Блакітная гадзіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старая Браганская катэдра ў блакітную гадзіну.

Блакі́тная гадзі́на (па-француску: l’heure bleue[1]) — пэрыяд зьмярканьня раніцою ці ўвечары, калі сонца ўжо значна паглыбілася за гарызонт. За гэты час пазасталае сонечнае сьвятло набывае ў асноўным блакітнае адценьне. Гэтае адценьне адрозьніваецца ад колеру неба ў ясны дзень, бо яно выкліканые рэлееўскім расьсейваньнем. Паколькі сонца ў гэты час ужо далёка за гарызонтам, сінія даўжыні хваляў сонечнага сьвятла дамінуюць праз паглынаньне Шапюі, выкліканага азонам[2]. Тэрмін выкарыстоўваецца ў гутарковай мове і па сутнасьці яму бракуе афіцыйнага вызначэньня. Блакітная гадзіна адносіцца да стану натуральнага асьвятленьня, якое звычайна мае месца на досьвітку або ў прыцемках[3].

Многія мастакі цэняць гэты пэрыяд за якасьць мяккага сьвятла. Фатографы выкарыстоўваюць блакітную гадзіну дзеля даданьня ў свае фатаздымкі спакойнага настрою. Пры фатаграфаваньні ў блакітную гадзіну можна спрыяльна здымаць аб’екты, якія маюць штучныя крыніцы сьвятла, як то будынкі, помнікі, гарадзкія пэйзажы і масты. Блакітная гадзіна звычайна доўжыцца каля 20—30 хвілінаў адразу па заходзе сонца і непасрэдна перад ягоным узыходам. Напрыклад, калі сонца заходзіць у 18:30, пачатак блакітнай гадзіны прыпадзе на 18:40, а доўжыцца яна будзе да 19:00. Калі сонца ўзыходзіць у 7:30 раніцы, блакітная гадзіна пачнецца а 7 раніцы і будзе цягнуцца да 7:20 раніцы. Час году, месцазнаходжаньне і якасьць паветра ўплываюць на дакладны час блакітнай гадзіны[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Verfaillie, Roland (2011). «L’heure Bleue». San Francisco: Purple Onion Press. — С. 5.
  2. ^ Hoeppe, Götz (2007). «Why the Sky Is Blue: Discovering the Color of Life». Princeton: Princeton University Press. — С. 249—253. — ISBN 0-691-12453-1.
  3. ^ The Blue Hour (анг.). Time and Date. Праверана 24 ліпеня 2022 г.
  4. ^ What is the blue hour? (анг.). Earth Sky. Праверана 24 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]