БоршадХем

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 48°14′55″ пн. ш. 20°38′54″ у. д. / 48.24861° пн. ш. 20.64833° у. д. / 48.24861; 20.64833

«БоршадХем»
вуг. BorsodChem
A BorsodChem Rt. főbejárata.JPG
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Хімія на пакаленьні
Заснаваная 1949
Краіна Вугоршчына
Разьмяшчэньне павет Боршад-Абаўй-Зэмплен
Адрас Казінцбарцыка, плошча Яна Бояя, д. 1[1]
Ключавыя фігуры Цыаншэнь Дзінь
Галіна хімічная прамысловасьць
Прадукцыя мэтылендыфэнілдыізацыянат (МДІ), талюілендыізацыянат (ТДІ), полівінілхлярыд (ПВХ)
Абарачэньне 1,46 млрд эўра (2014 год)
Лік супрацоўнікаў 3124 (2014 год)
Матчына кампанія «Ваньхуа» (Кітай)

«БоршадХем» — хімічнае прадпрыемства Вугоршчыны, заснаванае ў 1949 годзе ў Казінцбарцыцы (павет Боршад-Абаўй-Зэмплен) ў якасьці «Боршадзкага хімічнага заводу».

На 2020 год прадпрыемства выпускала мэтылендыфэнілдыізацыянат (МДІ), талюілендыізацыянат (ТДІ), полівінілхлярыд (ПВХ) і хлёр-лугавыя вырабы[2]. «БоршадХем» быў іх вядучым вытворцам у Сярэдзіннай і Ўсходняй Эўропе, а таксама адным з найбольшых прамысловых прадпрыемстваў Вугоршчыны. Прадпрыемства мела даччыную вытворчасьць у Чэхіі (Острава) і гандлёвыя прадстаўніцтвы ў яшчэ 6 краінах[3].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год ЗАТ «БоршадХем» улучала па 6 падразьдзяленьняў у Вугоршчыне і за мяжой. У Вугоршчыне дзейнічалі: ТАА «Вытворчасьць і збыт аконных рамаў БХ», ТАА «Пастаўшчык палімэраў», ТАА «Фармалін БХ-КХ» і ТАА «Электрастанцыя БХ» у Казінцбарцыцы (павет Боршад-Абаўй-Зэмплен, а таксама Асяродак распрацоўкі ў Гёдолё (павет Пэшт) і гандлёвае прадстаўніцтва ў Будапэшце. За мяжой працавалі ТАА «Мараўскія хімічныя заводы» ў Чэхіі (Острава) і 5 гандлёвых прадстаўніцтваў у Бразыліі (Баруэры, штат Сан-Паўлу), Турэччыне (Стамбул) і 3 краінах Эўропы: Італіі (Мілян), Польшчы (Катавіцы) і Харватыі (Загрэб)[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Боршадзкі хімічны камбінат» (1967 год)

У 1949 годзе ў горадзе Казінбарцыка на паўночным усходзе Вугоршчыны заснавалі 1-ы ў краіне хімічны завод. У 1954 годзе «Боршадзкі прамысловы трэст», «Боршадзкі коксахімічны завод» і «Сажомэнцкі хімічны завод» злучылі ў «Боршадзкі хімічны камбінат». На прадпрыемстве сталі выпускаць такія азотныя ўгнаеньні, як аміяк, мачавіна і нітрыт. У 1958 годзе прадпрыемства налічвала 1397 супрацоўнікаў. У 1963 годзе да камбіната далучылі «Бэрэнтэйскі хімзавод» і пачалі вырабляць па 6000 тонаў полівінілхлярыду (ПВХ) за год. У 1967 годзе дабудавалі капраляктамавы завод і пашырылі азотны завод. У 1969 годзе ўвялі 2-ю чаргу вытворчасьці ПВХ гадавой магутнасьцю 25 000 тонаў. За 1969 год «Боршадзкі хімічны камбінат» («БХК») выпусьціў на 3-х азотных заводах 126 866 тонаў аміяку, што склала 30,6% яго вытворчасьці ў Вугоршчыне. У выніку «БХК» стаў 6-м па велічыні хімічным прадпрыемствам краіны. У 1973 годзе лік супрацоўнікаў вырас да 5425 чалавек. У 1978 годзе адчынілі 3-ю чаргу вытворчасьці ПВХ магутнасьцю 150 000 тонаў за год. У 1991 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. На пачатку 1990-х гадоў запусьцілі завод ізацыянату, дзе сталі вырабляць мэтылендыфэнілдыізацыянат (МДІ). На пачатку 2000-х вытворчасьць пышырылі выпускам талюілендыізацыянату (ТДІ)[4]. У 2007 годзе прадпрыемства набыў ангельскі інвэстхолдынг «Пэрміра» (Лёндан). У 2011 годзе яго прадалі кітайскаму холдынгу «Ваньхуа» (Яньтай, правінцыя Шаньдун).

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лягатып «Боршадзкага хімічнага камбінату» (да 1991 году)
  • Ёзэф Сабо (1954—1955)
  • Шандор Гор-Нагі (1955—1957)
  • Ласла Шутэ (1957—1963)
  • Іштван Санто (1963—1971)
  • Іштван Кёртвельес (1971—1981)
  • Талнай Лаёш (1981—1991)
  • Ласла Ковач (1991—2006)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Зьвяжыцеся з намі(вуг.) // ЗАТ «БоршадХем», 2020 г. Праверана 30 сакавіка 2020 г.
  2. ^ Наш профіль(вуг.) // ЗАТ «БоршадХем», 2020 г. Праверана 30 сакавіка 2020 г.
  3. ^ Сучаснасьць(вуг.) // ЗАТ «БоршадХем», 2020 г. Праверана 30 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Гісторыя(вуг.) // ЗАТ «БоршадХем», 2020 г. Праверана 30 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кантакт(чэс.) // ТАА «Мараўскія хімічныя заводы», 2020 г. Праверана 30 сакавіка 2020 г.