Беларускі фронт (1939)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларускі фронт існаваў у верасьні — лістападзе 1939 году ў час Польскай абарончай вайны і пасьля яе завяршэньня.

Пасьля нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу для ажыцьцяўленьня паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну на базе Беларускай і Кіеўскай ваенных акругаў 11 верасьня 1939 году былі створаны адпаведна Беларускі і Ўкраінскі франты.

У склад Беларускага фронту ўваходзілі 3-я, 4-я, 10-я, 11-я арміі, франтавая конна-мэханізаваная група, Дняпроўская ваенная флятылія і іншыя. Пры кожнай арміі была авіяцыйная група. Фронт меў задачу не дапусціць захопу Заходняй Беларусі войскамі Германіі.

Беларускі фронт налічваў 200,8 тыс. чал. Яму процістаяла некалькі дзясяткаў тысячаў польскіх жаўнераў і афіцэраў. Большасьць польскіх вайскоўцаў не былі ўзброеныя і аб’яднаныя ў вайсковыя фармаваньні. Польская армія не магла аказаць істотнага супраціву савецкім войскам.

У адпаведнасьці з рашэньнямі ўраду СССР савецкія войскі 17 верасьня перайшлі савецка-польскую мяжу, занялі Глыбокае, Маладэчна, Валожын, Карэлічы, Мір, Баранавічы. 18 верасьня былі занятыя Сьвянцяны, Ліда, Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, 19 верасьня — Вільня, Пружаны, Кобрынь, 20—21 верасьня — Горадня, 21 верасьня — Пінск, 22 верасьня — Беласток і Берасьце (апошні быў перададзены немцамі).

Пад час паходу баявыя дзеяньні адбываліся на пагранічнай лініі, у раёнах Нясьвіжу, Валожына, Шчучына, Століна, Маладэчна і інш. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Наваградак, Вільню, Горадню, у Аўгустоўскіх лясох.

Лічыцца, што да 25 верасьня Чырвоная армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь ад польскіх войск. Але яшчэ да 28 верасьня дзе-нідзе адбываліся ваенныя сутычкі. Да 1 кастрычніка 1939 савецкія войскі выйшлі да ўзгодненай зь нямецкім камандаваньнем мяжы.

Беларускі фронт страціў 996 чал. забітымі і 2002 параненымі. Былі ўзятыя ў палон 60 202 польскія вайскоўцы, у тым ліку 2066 афіцэраў. Сярод палонных значную частку складалі адстаўныя вайскоўцы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]