Вогненыя калясьніцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вогненыя калясьніцы
Chariots of Fire
Афіша для беларускага пракату
Жанр біяграфічны фільм, спартовы фільм[d], драматычны фільм[d] і гістарычны фільм[d]
Рэжысэр Г’ю Гадсан
Сцэнарыст Колін Ўэланд
Прадусар Дэйвід Путнэм
У ролях
Кампазытар Вангеліс
Апэратар Дэйвід Ўоткін
Мантаж Тэры Роўлінгз
Вытворчасьць
Распаўсюд Mokép[d], Netflix, Vudu[d] і Дыснэй+[d]
Дата выхаду 30 сакавіка 1981 (42 гады таму)
Працягласьць 124 хвіліны
Краіна Вялікабрытанія
Мова ангельская
Бюджэт £3 млн[1]
Прыбытак $59 млн (ЗША)[2]
Старонка на IMDb

«Во́гненыя калясьні́цы» (па-ангельску: Chariots of Fire) — брытанская гістарычная драма 1981 року. Фільм заснаваны на сапраўднай гісторыі двух спартоўцаў-удзельнікаў Алімпіяды 1924 року: Эрыка Лідэла, пабожнага шатляндзкага хрысьціяніна, і Гаральда Абрагамза, ангельскага жыда.

Фільм сем разоў быў намінаваны на прэмію Акадэміі і чатыры разы перамагаў. «Вогненыя калясьніцы» займаюць 19-е месца ў сьпісе 100 найлепшых брытанскіх фільмаў Брытанскага інстытуту кіно.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У 1919 року Гаральд Абрагамз (Бэн Крос) паступае ў Кембрыдзкі ўнівэрсытэт, дзе сутыкаецца з антысэміцкімі настроямі выкладчыкаў і студэнтаў, аднак удзельнічае ў паседжаньнях клюбу Гілбэрта і Салівана. Ён першым пасьпявае аббегчы вакол двара коледжу, пакуль гадзіньнік адбівае 12 удараў, а пасьля пачынае перамагаць у розных нацыянальных спаборніцтвах. Неўзабаве ён закахаўся ў опэрную сьпявачку з клюбу Гілбэрта і Салівана на імя Сыбіл (Эліс Крыге).

Эрык Лідэл (Ен Чарльсан), народжаны ў Кітаі ў сям’і шатляндзкі місіянэраў, таксама рыхтуецца да спаборніцтваў па бегу. Ягоная сястра Джэні (Шэрыл Кэмпбэл) спрабуе адгаварыць яго, аднак Лідэл лічыць, што здолее праславіць гэтым Госпада перад вяртаньнем у Кітай на місіянэрскую працу.

У першую сустрэчу на спаборніцтвах Лідэл перамагае Абрагамза. Абрагамз перажывае, аднак прафэсійны трэнэр Сэм Мусабіні (Ен Голм) прапануе яму свае паслугі ў паляпшэньні тэхнікі бегу. Гэта выклікае крытыку выкладчыкаў Кембрыджу (Джон Гілгуд і Ліндсэй Андэрсан), якія лічаць, што бегуну-аматару нягодна займацца з прафэсійным трэнэрам. Абрагамз ігнаруе іхнія зачэпкі, лічачы іх праявай антысэмітызму.

Калі Эрык Лідэл прапускае царкоўнае служэньне з-за трэніроўкі, сястра Джэні дакарае яго за тое, што Эрык ня думае пра Бога. Лідэл у адказ тлумачыць, што падчас бегу ён адчувае Божую прысутнасьць і ня можа ня бегаць, бо гэта будзе зьнявагай Бога; а ягоная місіянэрская паездка ў Кітай адбудзецца ў любым выпадку.

