Васіль Мельяновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Васіль Мельяновіч
Род дзейнасьці беларускі грамадзкі дзеяч на эміграцыі
Дата нараджэньня 28 жніўня 1934
Месца нараджэньня Азярніца
Дата сьмерці 6 кастрычніка 2004
Месца сьмерці Кліўлэнд

Васіль (Вацлаў) Мельяновіч (28 жніўня 1934, в. Азярніца Лунінецкага павету Палескага ваяводзтва (сёньня Лунінецкі р-н) — 6 кастрычніка 2004, Кліўлэнд) — беларускі грамадзкі дзеяч на эміграцыі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 1944 году — у Нямеччыне, працаваў на фабрыцы. Пасьля Другой сусьветнай вайны быў у лягерах ДП. Вучыўся ў беларускіх гімназіях у Віндышбэргэрдорфе, Міхельсдорфе й Розэнгайме. Браў удзел у беларускім скаўтынгу.

Ад 1950 году жыў у ЗША. Ня маючы грошай на вучобу, у 1954 годзе пайшоў у амэрыканскае войска. Служыў быў у зоне Панамскага каналу, у іншых гарачых кропках плянэты. Звольніўшыся з войска ў сакавіку 1956 году паступіў ва ўнівэрсытэт. У 1963 годзе атрымаў дыплём інжынэра ў Нью-ёрскім гарадзкім каледжы.

У 1961—1963 гг. быў старшынём Нью-ёрскага аддзелу ЗБМА, уваходзіў у рэдкалегію “Biuleteniu ZBMA” (1958), пазьней — сябра рэдкалегіі часопісу “Беларуская моладзь”. У 1963 годзе пераехаў у штат Мэрылэнд, працаваў у найбуйнейшай амэріканскай кампаніі ў галіне сувязі AT&T. Атрымаўшы ступень магістру унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона (г. Вашынгтон) у мэнэджмэнце, пачаў выкладаць у Кейтансьвільскім каледжы (Мэрылэнд).

Заступнік старшыні Агульнаамэрыканскай асацыяцыі этнічных групаў (1970-я), ачольваў Асацыяцыю ўсходнеэўрапейскіх дасьледваньняў у штаце Мэрылэнд, быў старшынём Беларускай рэспубліканскай сэкцыі ў штаце Мэрылэнд (ад 1973) і Фэдэрацыі Беларускіх рэспубліканскіх клюбаў (ад 1982). У 1984 годзе на Канфэрэнцыі рэспубліканскіх этнічных групаў быў абраны ў органы Фэдэрацыі этнічных рэспубліканскіх групаў Амэрыкі. Сустракаўся з прэзыдэнтамі Рональдам Рэйганам, Джорджам Бушам-старэйшым.

Сябра Рады дырэктараў беларускага адпачынковага цэнтру “Белэр-Менск”. Працаваў беларускамоўным гідам на амэрыканскіх выставах у Менску (1989) і Берасьці (1991). У першы прыезд, у 1989 годзе, савецкія ўлады не дазволілі яму наведаць родную вёску[1]. Першы зь беларусаў ЗША атрымаў дыпляматычны пашпарт. У часе прэзыдэнцкай кампаніі 1988 году быў нацыянальным старшынём акцыі “Беларусы за Буша”. У 1998 г. пераехаў у Кліўлэнд і далучыўся да жыцьця мясцовай беларускай грамады. Аўтар шэрагу артыкулаў на прафэсійныя і грамадзкія тэмы ў амэрыканскіх выданьнях.

Пасьля атрыманьня незалежнасьці, жыў на два дамы: адзін у ЗША, а другі — у Менску. Хаця і дому ў традыцыйным разуменьні ў яго ніякага не было — здымаў сьціплую кватэру і марыў, што некалі прыдбае ў ваколіцах Менску катэдж. Плянаваў адкрыць уласную фірму, якая дапамагала-б беларусам асвойваць азы бізнэсу, мэнэджмэнту, зьбіраўся чытаць лекцыі. Але не атрымалася. Адзінае, што зрабіў — правёў за свой кошт лінію электраперадач на аддалены хутар ля Лунінца, дзе дасюль пры газавай лямпе жыла ягоная сваячка.

Пазьней беларускія ўлады забаранілі Мельяновічу ўезд у краіну.

Узброены шматгадовым досьведам удзелу ў прэзыдэнцкіх ды іншых выбарчых кампаніях, ён прапаноўваў беларускай апазыцыі свае паслугі, і бываў глыбока абражаны, калі заставаўся незапатрабаваным.

Напрыканцы 1990-х гадоў прадаў вялікі дом з друкарняй у штаце Мэрылэнд і перабраўся ў штат Агаё, бліжэй да славутага культурнага цэнтру “Полацак”.

Пасьля сьмерці ягоная жонка, беларуская журналістка й мастачка Тацяна Антонава-Мельяновіч, пахавала урну з Васілёвым прахам у Азярніцы, побач з магілаю яго дзеда[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавая спасылка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]