Перайсьці да зьместу

Базылішак (мучанік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Базылішак
лац. Bazyliṥak
Мучанікі Яўтроп, Кляонік і Базылішак. Фрагмэнт іконы «Мінэя гадавая». 1-я пал. XVI ст. (Музэй іконаў, Рэклінгхаўзэн)
Мучанікі Яўтроп, Кляонік і Базылішак. Фрагмэнт іконы «Мінэя гадавая». 1-я пал. XVI ст. (Музэй іконаў, Рэклінгхаўзэн)
Сьвяты
Нарадзіўся III стагодзьдзе
Памёр 22 траўня 308
У ліку мучанікі
Дзень памяці 22 траўня; 3 сакавіка

Базылішак, Базылішак Каманскі (па-грэцку: Βασιλίσκος — маленькі кароль; ? — 22 траўня 308, Команы Пантыйскія) — хрысьціянскі мучанік, сьвяты Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў.

Сьвяты Базылішак жыў на мяжы III і IV стагодзьдзяў, нарадзіўся недалёка ад Амасіі (сёньня — паўночная Турцыя). Ён быў пляменьнікам сьвятога Тодара Тырона. Падчас перасьледу хрысьціянаў пры імпэратары Максыміяне Галерыі (305—311) ён быў зьняволены ў Амасіі разам зь сьвятым Яўтропам і сьвятым Кляонікам. Паданьне пра іх мучаніцтва гэтых ваяроў існуе ў некалькі грэцкіх вэрсіях, а таксама ёсьць адна лацінская.

Кіраўнік Амасіі Аскліпіядот выклікаў трох мучанікаў на допыт і намагаўся катаваньнямі і абяцаньнем розных дабротаў (у тым ліку размовамі паасобку) прымусіць, каб яны прынесьлі публічна ахвяру ідалам, але яны адмовіліся здрадзіць сваёй веры. Калі ж іх прывялі ў паганскую сьвятыню, каб яны ўшанавалі багоў, пасьля малітваў Яўтропа, Кляоніка і Базылішка здарыўся землятрус, а статуя Артэміды абрынулася. Тады мучанікаў аддалі на новыя катаваньні: прывязаўшы да драўляных калоў, забітых у зямлю, іх палівалі гарачай смалою, якая, аднак, бяз шкоды сьцякала па сьпінах мучанікаў, як вада, і абпальвала толькі катаў. Затым іх целы абдзіралі жалезнымі цапамі, а раны палівалі гарчыцай і растворам воцату з сольлю. Але яны цьвёрды трымаліся сваёй веры ў Хрыста. Нарэшце Аскліпіядот загадаў укрыжаваць Яўтропа і Каленіка, а Базылішка пакінуць у турме, каб ня выканалася іхняе жаданьне разам пацярпець за Хрыста.

За сваю хрысьціянскую веру і дзейнасьць па навяртаньні паганаў у хрысьціянства Яўтроп і Кляонік былі ўкрыжаваныя 3 сакавіка каля 308 году, а Базылішка, паводле адной з вэрсіяў яго мучаніцтва, пакаралі сьмерцю больш чым праз 2 месяцы.

Калі ён рыхтаваўся да сьмерці і ад усяго сэрца маліўся, каб вытрываць пакуты, яму ў сьне зьявіўся Бог, абяцаючы ўмацаваць яго і прадказваючы, што таксама як хрысьціянін прыме мучаніцкую сьмерць. Базылішак тады папрасіў ахоўнікаў вязьніцы адпусьціць яго перад судом у родныя мясьціны, каб ён мог разьвітацца з сваімі блізкімі. Яго адпусьцілі, бо ведалі пра сьвятасьць яго жыцьця і цуды, якія ён зьдзяйсьняў. Да таго ж, новы кіраўнік Агрыпа пакуль яшчэ не прыбыў у Амасію і перасьлед хрысьціянаў ненадоўга спыніўся. Прыйшоўшы дадому, Базылішак абвясьціў бацькам і родным, што яго чакае мучаніцкая сьмерць за веру ў Хрыста, і прасіў іх захоўваць хрысьціянскую веру.

Агрыпа, які даведаўся, што адпусьцілі Базылішка, сурова пакараў варту, і паслаў за мучанікам атрад воінаў, каб даставілі яго ў вязьніцу ў Команы Пантыйскія. Сустрэўшы Базылішка, які ўжо вяртаўся, памочнік кіраўніка наклаў на яго цяжкія аковы, а ягоныя ногі абуў ў медныя боты зь цьвікамі, забітымі ў падэшвы.

На шляху ў Команы, падчас адпачынку, Базылішка ў сьпякотны дзень прывязалі да сухога дрэва. Сьвяты маліўся Богу і раптам згары пачуўся голас: «Ня бойся, Я з табой». Зямля задрыжала, і з скалы хлынула крыніца. Напалоханыя землятрусам, ваяры вызвалілі мучаніка. Хворыя фізычна і духоўна жыхары з усяго навакольля прыходзілі да сьвятога Базылішка і пасьля ягоных малітваў атрымлівалі аздараўленьне. Ваяры, якія бачылі ўсе гэтыя цуды, самі паверылі ў Хрыста.

Урэшце сьвятога прывялі ў Команы і ён стаў у храме Апалёна перад Агрыпам, які загадаў яму прынесьці ахвяру паганскім багам. Базылішак нібыта пагадзіўся, а на справе пачаў узмоцнена маліцца Богу. І тады адбыўся землятрус і сышоў агонь зь нябёсаў, які спаліў падрыхтаваны ахвярнік, а статуя Апалёна ўпала і разьбілася. Тады Агрыпа загадаў адсячы галаву сьвятому, а цела ягонае кінуць у раку. Адбылося гэта 22 траўня каля 308 году (паводле іншай інфармацыі — у 310 або 312 годзе).

Пасьля пакарання сьмерцю Базылішка пабожныя жыхары Команаў выкупілі ў катаў астанкі мучаніка і таемна пахавалі. Пазьней над месцам пахаваньня Базылішка быў узьведзены храм.

Адно з сьведчаньняў пра жыцьцё сьвятога мучаніка Базылішка пакінуў відавочца ягоных пакутаў сьвяты Еўсігней.

Літургічны ўспамін сьв. Базылішка ў Каталіцкай Царкве і ва Ўсходніх Цэрквах, у тым ліку праваслаўных, адзначаецца двойчы:

  • 3 сакавіка паводле грыгарыянскага календара (16 сакавіка — паводле юліянскага) разам зь сьвятымі мучанікамі Яўтропам і Кляонікам, у дзень іхняй сьмерці.
  • 22 траўня (4 чэрвеня паводле юліянскага календара) — у дзень сьмерці сьв. Базылішка. У гэты дзень яго мучаніцтва ўзгадваў Рымскі Мартыралёг.

У іканаграфіі сьв. Базылішак звычайна паказаны разам з двума іншымі мучанікамі. Усе яны апранутыя як ваяры ў латы, тунікі і плашчы. У правай руцэ трымаюць крыжы, а ў левай — мячы, накіраваныя ўніз. Базылішак, які нярэдка стаіць у цэнтры, — паказаны як юнак без барады альбо яна ледзь заўважная. У Яўтропа барада кароткая, але даўжэйшая, чым у Кляоніка, часта яго малююць кучаравым і сьветлым, а Базылішка і Кляоніка — з больш цёмнымі валасамі.

  • 22 maj. Św. męczennik Bazylisk. Roman Piętka: Menologion. Kostomłoty: 2007, s. 275. ISBN 978-83-7502-038-0.

Вонкавыя пасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Базылішак (мучанік)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў