Польскі наступ на Вільню (1919)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бітва за Вільню (1919)»)
Польская адзнака за ўдзел у бітвах за Вільню ў 1919 годзе
Тэатар ваенных дзеяў на Віленшчыне
Адозва Пілсудзкага Да насяленьня В.Кн. Беларуска-Літоўскага

Заняцьцё́ Ві́льні паля́камі (па-польску: ofensywa wileńska, па-польску: wyprawa wileńska) — адна зь першых польскіх апэрацыяў у красавіку 1919 году падчас польска-бальшавіцкай вайны.

Перадумовы наступу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1918 РСФСР, пасьля капітуляцыі немцаў перад Антантай абвесьціла Берасьцейскі мір нядзейсным і распачала наступ Чырвонай арміі на захад. Вынікам наступу была эміграцыя ўраду БНР зь Менску і летувісаў зь Вільні. 15 сьнежня 1918 у Вільні быў скліканы Савет рабочых дэлегатаў, які абвесьціў дыктатуру пралетарыяту, хаця ў горадзе амаль не было прамысловасьці і рабочай клясы. 1 студзеня 1919 была створана БССР.

У адказ Камітэт абароны Ўсходніх крэсаў і Самаабарона Літвы і Беларусі паспрабавалі супрацьстаяць бальшавікам. Вільня часова патрапіла ў рукі палякаў, але ўжо 5 студзеня горад заняла Чырвоная армія. Сілы самаабароны адышлі на Гарадзеншчыну, а ў горадзе была створаная Летувіская рада народных камісараў, якую ўзначаліў Вінцас Міцкявічус-Капсукас. 5 лютага ў Беластоку палякі здолелі дамовіцца зь немцамі ў дачыненьні да праходу польскіх войскаў праз тэрыторыю, дзе адбывалася эвакуацыя нямецкай арміі на Віленшчыне і Беларусі.

7 лютага 1919 Пілсудзкі сказаў свайму супрацоўніку, Уладзіславу Бараноўскаму, як бачыць тагачасную магчымасьць усталяваньня граніц:


« У гэты момант Польшча знаходзіцца зусім без граніц і ўсё, што мы можам цяпер здабыць на захадзе, залежыць ад Антанты — як яны захочуць больш ці менш прыціснуць немцаў. На ўсходзе іншая справа: тут дзьверы, якія адчыняюцца і зачыняюцца, і ўсё залежыць ад таго, хто і як шырока сілай іх адчыніць… »

—Юзэф Пілсудзкі

27 лютага бальшавіцкія ўлады пачалі ствараць урад Летувіска-беларускай савецкай рэспублікі. Кантраляваныя бальшавікамі абшары былі пад клясавым тэрорам і прымусовым усталяваньнем савецкіх парадкаў. Ахвярамі тэрору галоўным чынам былі памешчыкі, інтэлігенцыя, дзеячы незалежніцкіх рухаў і сьвятарства.

У другой палове лютага польская армія пад камандваньнем генэрала Станіслава Шаптыцкага пачалі баі з Чырвонай Арміяй. У сакавіку, у выніку наступу групы генэрала Антонія Лістоўскага палякі захапілі Пінск.

Наступ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 красавіка 1919 польскае войска пачало наступ. Ягоную галоўную мэту — заняцьце Вільні — ажыцьцяўляла кавалерыйская групоўка палкоўніка Ўладзіслава Беліны-Плажмоўскага (9 эскадронаў кавалерыі і батарэя коннай артылерыі) ды групоўка пяхоты генэрала Рыдзя-Сьміглага (3 батальёны пяхоты).

Адначасова ў кірунку Ліды ўдарылі аддзелы генэрала Жыгмунта Лясоцкага, на Баранавічы і Наваградак групоўка генэрала Стэфана Макрэцкага, а на Лунінец — генэрала Антонія Лістоўскага. 17 красавіка была ўзятая Ліда, 18 красавіка Наваградак, 19 красавіка — Баранавічы.

Польскае войска дасягнула Вільні ранкам 19 красавіка і ў той самы дзень пры падтрымцы жыхароў гораду кантралявала амаль увесь горад. Толькі ў некаторых месцах бальшавікі трымаліся да 21 красавіка. Выгнаньне бальшавікоў, якія ў першай фазе польскай атакі мелі перавагу ў людзях, было магчыма дзякуючы і ахвярнасьці польскіх чыгуначнікаў віленскага вузла, якім, нягледзячы на абстрэл бальшавікоў, пашчасьціла спыніць цягнік да Ліды, што дазволіла прысьпешыць падыход пяхоты.

Пасьля наступу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заняцьця Вільні Юзэф Пілсудзкі выдаў 22 красавіка 1919 адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, дэкляруючы самавызначэньне ўсіх народаў колішняй Рэчы паспалітай абодвух народаў. Гэты крок быў прыняты з энтузіязмам польскамоўнай часткі жыхароў краю, аднак беларускае насельніцтва збольшага засталося абыякавым да адозвы, а летувісы глыбока занепакоіліся. Іх урад, які знаходзіўся ў Коўне, выказаў пратэст.

Узяцьце Вільні моцна крытыкавалася частка польскіх палітыкаў, якія абвінавацілі Пілсудзкага (галоўнага ініцыятара наступу) у здрадзе перад Сэймам. Апэрацыя таксама крытыкавалася Летувой, якая лічыла польскае войска акупацыйным (тады як у Вільні да вайны жыло толькі 2% летувісаў).

Савецкі контранаступ на Вільню напрыканцы красавіка 1919 скончыўся паразай; Саветы, аднак, занялі Вільню ў 1920 годзе, а пазьней перадалі яе Летуве, якая была саюзьнікам СССР. Польшча атрымала горад у выніку бунту Жалігоўскага.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]