Бат-Ям
| Бат Ям іўр. בת ים, араб. بات يام | |||||
| Населены пункт | |||||
Выгляд Бат Яму з паветра | |||||
| |||||
| Краіна | Ізраіль | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Акруга | Тэль-Авіўская | ||||
| Дата заснаваньня | 1926 | ||||
| Места з | 1958 | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| Мэр | Ёсі Бахар | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 8,167 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 20 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 32°01′23″ пн. ш. 34°45′01″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | ▼ 128 904 чал. (2016) | ||||
| Афіцыйная мова | іўрыт | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +972 3 | ||||
| Паштовыя індэксы | 59100–59180[1] | ||||
| Сайт | bat-yam.muni.il | ||||
| Дата разбурэньня | |||||
| Бат Ям на мапе Ізраілю Бат Ям | |||||
Бат Ям
слухаць (па-габрэйску: בת ים, па-арабску: بات يام, па-беларуску: Дачка мора) — места ў Тэль-Авіўскай акрузе Ізраілю. Знаходзіцца на раўніне Шарон на Міжземным моры, у мескай зоне Гуш Дан.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Бат Ям ляжыць на ўсходнім беразе Міжземнага мора, на раўніне Шарон. Выразнай граніцы паміж Бат Ямам і Тэль Авівам няма з-за актыўнага разьвіцьця абодвух местаў. Бат Ям знаходзіцца на адлегласьці 60 км на паўночны захад ад Ерусаліму і за 98 км на поўдзень ад Хайфы. На поўначы мяжуе з Тэль Авівам, на ўсходзе з Халёнам, на поўдні — з Рышон-ле-Цыёнам.
Места было заснаванае на надморскіх выдмах і нязначнай колькасьці ўрадлівай глебы, разьмешчаных на поўдні ад марскога порту Яфы. Пры разбудове места тэрыторыя была зраўняная, і цяпер няма вялікіх перападаў мясцовасьці.
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Клімат — міжземнаморскі, характарызуецца гарачым вільготным летам ды халоднай даждлівай зімой. Вясна прыходзіць у сакавіку, а ў другой палове траўня пачынаецца лета. Сярэдняя тэмпэратура ўлетку складае 26 °C, узімку — 12 °C. Сьнег выпадае рэдка, тэмпэратура можа падаць да 5 °C. Найбольшая колькасьць ападкаў выпадае ў кастрычніку — красавіку. Сума штогадовых ападкаў складае 530 мм.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Паселішча было заснаванае ў 1926 року 13 сем’ямі ультраартадаксальных жыдоў. Іх прагненьнем было акультурыць пясчаныя выдмы на поўдзень ад Яфы і стварыць піянэрскую артадаксальную грамаду. Іхні намер адбіўся ў назьве паселішча Баіт ВаГан (іўр. בית וגן — Дом і агарод).
Першыя гады былі вельмі складанымі. Паселішча было аддаленае ад Тэль Авіву, ня мела дарожнага злучэньня, адсутнічала электрычнасьць, не ставала вады. Пясчаны грунт выключаў магчымасьць разьвіцьця сельскай гаспадаркі. Падчас арабскіх бунтаў у 1929 року асада некалькі разоў была аб’ектам нападаў арабскіх бандаў з суседняй Яфы. Брытанскія мандатныя ўлады, ня здолеўшы гарантаваць жыдам бясьпеку, вырашылі эвакуяваць жыхароў Баіт ВаГану.
У 1930 адбылося паўторнае насяленьне асады, якая паступова разьвівалася, нягледзячы на цяжкасьці. Пераломным момантам стала іміграцыя з Эўропы ў 1930-х роках. У 1934 была адкрытая першая чатырохклясная школа. Таксама быў дадзены доступ да чыстай вады, праведзеная электрычная сетка, а пазьней запушчаная сталая аўтобусная лінія да Тэль Авіву.
У 1936 року брытанскія ўлады надалі паселішчу статус мясцовае рады і зьмянілі назву на Бат Ям. У 1939 насельніцтва склала 1,3 тыс. чалавек. У II сусьветную вайну тут хаваліся жыхары Тэль Авіву, які бамбавала італьянская авіяцыя. Мясцовая прамысловасьць вырабляла на патрэбы брытанскай арміі цьвікі, ацэтон і дрожджы. Напрыканцы вайны вуліцы места былі выбрукаваныя, зьявілася кіно. Насельніцтва Бат Яму вырасла да 3,5 тыс. жыхароў.
