эрыку жартам знайсьці «шлянгарасьцягвальнік». Майкл прызначае спатканьне з жонкай і выкрывае жарт. Кэтрын скардзіцца на мужа мэдсёстрам. Калеб жа наракае свайму намесьніку. Пажарная дружына Калеба сьцягвае з чыгуначнага пераезду легкавік, дзе знаходзяцца пацярпелыя ў ДТЗ пасажыры. Цягнік зносіць шлем Майкла, які просіць не казаць ягонай жонцы. Калеб скардзіцца на жонку бацькам, але яго маці Шэрыл заклікае ўлічваць занятасьць Кэтрын. Ягоны бацька Джон просіць адкласьці развод на 40 дзён. Ўэйн размаўляе з сабой і пляша пад музыку ў распранальні, што заўважае Тэрэл, які выстаўляе яго на сьмех. Каб праілюстраваць развод, Майкл склейвае сольніцу і перачніцу, якія Калеб спрабуе разарваць. Але Майкл папярэджвае, што пры разрыве зламаюцца абедзьве пасудзіны.

Наступным днём Калеб атрымлівае поштай бацькоўскі дзёньнік «Выклік каханьня», разьлічаны на 40 дзён. У 1-ы дзень той заклікае адмоўчвацца пры адмоўных выказваньнях жонкі. На 2-і дзень Калеб робіць жонцы каву паводле закліку ў дзёньніку. У 3-і — ён замаўляе жонцы кветкі з цукеркамі. У пажарнай частцы Калеб і Ўэйн выпіваюць пляшкі вострага соўсу на час, але Ўэйн не вытрымлівае пякоткі. Калеб выстаўляе Ўэйна на сьмех, бо Майкл наліў у адну пляшку таматны сок. На 4-ы дзень Калеб тэлефануе Кэтрын на працу і цікавіцца яе патрэбамі. Мэдсястра Дэйдра Харыс выказвае Кэтрын падазрэньне, што яе муж палагаднеў, бо хоча адсудзіць у яе дом. Дома Кэтрын кажа Калебу, што той ня варты пашаны, бо заглядаецца на распусту ў маніторы. У маці Кэтрын наракае, што адчувае прыніжэньне ад ягоных праглядаў на кампутары. Гэвін набывае Кэтрын ружы. На 18-ы дзень Калеб гатуе для Кэтрын вячэру пры сьвечках. Тая ж кажа яму: «Я не кахаю цябе», але плача ў сваёй спальні. Назаўтра Джон прыяжджае да Калеба, якому кажа пра патрэбу ў Божым прабачэньні, бо той ня ведае, як паказваць любоў, калі яе адмаўляюць. На 21-ы дзень Калеб прызнаецца Майклу, што веруе, і пытае пра яго лёгкасьць стасункаў з жонкай Цінай. Майкл прызнаецца, што жанаты 2-м шлюбам і разьвёўся, бо цікавіўся толькі ўласнымі патрэбамі і лічыў, што «слухаў сваё сэрца». Ён заклікае кіраваць сваім сэрцам. Гэвін пытае, што патрэбна маці Кэтрын пасьля інсульту.

Пажарная дружына Калеба тушыць пажар у 1-павярховым доме. Калеб выцягвае беспрытомную дзяўчынку Лэйсі праз падпольле і трапляе ў шпіталь з апёкам рукі 1-й ступені. Кэтрын у прысутнасьці Гэвіна, які аглядае Калеба, пацьвярджае мэдсястры, што гэта яе муж, і сыходзіць. Калеб надзявае шлюбны пярсьцёнак на палец насуперак засьцярогам ад Гэвіна. У 23-і дзень Калеб бачыць на маніторы ўсплывальнае вакно з выявай жанчыны, што зьмяшчае прапанову перайсьці па спасылцы. У дзёньніку ён чытае пра залежнасьць, у тым ліку ад парнаграфіі, што як паразыт высмоктвае жыцьцё са шлюбу: «Яна абяцае задавальненьне, але дзейнічае як хвароба і забірае ўсё болей думак, часу і грошай. Яна крадзе тваю вернасьць у той, каго ты кахаеш». Тады ён разносіць свой кампутар у двары бэйсбольнай бітай, чым дзівіць свайго суседа Рудольфа. На кампутарным стале Кэтрын знаходзіць букет ружаў і адкрытку са словамі: «Цябе я люблю больш». Ранкам Калеб знаходзіць на стале заяву на развод. Кэтрын даведваецца, што яе бацькам прывезьлі вазок і ложак, набытыя мужчынам праз тэлефон. Калеб знаходзіць у спальні адкрытку Гэвіна да сваёй жонкі і выкрывае яго ў шпіталі. Дэйдра паведамляе пра сварку іншым мэдсёстрам. У выніку Гэвін касуе заплянаваны абед з Кэтрын. Ганна папярэджвае Кэтрын, што заляцаньне да яе Гэвіна, як да замужняй жанчыны, выклікае сумнеў у яго будучай вернасьці.