Пасьля гадоў трэніровак абодва бегуны трапляюць у зборную Вялікабрытаніі дзеля ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 1924 року ў Парыжы. У камандзе таксама апынаюцца сябры Абрагамза з Кембрыджу лорд Эндру Ліндсэй (Найджэл Гэйвэрз), Обры Мантэгю (Нікалас Фарэл) і Генры Сталард (Дэніел Джэрал). Па дарозе ў Парыж Лідэл дазнаецца, што бег на 100-мэтровую дыстанцыю будзе праводзіцца ў нядзелю, і адмаўляецца ў ёй удзельнічаць з хрысьціянскіх меркаваньняў, нягледзячы на патрабаваньні Брытанскага алімпійскага камітэту і самога прынца Ўэйлзкага.

Эндру Ліндсэй, здабыўшы срэбны мэдаль у бегу на 400 мэтраў з бар’ерамі, саступае Лідэлу сваё месца ў бегу на 400 мэтраў у наступны чацьвер. Навіна пра гарлівага легкаатлета-хрысьціяніна разьлятаецца па ўсіх міжнародных СМІ. На нядзельным служэньні ў парыскай шатляндзкай царкве Лідэл прамаўляе казань, цытуючы верш з 40-га разьдзелу кнігі Ісаі: «А тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца».

Абрагамз бяз шанцаў прайграе бегунам з ЗША на дыстанцыі 200 м, і ягоны адзіны шанец на мэдалі — спаборніцтва ў бегу на 100 мэтраў, ад удзелу ў якім адмовіўся Лідэл. Ён дабіваецца перамогі, заваёўвае залаты мэдаль і вырашае ўзнавіць стасункі са сваёй каханай Сыбіл, зь якой расстаўся дзеля спорту.

Перад забегам на 400 мэтраў трэнэр зборнай ЗША запэўнівае сваіх выхаванцаў, што Лідэл на гэткай доўгай дыстанцыі нічога ня варты. Толькі адзін з амэрыканцаў, Джэксан Шольц, перадае Лідэлу цыдулку з падтрымкай ягоных перакананьняў. Лідэл апярэджвае амэрыканскіх фаварытаў і таксама здабывае залаты алімпійскі мэдаль. Зборная Вялікабрытаніі вяртаецца дадому з трыюмфам.

У канцы фільму паведамляецца, што Абрагамз ажаніўся з Сыбіл і стаў адным з кіраўнікоў брытанскай атлетыкі. Лідэл зьехаў на місіянэрскую працу ў Кітай і ў 1945 року згінуў у японскім палоне, пра што смуткавала ўся Шатляндыя.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная пэўнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаральд Абрагамз і Генры Сталард — сапраўдныя навучэнцы коледжу Гонвіля і Каюса, якія выступалі на Алімпіядзе-1924. Яшчэ адзін спартовец, Обры Мантэгю, таксама спаборнічаў на Алімпіядзе, аднак навучаўся ня ў Кембрыджы, а ў Оксфардзе[3]. На аснове ягоных штодзённых лістоў да маці напісаная ягоная роля ў фільме. Трэці брытанскі залаты мэдаліст Алімпіяды ў Парыжы, Дуглас Лоў, ня даў дазволу на згадваньне ягонага імя ў фільме, таму чацьвертым навучэнцам прадстаўлены лорд Эндру Ліндсэй — пэрсанаж, часткова заснаваны на значнай асобе ў гісторыі брытанскай атлетыкі — лордзе Бэрглі. Бэрглі навучаўся ў Кембрыджы, аднак пазьней, чым Абрагамз.

Менавіта лорд Бэрглі, а не Абрагамз, на час здымак фільму быў адзіным, хто пасьпеў аббегчы вакол двара коледжу Тройцы Кембрыдзкага ўнівэрсытэту, пакуль гадзіньнік адбівае 12 удараў дня. Пасьля выхаду фільму, у 2007 року, гэтае дасягненьне паўтарыў яшчэ адзін студэнт коледжу Сэм Добін[4].

Эпізод фільму, дзе на 400-мэтровай дыстанцыі француз падстаўляе падножку Эрыку Лідэлу, але той падымаецца, адыгрывае 20-мэтровае адставаньне і перамагае, сапраўды меў месца ў спаборніцтве між Шатляндыяй, Ангельшчынай ды Ірляндыяй у ліпені 1923 року ў Сток-он-Трэнце. Забег ладзіўся на дыстанцыі 440 ярдаў, і перад гэтым Лідэл перамог таксама ў забегах на 100 і 220 ярдаў[5].