Падчас грамадзянскай вайны ў Мандаце ў 1948 року Бат Ям быў цяжка абстраляны арабамі зь Яфы. Абстрэлы і напады спыніліся пасьля здабыцьця Яфы 13 траўня 1948. 1950-я рокі характарызаваліся наплывам у Ізраіль хвалі масавай іміграцыі жыдоў з усяго сьвету. Бат Ям прыняў больш імігрантаў, чым якое-кольвек іншае места. Пясчаныя выдмы былі выраўняныя, на іхнім месцы збудаваныя 2,5 тысячы новых дамоў. Места ў гэты час пашырылася ва ўсходнім і паўднёвым кірунку. У студзені 1958 року Бат Ям атрымаў мескія правы. Насельніцтва дасягнула 30 тысячаў.
У наступныя гады наплыў новых жыхароў не спыняўся. У 1940—1950-я рокі ў Бат Ям прыбылі імігранты з Іраку, Лібіі, Эгіпту, Марока, Румыніі, Баўгарыі ды Польшчы. У 60-я рокі прыехалі імігранты з Турэччыны і Паўднёвай Амэрыкі. У 70—80-х роках далучыліся імігранты з Савецкага Саюзу і Этыёпіі, а ў апошнія дзесяцігодзьдзі — чарговыя рэпатрыянты з тэрыторыі былога СССР.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 2009 року ў месьце пражывала 129 тыс. жыхароў, зь іх 85,1% жыдоў і 14,9% іншых нацыянальнасьцяў. Значную частку жыдоўскай народнасьці складаюць жыды турэцкага паходжаньня — 23% усёй колькасьці Бат Яму (2008).
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Места знакамітае Міжнародным фэстывалем вулічных тэатраў, які ладзіцца з 1996 року.
Дзейнічае цэнтар культуры «Каньён Бат Ям» з кінатэатрамі і рэстарацыямі. Музэі:
- Музэй сучаснага мастацтва
- Музэй Ісахара Бэр-Рыбака
- Музэй Шалома Аша, які правёў тут апошнія гады жыцьця
- невялікі музэй Галакосту.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Адна з найбольшых цікавостак Бат Яму — вялікія белыя пляжы. Цягнуцца яны ўздоўж тэрыторыі ўсяго места і далёка па-за ёй, славяцца дробным белым пясочкам, бясьпечным прыемным дном і доўгімі спакойнымі хвалямі. Вада застаецца цёплай да позьняе восені. На шасьці публічных пляжах можна займацца водным спортам. За местам, у бок Рышон-ле-Цыёну, знаходзяцца таксама прыгожыя і параўнальна бясьпечныя дзікія пляжы. Пры пляжах паўсталі розныя спартовыя аб’екты і басэйны. Улетку ахоўваныя пляжы адкрытыя да позьняй ночы.
На набярэжнай працягласьцю 3,2 км уздоўж усяго пляжу разьмешчаныя кавярні ды рэстараны, тут ладзяцца канцэрты і дыскатэкі.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У месцы дзейнічае спартовы комплекс «Бат Ям», у склад якога ўваходзяць чатыры басэйны, дзесяць тэнісных кортаў і стадыён.
Футбольны клюб «Макабі Іроні Бат Ям» выступае ў трэцяй лізе чэмпіянату краіны. Клюб заснаваны ў 2004 року аб’яднаньнем «Хапаэлю Бат Яму» і «Макабі Бат Яму». Матчы праходзяць на мескім стадыёне зьмяшчальнасьцю 3100 месцаў.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Празь месца праходзіць аўтастрада №20 Рышон-ле-Цыён — Рышпон.
Паколькі Бат Ям уваходзіць у мескую аглямэрацыю Гуш Дан, усе аўтобусныя маршруты праходзяць скрозь места, злучаючы яго з суседнімі местамі. Маршрутнымі аўтобусамі можна даехаць да большасьці раёнаў Тэль Авіву, Халёну, Рышон-ле-Цыёну, Рамат Гану, Гіватаіму, Бэнэ Бэраку, Ерусаліму, Рамлы і аэрапорту імя Бэн-Гурыёна.
Чыгунка злучае Бат Ям з аглямэрацыяй і амаль усім Ізраілем. У пятніцу ў першай палове дня грамадзкі транспарт спыняе працу на 24 гадзіны, і ў гэты пэрыяд працуюць толькі таксоўкі.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Месты-партнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Бат-Ям — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| |||||||||||
| ||||||||||||||