Перайсьці да зьместу

Васіль Мачульскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Васіль Хведаравіч Мачульскі (9 жніўня 1893, в. Навасады, Койданаўская воласьць, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 29 кастрычніка 1973, Масква, РСФСР, СССР) — літаратуразнавец. Кандыдат філялягічных навук (1946).

Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара. Ягоны бацька Хведар Хведаравіч (1862—1919), скончыў Менскую духоўную сэмінарыю, быў сьвятаром ў в. Навасады і м. Магільна, маці Аляксандра Сямёнаўна (1862—1922), хатняя гаспадыня.

Пасьля заканчэньня Менскага духоўнага вучылішча з 1907 г. вучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі, але ня скончыўшы яе ў 1911 г. паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту, з 1912 г. вучыўся на славяна-рускім аддзяленьні філялягічнага факультэту ўнівэрсытэту, у кастрычніку 1915 г. перавёўся на гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1917 г. У 1918 г. чалец Беларускай сацыялістычнай грамады, супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камітэту ў Маскве, у 1919—1924 гг. выкладчык у Слуцку, у 1925—1933 гт. навуковы супрацоўнік Інбелкульту, АН Беларусі, адначасова (з 1929) выкладчык Камуністычнага ўнівэрсытэту ў Менску.

21 лютага 1933 г. рашэньнем Прэзыдыюму БАН быў звольнены з Інстытуту літаратуры і мастацтва як «клясава-варожы элемэнт». У 1934—1971 гг. выкладчык ВНУ Масквы: Камуністычнага ўнівэрсытэту, Прамакадэміі, Акадэміі грамадзянскага паветранага флёту. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў апалчэньні. У 1934—1947 гг. працаваў настаўнікам, дырэктарам школы ў Маскве. 1945 г. чалец КПСС, з 1947 г. выкладчык Ваенна-палітычнай акадэміі, Паліграфічнага інстытуту. У 1952—1971 гг. дацэнт катэдры расейскай літаратуры філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту.

Друкаваўся з 1927 г. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выданьня твораў Максіма Багдановіча (т. 1—2, 1927—1928), Алеся Гаруна (1929).

  • Да пытаньня аб беларускім элемэнце ў «Слове аб палку Ігаравым». Менск. 1933.
  • Тэхніка работы з кнігай. Менск. 1933.
  • Барашка І. Клясавы вораг у тоге «вучонага». // Савецкая Беларусь. Менск.10 сакавіка 1931.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.