Беларускія шахматы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларускія шахматы

Беларускія шахматы — разнавіднасьць шахматаў, створаная ў 2010 годзе прафэсарам Гарадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Алесем Астроўскім і журналістам Мікалаем Тамашэвічам. Распаўсюджваюцца ў электронным варыянце.

Галоўнымі адрозьненьнямі гульні зьяўляюцца 81-клеткавая дошка (9х9) і наяўнасьць стальцу. Дзявятай фігурай стаў княжыч, які пры пэўных умовах можа зрабіцца князем. Астатнія фігуры падобныя да сваіх аналягаў у традыцыйных шахматах, але названыя паводле гістарычных беларускіх вайсковых адзінак.

Мэтаю гульні ёсьць захоп стальцу (клетка e5) альбо забойства князя і княжыча суперніка.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачатковы выгляд гульні сасьніў у 2000 годзе прафэсар гарадзенскага ўнівэрсытэту Алесь Астроўскі: дошка ў выглядзе піраміды, памерам 9х9 клетак, цэнтрам якой зьяўляецца трон (клетка е5). Праз пэўны час для новай гульні, названай ім беларускімі шахматамі, былі прыдуманыя наступныя фігуры: князь (зьмяшчаюцца на клетках е1 і e9), гетман (f1 і d9), княжыч (d1 і f9), шляхціч (g1 і c9, b1 і h9), коньнік (c1 і g9, h1 і b9), ладзьдзя (i1 і a9,) і 9 ратнікаў (шэрагі 2 і 8).

Пазьней Алесь Астроўскі расказваў:

« Я рэальна зрабіў экзэмпляр шахмат па апісаным узоры (наклеіў на шахматную дошку новы варыянт шахматнага поля, дадаў фігуры), апрабаваў іх (спадабалася) і занёс Маркевічу ў рэдакцыю газэты „Пагоня“, каб той надрукаваў апісаньне новых шахмат і асаблівасьцяў гульні. Было гэта недзе ў 1999—2000 гг. На жаль, Маркевіч нічога не надрукаваў, і тыя шахматы згубіліся... »

—Алесь Астроўскі, камэнтар на nashaziamlia.org

Станаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2009 годзе беларускі журналіст Мікалай Тамашэвіч (які на той час працаваў у газэце «Звязда») адшукаў інфармацыю пра накід гэтых шахматаў на сайце «Наша Зямля», дзе дадзены артыкул быў выкладзены 1 красавіка выключна ў забаўляльным сэнсе[1].

Праз пэўны час, пасьля сустрэчы Тамашэвіча з гарадзенскім прафэсарам, было вырашана разам сканчаць гэтую працу, а праз шэсьць месяцаў беларускі журналіст цалкам дапрацаваў правілы беларускіх шахмат. Сярод галоўных уводзінаў былі:

  • Зьмена назваў фігурак (замест коньніка — вершнік, замест шляхціча — гармата).
  • Трон становіцца «неадольнай мяжой» — праз трон не дазваляецца пераходзіць ніводнай фігуры, акрамя князя і княжыча.
  • Княжыч мае права захопліваць трон.
  • Па дасягненьні канца поля ратнік пераўтвараецца ў любую фігуру, якая адсутнічае на полі.
  • Канчаткова зьнікла ракіроўка.

У сваю чаргу Алесь Астроўскі прапанаваў заканчваць гульню словамі «трон мой!» ды аб’яўляць «рокаш», калі на фігуру, што «асадзілася» на троне, адбываецца напад.

Заканчэньне працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 2010 Мікола Тамашэвіч і дызайнэр Аляксей Кульбіцкі пачалі працаваць над стварэньнем фізычнай і кампутарнай мадэлі шахмат. Першы варыянт кампутарнай мадэлі зьявіўся напрыканцы ліпеня, а сапраўдная дошка зь фігуркамі — усярэдзіне верасьня. Канчаткова аформленая гульня зьявілася на сайце «Эўрарадыё» ў канцы лістапада 2010 году, адкуль кожны ахвотны можа запампаваць беларускія шахматы сабе на кампутар.

