Вітэкс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Белбыткамплект»)

Каардынаты: 53°52′56″ пн. ш. 27°30′40″ у. д. / 53.88222° пн. ш. 27.51111° у. д. / 53.88222; 27.51111

«Вітэкс»
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 24 жніўня 1988 (35 гадоў таму)[1]
Краіна
Разьмяшчэньне Менск, Маскоўскі раён, вул. Сьмірнова, д. 2
Ключавыя фігуры Віктар Цярэшчанка
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя касмэтыка
Даччыныя кампаніі ТАА «Беліта»

«Вітэкс» — буйное касмэтычнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў жніўні 1988 году ў Менску пад назвай «Белбыткамплект».

Вырабляе касмэтыку пад уласным таварным знакам «Вітэкс» і таварным знакам сумеснага ТАА «Беліта», а таксама сокі і яблычныя чыпсы «Фрута Віт». Мае ўласную выпрабавальную лябараторыю і асяродак распрацоўкі, вытворчасьць аддушак і тары, фасавальны цэх. На 2018 год «Вітэкс» меў звыш 270 уласных крамаў у 7 краінах Эўропы і Казахстане. Агулам налічвалася 559 крамаў «Беліта-Вітэкс» (48% уласных):

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 жніўня 1988 году ў Менску (Беларуская ССР) заснавалі калектыўнае прадпрыемства «Белбыткамплект» на чале зь Віктарам Цярэшчанкам на аснове рэспубліканскай базы «Белбытзабесп». У лістападзе 1989 году «Белбыткамплект» стварыў сумеснае ТАА «Беліта» зь італьянскім АТ «Жывьефэ» (Вэрнатэ, вобласьць Лямбардыя). Зь Італіі паставілі абсталяваньне і касмэтычныя распрацоўкі. У 1990 годзе пад таварным знакам «Беліта» вырабілі 4 віды шампуня («Крапіва», «Меліса», «Аер» і «Шалфей»), лясьён «Іткур» і бальзам для валасоў «Рэвівор». У 1991 г. «Белбыткамплект» наладзіў выраб плястмасавай тары для касмэтыкі. У 1992 г. ТАА «Беліта» пачало выраб касмэтыкі для цела. У 1993 годзе дадалася касмэтыка для твару. Адначасна ў Віцебску адчынілі першую ўласную краму і гандлёвае ТДА «Беліта-Вітэкс». У 1995 г. пад таварным знакам «Вітэкс» выпусьцілі фарбу для валасоў «Флёра» і зубную пасту «Віта». «Белбыткамплект» стварыў выпрабавальную лябараторыю. 23 сьнежня 1996 г. калектыўнае прадпрыемства «Белбыткамплект» акцыянавалі і пераўтварылі ў закрытае акцыянэрнае таварыства. У 1997 г. ТАА «Беліта» распрацавала 6 адценьневых бальзамаў для валасоў. У 1998 г. ЗАТ «Белбыткамплект» наладзіла выпуск плястмасавых касмэтычак і ўпершыню паставіла касмэтыку ў ЗША. У 1999 г. заснавалі навукова-каардынацыйны асяродак «Беліта-Вітэкс», які дазволіў прадпрыемству стаць першым у Беларусі распрацоўнікам касмэтыкі. У 2002 г. ЗАТ «Белбыткамплект» перайменавалі ў «Вітэкс»[3].

У 2005 г. вытворчасьць пашырылі да 110 касмэтычных сродкаў. ЗАТ «Вітэкс» стварыла некалькі ўласных крамаў у Беларусі і займела гандлёвых прадстаўнікоў у Расеі і Ўкраіне. ТАА «Беліта» пачало выраб дэкаратыўнай касмэтыкі. На 2007 год ЗАТ «Вітэкс» было найбольшым вытворцам касмэтыкі ў Беларусі[4]. У 2009 г. ЗАТ «Вітэкс» адчыніла новы цэх тары плошчай 0,25 га, 2-і цэх касмэтыкі і ўчастак аддушак. У 2010 годзе ЗАТ «Вітэкс» застрахавала звыш 90% свайго экспарту[5]. У 2011 г. «Вітэкс» запусьціў у новым корпусе вытворчасьць каля 100 відаў аддушак траваў і асвоіў выраб мыла. Запрацавала лінія фасаваньня касмэтыкі ў вакуўмныя пакункі. Пад гандлёвым знакам «Беліта» пачалі выпускаць прафэсійную касмэтыку для салёнаў прыгажосьці. У 2015 г. адкрылі будынак для кіраўніцтва ТАА «Беліта» плошчай 0,19 га (Менск, вул. Сьнежаньцаў, д. 29а). Пачаўся выраб сухіх шампуняў. У 2016 г. адчынілі 2-і корпус «Вітэкс» пад выпуск бальзамаў для валасоў. «Беліта» пачала выраб парфумаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Натальля Клімовіч. Цеплень урачыста адзначыла 25-годзьдзе ЗАТ «Вітэкс» і мясцовыя «Дажынкі» // Газэта «Чырвоная зорка» (Узда), 5 верасьня 2013 г. Праверана 12 сакавіка 2018 г.
  2. ^ Дзе мы (рас.) // ЗАТ «Вітэкс», 2018 г. Праверана 12 сакавіка 2018 г.
  3. ^ «Вітэкс», закрытае акцыянэрнае таварыства (Менск) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017 г. Праверана 12 сакавіка 2018 г.
  4. ^ «Практыка перадачы прыватнікам стратных сельгасарганізацыяў сябе апраўдала» // Зьвязда : газэта. — 4 жніўня 2007. — № 145 (26010). — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Уладзімер Хількевіч, Вераніка Арлоўская. Айчыннаму экспартэру бясьпечна пад абаронай «Белэксімгаранта» // Зьвязда : газэта. — 27 красавіка 2011. — № 78 (26942). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]