Перайсьці да зьместу

Бубонная чума

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бубонная чума
Спэцыяльнасьць інфэкталёгія
Сымптомы дрыжыкі, prostration
Прычыны Чорная сьмерць, Great Plague of 1738[d] і трэцяя пандэмія чумы[d][1]
Лекі Xadani[d][2], гентаміцын[d][2], доксыцыклін[d][2] і цыпрафлёксацын[d][2]
Клясыфікацыі
МКХ-11 1B93.0
МКХ-10 020.0
МКХ-10-КМ A20.0
МКХ-9 020.0
МКХ-9-КМ 020.0[3][4]
DiseasesDB 14226
MedlinePlus 000596
Бубонная чума ў Вікісховішчы

Бубо́нная чума́ — адна з трох формаў чумы, выкліканых бактэрыяй Yersinia pestis. Праз ад аднаго да сямі дзён пасьля заражэньня бактэрыяй разьвіваюцца грыпападобныя сымптомы. Да іх належаць гарачка, галаўны боль і ваніты, а таксама павялічаныя й балючыя лімфатычныя вузлы ў вобласьці, найбліжэйшай да месца пранікненьня бактэрыі ў скуру. Акральны некроз — пацямненьне скуры — яшчэ адзін сымптом. Часам павялічаныя лімфатычныя вузлы, вядомыя як «бубоны», могуць прарывацца.

Тры тыпы чумы вызначаюцца шляхам заражэньня: бубонная чума, сэптыцэмічная чума й лёгачная чума. Бубонная чума галоўным чынам пераносіцца заражанымі блыхамі, якія жывуць на дробных жывёлах. Яна таксама можа ўзьнікнуць у выніку кантакту з цялеснымі вадкасьцямі мёртвай жывёлы, заражанай чумой. Да бубоннай чумы ўспрымальныя такія сысуны, як трусы, зайцы й некаторыя віды каціных, і звычайна яны гінуць пасьля заражэньня. Пры бубоннай форме чумы бактэрыі пранікаюць у арганізм праз скуру ў выніку ўкусу блыхі й па лімфатычных сасудах трапляюць у лімфатычны вузел, выклікаючы ягоны ацёк. Дыягназ ставяць пры выяўленьні бактэрыяў у крыві, макроцьці або вадкасьці з лімфатычных вузлоў.

Прафіляктыка ўключае такія захады грамадзкай аховы здароўя, як адмова ад кантакту з мёртвымі жывёламі ў мясцовасьцях, дзе чума распаўсюджаная. Хоць вакцыны супраць чумы былі распрацаваныя, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе вакцынавацца толькі асобам з групаў высокай рызыкі, некаторым супрацоўнікам лябараторыяў і працаўнікам сфэры аховы здароўя. Для лячэньня выкарыстоўваюць некалькі эфэктыўных антыбіётыкаў, у тым ліку стрэптаміцын, гентаміцын і даксыцыклін.

Безь лячэньня чума прыводзіць да сьмерці 30–90 % заражаных. Сьмерць надыходзіць, звычайна, на працягу 10 дзён. Пры лячэньні рызыка сьмерці складае каля 10 %. У 2010–2015 гадах ва ўсім сьвеце было зафіксавана 3248 выпадкаў, якія прывялі да 584 сьмерцяў. Найбольш выпадкаў было ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, на Мадагаскары й у Пэру.

Чума лічыцца верагоднай прычынай Чорнай сьмерці, якая пракацілася па Азіі, Эўропе й Афрыцы ў XIV стагодзьдзі і, паводле ацэнак, забіла 50 мільёнаў чалавек, у тым ліку каля 25–60 % насельніцтва Эўропы. Паколькі чума забіла так шмат працоўнага насельніцтва, заробкі вырасьлі з прычыны попыту на працоўную сілу. Некаторыя гісторыкі разглядаюць гэта як пераломны момант у эканамічным разьвіцьці Эўропы. Гэтую хваробу таксама лічаць прычынай чумы Юстыніяна, якая ўзьнікла ва Ўсходняй Рымскай імпэрыі ў VI стагодзьдзі н. э., а таксама трэцяй эпідэміі, якая закранула Кітай, Манголію й Індыю і пачалася ў правінцыі Юньнань у 1855 годзе. Тэрмін «бубонны» паходзіць ад грэцкага слова βουβών, што азначае «пахвіна».

  1. ↑ http://www.cdc.gov/plague/
  2. 1 2 3 4 http://www.cdc.gov/plague
  3. ↑ Анталёгія захворваньняў (анг.) — 2016.
  4. ↑ Monarch Disease Ontology release 2018-06-29 — 2018-06-29 — 2018.