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дошка мае памер 9х9 клетак (квадрат на 81 клетку)
  • Фігуры (усяго 36 фігур — па 18 з кожнага боку):
а) 9 Ратнікаў
Разьмяшчаюцца ўздоўж поля (радок №2 у белых, у чорных — №8). Ходзяць на адну клетку наперад. Могуць ажыцьцяўляць «скачок» на дзьве клеткі пры ўмове, што дадзены ратнік яшчэ не хадзіў. Б’юць суперніка на адну клетку па дыяганалі. Пры дасягненьні апошняй клеткі па вэртыкалі могуць пераўтварацца ў любую фігуру, якая адсутнічае на полі.
б) 2 Ладзьдзі
Разьмяшчаюцца ў кутах дошкі (клеткі a1 ды i1 для белых; a9 ды i9 для чорных). Ходзяць прама ў любы бок на любую адлегласьць.
в) 2 Гарматы
Разьмяшчаюцца на клетках справа ад левай ладзьдзі і справа ад гетмана (клеткі b1 ды g1 для белых; c9 ды h9 для чорных). Ходзяць па дыяганалі ў любы бок на любую адлегласьць.
г) 2 Вершнікі
Разьмяшчаюцца на клетках зьлева ад княжыча і зьлева ад правай ладзьдзі (клеткі c1 ды h1 для белых; b9 ды g9 для чорных). Ходзяць літарай «Г» у любы бок (3 клеткі у адзін бок і 1 клетка ў пэрпэндыкулярных кірунках).
д) Гетман
Разьмяшчаецца справа ад князя (клетка f1 — белыя; d9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на любую адлегласьць.
д) Княжыч
Разьмяшчаецца зьлева ад князя (клетка d1 — белыя; f9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на 1 ці 2 клеткі. Можа займаць трон і праходзіць празь яго.
е) Князь
Разьмяшчаецца строга па цэнтры першага радка (клетка e1 — белыя; e9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на 1 клетку. Можа займаць трон.
  • Цэнтральная клетка поля (e5) называецца «трон»:
а) Праз трон не дазваляецца «пераскокваць» ніводнай фігуры, акрамя вершніка і княжыча.
б) На трон маюць права ўзыходзіць толькі князь і княжыч (дзеяньне папярэджваецца словам «трон»). Прычым пры гэтым трон не павінен быць бітым полем суперніка.
в) У часе атакі фігуры, якая знаходзіцца на троне (абвяшчаецца «рокаш»), яна павінна зьлезьці з трона, або іншая фігура павінна абараніць яе ад прамой атакі.
  • Пры забойстве князя княжыч аўтаматычна становіцца князем; гэты працэс «інаўгурацыі» лічыцца асобным абавязковым ходам.
  • Гулец абавязаны выратоўваць свайго князя, калі княжыч адсутнічае на полі (ён быў забіты), аб чым папярэджвае слова «шах». Пры адсутнасьці магчымасьці абароны свайго князя апошняму абвяшчаецца «мат».
  • Гульня сканчаецца:
1) словамі «трон мой!»
2) пры ўмовах:
а) Нічыя:
  • Абодва супернікі згадзіліся на нічыю.
  • Зроблена тры паўторных хады абодвума супернікамі.
  • Прайшло 50 хадоў з абодвух бакоў без узяцьця якой-небудзь фігуры.
б) Перамога:
  • Князь альбо княжыч аднаго з гульцоў пратрымаецца на троне адзін ход без абвяшчэньня «рокашу» супернікам.
  • Адзін з гульцоў заб’е ўсю княжацкую сям’ю (князь і княжыч).
  • Адзін з супернікаў пагадзіўся на паразу.
  • У скаротах шахматныя фігуры абазначаюцца (лацінка і кірыліца адпаведна): князь (A, А), княжыч (K, К), гетман (G, Г), ладзьдзя (L, Л), гармата (M, М), вершнік (V, В), ратнік (r, р).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Астроўскі (1 красавіка 2008) Беларуска-літвінскія шахматы. «Беларусь — наша зямля». Праверана 25 сьнежня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]