Валынская крывавая нядзеля
Валы́нская крыва́вая нядзе́ля 11 ліпеня 1943 року — кульмінацыйны пункт Валынскай разаніны, масавае людабойства польскага цывільнага насельніцтва Валыні Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў Сьцяпана Бандэры (АУН-Б), Украінскай паўстанчай арміяй (УПА) і цывільнымі ўкраінцамі. Напады адбываліся адразу ў 99 населеных мясцовасьцях, пераважна ў былых Гарохаўскім ды Ўладзімерскім паветах Другой Рэчы Паспалітай.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Ад лютага 1943 року АУН-Б і ейнае збройнае крыло — УПА — распачалі напады на польскіх насельнікаў Валыні. Да ліпеня 1943 фармаваныя збройныя сілы ўкраінскіх нацыяналістаў маглі ладзіць акцыі ў абмежаваных маштабах, галоўным чынам на ўсходзе Валыні. У траўні-чэрвені 1943 року ў даводзтве УПА пачаў рыхтавацца плян адначаснага нападу на польскія паселішчы і масавага зьнішчэньня палякаў на Валыні. Гэтаму спрыяла правядзеньне бандэраўцамі злучэньня розных партызанскіх аддзелаў («бульбаўцаў», «мельнікаўцаў»), часта гвалтоўнае, і ўзбуйненьне аддзелаў УПА[1].
Да канца чэрвеня аддзелы ўкраінскіх нацыяналістаў забілі на Валыні ад 9[2] да 15[3] тысячаў палякаў.
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У пачатку ліпеня аддзелы УПА пачалі зьбірацца ў вакольных лясох. Першы ліпеньскі выпуск бюлетэню УПА «Да зброі» абвяшчаў «ганебную сьмерць» усім палякам, якія застануцца ва Ўкраіне. Агітатары з Усходняй Малапольшчы на сходах ва ўкраінскіх вёсках пераконвалі ў неабходнасьці вынішчэньня палякаў. Нядзеля была выбраная для таго, каб як найбольшую колькасьць палякаў зьнянацку засьпець у касьцёлах.
Польскае падпольле спрабавала дамовіцца з АУН-Б, выслаўшы на перамовы з кіраўніком мясцовай Службы бясьпекі дэлегацыю з валынскай акругі Арміі краёвай. 10 ліпеня іх арыштавалі ў вёсцы Кусьцічах і забілі.
Разаніны
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Уночы з 10 на 11 ліпеня аддзелы УПА з падтрымкай сялянаў Самаабаронных куставых аддзелаў распачалі скаардынаваныя напады на паселішчы, дзе пражывалі палякі, галоўным чынам у былых Гарохаўскім ды Ўладзімерскім, а таксама Ковельскім паветах.
Нападнікі дзяліліся на групы — адныя паддаддзелы атачалі вёскі кардонам, іншыя зганялі ахвяраў у адно месца і ўчынялі расправы. Ачышчэньнем тэрыторыі ад недабіткаў і рабаўніцтвам займаваліся ўкраінскія вяскоўцы[3]. У некаторых вёсках забойствы адбываліся падчас набажэнстваў у касьцёлах[3].
Гжэгаж Матыка піша, што 11 ліпеня 1943 аддзелы УПА заатакавалі 99 мясцовасьцей[1], Тымаці Снайдэр падае колькасьці «167 мясцовасьцей ад вечара 11 ліпеня да ранку 12 ліпеня»[4]. 12 ліпеня УПА атакавала яшчэ 50 населеных пунктаў, і ў наступныя дні напады працягнуліся. За цэлы ліпень напады адбыліся на 520 паселішчаў, было забіта каля 10—11 тысячаў палякаў[1].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 2016 року Сойм Польскай Рэспублікі устанавіў 11 ліпеня Нацыянальным днём памяці ахвяраў генацыду, зьдзейсьненага ўкраінскімі нацыяналістамі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ а б в Grzegorz Motyka. Ukraińska partyzantka 1942—1960. — Warszawa: Instytut Studiów Politycznych PAN, 2006. — С. 326—329. — ISBN 83-88490-58-3
- ^ Władysław Siemaszko, Ewa Siemaszko. Ludobójstwo dokonane przez nacjonalistów ukraińskich na ludności polskiej Wołynia 1939—1945. — Warszawa: „von borowiecky“, 2000. — Т. 2. — С. 1045. — ISBN 83-87689-34-3
- ^ а б в Władysław Filar. Przebraże — bastion polskiej samoobrony na Wołyniu. — Warszawa: Światowy Związek Żołnierzy Armii Krajowej, 2007. — С. 39—42. — ISBN 978-83-7399-254-2
- ^ Timothy Snyder. Rekonstrukcja narodów. Polska, Ukraina, Litwa i Białoruś 1569—1999. — Sejny: 2009. — С. 190. — ISBN 978-83-86872-78-7