Перайсьці да зьместу

Баспорская дзяржава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Баспорская Дзяржава»)
Колішняя дзяржава
Баспорская дзяржава
Βόσπορος
кал. 480 г. да н. э. — 530-я гады н. э.
Сталіца Пантыкапэй (суч. Керч)
Найбуйнейшыя гарады Фанагорыя, Гермонаса, Гаргіпія, Тэадосія, Німфэй, Танаіс
Афіцыйная рэлігія
Форма ўраду манархія
Дынастыя

Баспорская дзяржава — антычная дзяржава ў Паўночным Прычарнамор'е ў V стагодзьдзі да н. э. — IV стагодзьдзі н.э. Разьмяшчалася на берагах Баспора Кімерыйскага (Керчанская пратока), сталіца — Пантыкапэй (цяпер Керч). У пэрыяды найвышэйшага роськвіту ўлучала Ўсходні Крым (часам таксама тэрыторыю Хэрсанэсу ў Заходнім Крыме), Таманскі паўвостраў, Ніжняе Прыкубаньне, Усходняе Прыазоўе й дэльту Дону. Буйныя цэнтры — Фанагорыя, Гермонаса, Гаргіпія, Тэадосія, Німфэй, Танаіс.

Першыя грэцкія калёніі былі заснаваныя на тэрыторыі Баспорскай дзяржавы ў сярэдзіне VI стагодзьдзі да н. э. Каля 480 году ў выніку аб’яднаньня ў зьвяз пад пагрозай скіфскай экспансіі некалькіх полісаў Керчанскага й Таманскага паўастравоў вакол Пантыкапэі ўтварылася Баспорская дзяржава. Кіроўнымі дынастыямі былі Архэанактыды (да 438 году), затым Спартокіды (да канца 2 да н. э.). Спартокіды завяршылі аб’яднаньне грэцкіх полісаў, пры іх яно набыло характар спадчыннай карпаратыўнай тыраніі. Прадстаўнікі гэтай дынастыі былі вярхоўнымі царамі падуладных барбарскіх народаў, захоўваючы іхныя традыцыі, уладныя структуры. Баспорская дзяржава мела ўласныя летазьлічэньне й манэту. Аснову войска пры іх панаваньні складалі барбарскія й наёмныя кантынгенты.

Эканоміка Баспорскай дзяржавы грунтавалася на вытворчасьці і вывазе хлеба, а найбуйнейшымі ягонымі экспартэрамі былі самі тыраны й іхныя набліжаныя. Экспарт хлеба ў шчасныя гады дасягаў вялізных памераў (16 тысяч тонаў штогод толькі ў Атэны). Асноўная маса таварнага хлеба выраблялася напаўзалежным і збольшага залежным мясцовым насельніцтвам, а таксама рабамі. Вывозіліся рабы, жывёлы, рыба, мяхі. Для ўнутраных патрэбаў разьвіваліся вінаградарства й вінаробства, агародніцтва, садоўніцтва, бортніцтва. Былі разьвітыя керамічныя, мэталюргічныя (у т. л. адліўка статуяў) вытворчасьці, апрацоўка дрэва, каменя, ткацтва. Увозіліся віны, аліўкавы алей, тканіны, мэталічныя вырабы, кераміка і творы манумэнтальнага мастацтва, зброя, упрыгожваньні ды іншае. Вялікую ролю гуляў гандаль (у т. л. пасярэдніцкі) з барбарскімі суполкамі. Ужо ў V стагодзьдзі баспаране мелі гандлёвыя кварталы ў мясцовых паселішчах і апорныя пункты ў дэльце Дону, дзе ў III стагодзьдзі быў заснаваны горад Танаіс.

У клясычным і эліністычным пэрыяды баспорскія полісы падтрымлівалі цесныя сувязі з гарадамі Грэцыі й Малой Азіі. У адносінах з Скіфіяй пэрыяды хаўрусаў зьмяняліся вострым суперніцтвам. Галоўныя культы ў Баспорскай дзяржаве складалі ўшанаваньне Апалёна (бог-правадыр каляністаў), Дэмэтры, Кібэлы, Афрадыты (сьвяцiлішча Апатур на Таманскім паўвостраве).

З пачатку III стагодзьдзя баспорскія кіраўнікі сталі называць сябе царамі. Зь першай паловы III стагодзьдзя Баспорская дзяржава мела інтэнсіўныя сувязі з Эгіптам. З другой паловы III стагодзьдзя ў эканоміцы і фінансах Баспорскай дзяржавы выявіліся крызісныя зьявы, што разам з ускладненьнем палітычных абставінаў у канцы II стагодзьдзя, выкліканым ціскам скіфаў і сарматаў, прывяло да падзеньня Спартокідаў. Пэрысад V, апошні прадстаўнік Спартокідаў, перадаў уладу пантыйскаму цару Мітрыдату VI Эўпатару. Выступленьне супраць Мітрыдата ў 107 годзе скіфскага кіраўніка Саўмака, выхаванца Пэрысада, было задушанае.

Баспорская дзяржава была ўцягнутая ў барацьбу з Рымам у якасьці апорнай базы войскаў Мітрыдата. Сын Мітрыдата Фарнак II, атрымаўшы ўладу ад Рыму, распачаў няўдалую спробу аб’яднаць уладаньні бацькі на Баспоры й у Понце. На мяжы эраў у Баспорскай дзяржаве зацьвердзілася васальная Рыму сармацкая дынастыя Тыбэрыюсаў-Юліюсаў, зьвязаная зь Мітрыдатам. Баспорская дзяржава выступала як хаўрусьнік Рымскай імпэрыі, але вяла дастаткова самастойную палітыку. У I—II стагодзьдзях баспорскія цары неаднаразова пасьпяхова ваявалі супраць скіфаў і таўраў у Крыме, сарматаў у Прыазоўі, кантралюючы тэрыторыі да вусьця Дону, часта падпарадкоўвалі сваёй уладзе Хэрсанэс. Прыток у гэты пэрыяд сарматаў у гарады Баспорскай дзяржавы справакаваў сарматызацыю мясцовай культуры.

У ходзе войнаў сярэдзіны III стагодзьдзя частка баспорскіх гарадоў (Гаргіпія, Танаіс і іншыя) і значная колькасьць сельскіх паселішчаў былі разбураныя барбарамі. У 340-я гады спыніўся выпуск баспорскіх манэтаў, а з другой паловы IV стагодзьдзя ў Баспорскай дзяржаве ўзмацнілася ўсходнегерманская (гоцкая або герульская) прысутнасьць. Аб хрысьціянізацыі Баспорскай дзяржавы сьведчаць удзел у 325 годзе біскупа Кадма Баспорскага ў Нікейскім саборы, археалягічныя і эпіграфічныя зьвесткі. Самастойнасьць дзяржава страціла ў 530-х гадах.