У жыцьці Абрагамз ажаніўся ня з Сыбіл Гордан, а з сьпявачкай той жа опэрнай трупы Сыбіл Эвэрс, зь якой яны пазнаёміліся толькі ў 1934 року.

Джэні Лідэл у жыцьці не пярэчыла заняткам спортам свайго брата, а цалкам яго падтрымлівала. Яна супрацоўнічала са стваральнікамі фільму і нават паўдзельнічала ў здымках сцэны падчас набажэнства ў парыскай шатляндзкай царкве[6].

Музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У якасьці музычнага суправаджэньня выкарыстаная ня музыка 1920-х рокаў, а адмысловая складзеная гукавая дарожка, напісаная грэцкім кампазытарам Вангелісам з выкарыстаньнем электроннага гуку 1980-х. Крок апраўдаў сябе: тытульная мэледія да фільму стала надзвычай папулярнай і пазьней выкарыстоўвалася ў іншых фільмах ды тэлеперадачах.

Рэжысэр Г’ю Гадсан раней супрацоўнічаў з Вангелісам пры здымках сваіх дакумэнтальных фільмаў і рэклямы, і гэтым разам ён прапанаваў кампазытару напісаць музыку менавіта сучаснага стылю. Тытульнай тэмай плянавалася напісаная ў 1977 року Вангелісам мэлёдыя «L’Enfant»[7] зь ягонага альбому «Opera Sauvage», аднак Вангеліс пераканаў рэжысэра, што створыць лепшую мэлёдыю. «Вогненыя калясьніцы», названыя Вангелісам «гімнам бацьку», які таксама быў бегуном[8][9], адразу былі прызнаныя рэжысэрам і прадусэрам. Аднак і «L’Enfant» прагучала ў фільме ў сцэне выхаду спартоўцаў на парыскі стадыён, дзе іх сустракаў духавы аркестар[10].

Некаторыя мэлёдыі зь фільму не ўвайшлі ў альбом «Вогненыя калясьніцы». Асобныя мэлёдыі можна пачуць у розных альбомах Вангеліса: «Opéra sauvage» (1979), «Themes», «Portraits» ды «Odyssey: The Definitive Collection», аднак у іншых аранжыроўках, ніж у фільме.

Таксама ў фільме выкарыстаныя пяць мэлёдыяў Гілбэрта і Салівана, якія цікава кантрастуюць з электроннай музыкай Вангеліса: «He is an Englishman», «Three Little Maids from School Are We», «With Catlike Tread», «The Soldiers of Our Queen» і «There Lived a King» з розных опэраў. Верш Ўільяма Блэйка «Ерусалім», пакладзены на музыку Г’юбэртам Пэры, быў выкананы Брытанскім хорам на пахаваньні Гаральда Абрагамса ў 1978 року і таксама ўвайшоў у фільм.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Канскім кінафэстывалі ў 1981 року фільм быў намінаваны на Залатую пальмавую галіну і атрымаў дзьве ўзнагароды. На цырымоніі ўручэньня прэміі Акадэміі 1982 року «Вогненыя калясьніцы» перамаглі ў чатырох зь сямі намінацыяў.

