Бурштын (каштоўны камень)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бурштын
Беларускі бурштын, знойдзены каля Пінску падчас мэліярацыі
Беларускі бурштын, знойдзены каля Пінску падчас мэліярацыі
Агульныя
Катэгорыя Мінэрал
Формула
(структурнай адзінкі)
C10H16O
Выгляд
Колер мядова-жоўты, аранжавы, чырвона-аранжавы
Шкала Моаса
(цьвёрдасьць)
2—2,5
Бляск смаляны
Празрыстасьць ад празрыстага да непразрыстага
Аптычныя ўласьцівасьці
Паказчык пераламленьня 1,538—1,543

Буршты́н (ад ням. bernstein), або, янта́р (ад лет. gintaras, лат. dzintars) — выкапнёвая акамянелая смала вымерлых голанасенных дрэваў, пераважна палеагенавага пэрыяду. Каштоўны камень, вядомы з нэалітычных часоў. Вядома некалькі відаў бурштыну, найбольш распаўсюджаны (у тым ліку і на Беларусі) — сукцыніт. Бывае самых розных колераў, але найбольш звычайны — мядова-жоўты. Сам па сабе бурштын празрысты; замутненьні і непразрыстасьць зьвязаныя з наяўнасьцю вялікай колькасьці (да мільёну на кубічны мілімэтр) дробных (да 1 мкм) пухіркоў паветра. З пункту погляду хіміі — каркасны палімэр складанай будовы, які месьціць у сябе 2,9—8,2% бурштынавай кісьліны НООС-СН2-СН2-СООН. У бурштыне сустракаюцца ўключэньні патанулых у ім старажытных істот, часьцей за ўсё вусякоў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бурштын быў шырока вядомы старажытным народам ад Рыму да Індыі. У старажытнай Грэцыі яго называлі «электрон» (грэц. ἤλεκτρον). Філёзафу Талесу прыпісваецца адкрыцьцё таго, што бурштын, калі яго пацерці, здольны прыцягваць да сябе лёгкія рэчы. Так людзі пазнаёміліся са статычнай электрычнасьцю, і само слова «электрычнасьць» паходзіць ад грэцкай назвы бурштыну. Старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» разам зь легендамі аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў, упершыню выказаў слушную думку, што бурштын — гэта акамянелая смала.

Батанічнае паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дрэвы, зь якіх утварыўся найбольш распаўсюджаны балтыйскі бурштын, расьлі каля 45 млн гадоў таму. Віды, да якіх яны належалі, пазьней вымерлі. Найбольш блізкае да іх сучаснае дрэва — японскі каямакі, ён жа сцыядапітыс (Sciadopitys verticillata).

Распаўсюджаньне і радовішчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш значныя радовішчы бурштыну здаўна ляжалі ў землях балтыйскага племені прусаў (у XIII ст. заваяваныя Тэўтонскім ордэнам, пазьней належалі Нямеччыне, у 1945 г. захоплены Расеяй, уключаны ў Калінінградскую вобл.). Акрамя гэтага, бурштын сустракаецца ў прылеглых краінах — Летуве, Польшчы, Латвіі, Беларусі, Украіне. Іншыя, няроднасныя балтыйскаму, віды бурштыну можна знайсьці ў Румыніі, Італіі, М’янме і некаторых іншых краінах. Сярод гэтых відаў цікавы сіні бурштын з Дамініканскай рэспублікі.

Беларускі бурштын[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі архэолягі знаходзяць старажытныя бурштынавыя ўпрыгожаньні, але не заўсёды вядома, ці зробленыя яны зь мясцовага бурштыну або зь прывезенага ад узьбярэжжа Балтыкі. Аднак ёсьць літаратурныя зьвесткі аб знаходках бурштыну непасрэдна на нашай зямлі. Г. Ржанінскі ў 1742 г. апісваў, як на Палесьсі бурштын зьбіралі ўвесну, калі растае сьнег на палёх[1]. У 1880 г. у «Лясным часопісе» апавядаецца аб знаходках бурштыну каля Драгічына.

У 1969 г. гэолягі С. Маныкін і Э. Ляўкоў знайшлі карэнныя бурштынаносныя адклады палеагенавага пэрыяду. Хутка былі вызначаныя 3 раёны, пэрспэктыўныя на пошук радовічшаў бурштыну — Заходне-Беларускі (Гарадзенская вобл.), Палескі (ад Жабінкі да Пінска) і Мікашэвікца-Жыткавіцкі. У карэнных палеаген-нэагенавых бурштынаносных адкладах бурштын прымеркаваны да найбольш буйназярністай фракцыі пароды. Гэтыя карэнныя адклады звычайна залягаюць на глыбіні ад 25 да 80 м[2]

У 1989—1994 гг. у Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці выяўленае і дасьледаванае радовішча бурштыну Гатча. Слой, які месьціць у сябе бурштын, мае таўшчыню ад 0,5 да 4 м і зьвязаны з адкладамі старажытнага возера. Разьмеркаваньне бурштыну нераўнамэрнае, ад 1 да 200 г бурштыну на 1 м³ пароды. Каля 80—90% бурштыну мае ювэлірную якасьць.

Найбольшы кавалак бурштыну, знойдзены на Беларусі, мае вагу 800 г.[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989., с. 33
  2. ^ Высоцкий Э. А., Демидович Л. А., Деревянкин Ю. А. «Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь». — Мн., 1996., с. 140
  3. ^ Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989., с. 34

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гурскі Б. М. «Як збудаваны і чым багатыя нетры Беларусі». — Мн., 1992. — 126 с.
  • Высоцкий Э. А., Демидович Л. А., Деревянкин Ю. А. «Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь». — Мн., 1996. — 184 с.
  • Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989. — 111 с.