Калеб заўважае, што Кэтрын прапускае працу і ляжыць у ложку. Ён набывае лекі і ежу ды згадвае кнігу ад таты. Кэтрын дастае тую кнігу, знойдзеную за дзень да таго, і пытае, на якім ён дні. Калеб адказвае, што на 43-м, хоць там толькі 40, бо вырашыў не спыняцца. Ён просіць выбачэньня за тое, што любіў іншыя рэчы замест яе. Пры набыцьці прасьцінаў Кэтрын даведваецца, што гэта яе муж 2 тыдні таму таемна выплаціў $24 000 з $24 300 за ложак і вазок для маці, а лекар — $300. Яна завітвае ў пажарную частку, дзе прапануе аднавіць шлюб. Джон кажа Калебу, што хацеў разьвесьціся зь ягонай маці, а не наадварот, і што арыгінал дзёньніка напісала яна. Пры канцы фільма Калеб і Кэтрын вянчаюцца.

Information icon.svg Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Ролі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2009 годзе кінафільм «Вогнетрывалы» ўганаравалі тройчы:

  • 12 студзеня — у намінацыі лепшы поўнамэтражны фільм на Хрысьціянскім кінафэстывалі Сан-Антоніё (штат Тэхас);
  • 12 лютага — «Узнагародай вадохрышча» ў памеры $100 000 за найбольш натхняльны фільм на 17-м фэсьце «Кінагід» (Бэвэрлі-Гілз, штат Каліфорнія);
  • 2 красавіка — «Крыштальнай пячаткай» за найлепшую драму ад Фундацыі «Голуб» (Портлэнд, штат Арэгон)[2].

Беларуская агучка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2016 году «Кінаконг» (Андрэй Кім) запісаў агучку фільма «Вогнетрывалы» па-беларуску ў перакладзе Вольгі Жандаравай. Фільм агучылі: Уладзімер Глотаў, Сяргей Жбанкоў, Алесь Маўчанаў, Павал Харланчук і Сьвятлана Цімохіна. 14 лютага 2016 году «Кінаконг» ажыцьцявіў паказ фільма ў менскім бізнэс-клюбе «Імагуру» (вул. Фабрыцыюса, д. 4)[3]. 13 лютага 2017 году «Беларускі інстытут Амэрыкі» (Анастасія Сергіеня) зладзіў кінапаказ у нью-ёрскім шынку «Ўдалы Джэк» (Садовая вул., д. 129)[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Табліца продажаў відэадыскаў у ЗША за тыдзень, што скончыўся 3 студзеня 2016 году(анг.) // Партал «Лічбы», 4 студзеня 2016 г. Праверана 19 кастрычніка 2019 г.
  2. ^ Фундацыя «Голуб» абвяшчае ляўрэатаў узнагароды «Крыштальная пячатка»(анг.) // Партал «Хрысьціянскае кіно», 2 красавіка 2009 г. Праверана 19 кастрычніка 2019 г.
  3. ^ «Вогнетрывалы»: кінапаказ па-беларуску // Газэта «Наша ніва», 12 лютага 2016 г. Праверана 19 кастрычніка 2019 г.
  4. ^ Беларускі кінаклюб запрашае на паказ фільму «Вогнетрывалы» // «Беларускі інстытут Амэрыкі» (Нью-Ёрк), 5 лютага 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]