Прэмія Катэгорыя Намінанты Вынік
54-я прэмія Акадэміі Прэмія Акадэміі за найлепшы фільм Дэйвід Путнэм Перамога
Прэмія Акадэміі за найлепшую рэжысуру Г’ю Гадсан Намінацыя
Прэмія Акадэміі за найлепшы арыгінальны сцэнар Колін Ўэланд Перамога
Прэмія Акадэміі за найлепшую ролю другога пляну Ен Голм Намінацыя
Прэмія Акадэміі за найлепшы мантаж Тэры Роўлінгз Намінацыя
Прэмія Акадэміі за найлепшы дызайн касьцюмаў Мілена Кананэра Перамога
Прэмія Акадэміі за найлепшую музыку да фільму Вангеліс Перамога
Прэмія амэрыканскага кіно Найлепшая ролю другога пляну Ен Голм Намінацыя
35-я прэмія БАФТА Прэмія БАФТА за найлепшы фільм Дэйвід Путнэм Перамога
Прэмія БАФТА за найлепшую рэжысуру Г’ю Гадсан Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшы арыгінальны сцэнар Колін Ўэланд Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшую ролю другога пляну Найджэл Гэйвэрз Намінацыя
Ен Голм Перамога
Прэмія БАФТА за найлепшы мантаж Тэры Роўлінгз Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшы дызайн касьцюмаў Мілена Кананэра Перамога
Прэмія БАФТА за найлепшую апэратарскую работу Дэйвід Ўоткін Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшую музыку да фільму Вангеліс Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшую сцэнаграфію Роджэр Гол Намінацыя
Прэмія БАФТА за найлепшы гук Клайв Ўінтэр, Біл Роў, Джым Шылдз Намінацыя
Брытанскае таварыства кінэматаграфістаў Дэйвід Ўоткін Намінацыя
Канскі кінафэстываль (1981) Залатая пальмавая галіна Г’ю Гадсан Намінацыя
Прыз экумэнічнага журы — спэцыяльная згадка Перамога
Найлепшая ролю другога пляну Ен Голм Перамога
Прэмія Гільдыі рэжысэраў Амэрыкі Прэмія Гільдыі рэжысэраў Амэрыкі за выдатную рэжысуру — поўнамэтражныя фільмы Г’ю Гадсан Намінацыя
39-я прэмія «Залаты глёбус» Прэмія «Залаты глёбус» за найлепшы замежны фільм Г’ю Гадсан Перамога
25-я цырымонія «Грэмі» Прэмія «Грэмі» за найлепшае інструмэнтальнае поп-выкананьне Эрні Ўотс Перамога
Прэмія Лёнданскага гуртку кінакрытыкаў Прэмія Лёнданскага гуртку кінакрытыкаў фільму году Г’ю Гадсан Перамога
Прэмія Лёнданскага гуртку кінакрытыкаў сцэнарысту году Колін Ўэланд Перамога
Прэмія Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Аджэлесу-1981 Прэмія Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Аджэлесу за найлепшы замежны фільм Г’ю Гадсан 2-е месца
Прэмія Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Аджэлесу за найлепшую музыку Вангеліс 2-е месца
Прэмія Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША-1981 Прэмія Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША за найлепшы фільм Перамога
Прэмія Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША: 10 найлепшых фільмаў Перамога
Прэмія Нью-Ёрскага гуртку кінакрытыкаў-1981 Прэмія Нью-Ёрскага гуртку кінакрытыкаў за найлепшы фільм 4-е месца
Прэмія Нью-Ёрскага гуртку кінакрытыкаў за найлепшую рэжысуру Г’ю Гадсан 3-е месца
Прэмія Нью-Ёрскага гуртку кінакрытыкаў за найлепшую апэратарскую работу Дэйвід Ўоткін Перамога
Міжнародны таронцкі кінафэстываль Прыз глядацкіх сымпатыяў Г’ю Гадсан Перамога

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Alexander Walker, Icons in the Fire: The Rise and Fall of Practically Everyone in the British Film Industry 1984-2000, Orion Books, 2005 p. 28
  2. ^ Chariots of Fire на Box Office Mojo
  3. ^ Aubrey Montague biography at SportsReference.com
  4. ^ «Modern-day hero runs away with Chariots of Fire challenge.» Daily Mail 27 October 2007.
  5. ^  Ramsey, Russell W. God's Joyful Runner. — Bridge Publishing, Inc, 1987. — С. 54. — ISBN 0-88270-624-1
  6. ^ Ramsey, Russell W. A Lady — A Peacemaker. Boston: Branden Publishing Company, 1988.
  7. ^ «L’Enfant» на YouTube
  8. ^ McLaughlin, John. «In Chariots They Ran». Runner’s World. February 2012.
  9. ^ Daily Telegraph newspaper, 21 November 1982
  10. ^ Trivia about Vangelis

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]