Перайсьці да зьместу

Бабруйскі завод алею

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

53°07′46″ пн. ш. 29°11′54″ з. д.HGЯO

«Бабруйскі завод алею»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Дэвіз Якасьць і бясьпека прадукцыі — аснова дабрабыту прадпрыемства[1]
Заснаваная 1898 (128 гадоў таму)
Заснавальнікі Ізраіль Віленскі
Уласьнікі Бабруйскі гарадзкі выканаўчы камітэт (25%)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёўская вобласьць
Адрас Бабруйск, вул. Бахарава, д. 172[2]
Ключавыя фігуры Ігар Сысой (генэральны дырэктар), Дзяніс Шукан (галоўны інжынэр)[3]
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя рапсавы алей, сланечнікавы алей
Абарачэньне 66,401 млрд рублёў (2024 год[4]; 19,116 млн $)[5]
Апэрацыйны прыбытак 1,487 млн рублёў (2024 год; 428 тыс. $)
Чысты прыбытак 992 тыс. рублёў (2024 год; 285 тыс. $)
Лік супрацоўнікаў 140 (2024 год)
Матчына кампанія «Белдзяржхарчпрам»
Аўдытар Ірына Шаціла

«Бабруйскі завод алею» — харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1898 годзе ў якасьці «Бабруйскага алеябойнага заводу».

На 2025 год «БЗА» выпускаў да 70 т алею штодня. Ажыцьцяўляў поўнае кола перапрацоўкі алею: ачыстку (рафінаваньне), адбельваньне, вымарожваньне, дэзадараваньне і разьліў у плястыкавыя пляшкі з поліэтылентэрэфталяту (ПЭТ) ёмістасьцю 500 мл (460 гр), 850 мл (78 гр), 950 мл (870 гр) і 5 літраў (4,6 кг)[6].

На 2025 год «Бабруйскі завод алею» закупаў нерафінаваны нефасаваны алей, які адпавядаў ДАСТ 1129-93. Пасьля ўваходнай праверкі сыравіны і дапаможных матэрыялаў алей зьлівалі з аўтамабільных і чыгуначных цыстэрнаў помпай па трубаправодзе ў рэзэрвуар. Пасьля праверкі якасьці і захоўваньня алей падавалі ў цэх фізыка-хімічнага рафінаваньня (ачысткі). Там алей апрацоўвалі ортафосфарнай кісьляй для пераводу неградратавальных фосфаразьмяшчальных рэчываў у гідратавальны выгляд (кісьлевае гідратаваньне). Затым алей апрацоўвалі рашчынай лугу для нэўтралізаваньня вольных тлустых кісьляў. Гэты алей аддзялялі ад мыльнай рашчыны і гідратацыйнага асадку. Пасьля алей зьмешвалі са зьмякчэлай вадой для выдаленьня сьлядоў мыла (прамываньне)[7].

Атрыманы алей аддзялялі ад прамыўной мыльнай вады. Затым зь яго высушвалі рэшткі вільгаці. Для наступнага выдаленьня сьлядоў мыла алей апрацоўвалі цытрынавай кісьляй. Такі алей зьмешвалі з адсарбэнтам для выдаленьня рэшткавых фосфаразьмяшчальных рэчываў, сьлядоў мэталаў і мыла, а таксама для зьніжэньня колеру алею. Затым алей фільтравалі ад адпрацаванага адсарбэнту з прымешкамі. Далей алей астуджалі і зьмешвалі зь фільравальным парашком для выдаленьня воскападобных рэчываў. Затым з алею вадалялі смакавыя і водарныя рэчывы. Урэшце, рафінаваны дэзадараваны вымарожаны алей маркі «П» здавалі на склад гатовых вырабаў, дзе ажыцьцяўлялі праверку якасьці наконт тэрміну захоўваньня з прытрымліваньнем умоваў захоўваньня[7].

Са складу алей адпускалі ў перавозачную тару спажыўца або ёмістасьць ўчастка разьліву для фасоўкі. З поліэтылентэрэфталяту (ПЭТ) выдзьмувалі пляшкі. Затым алей падавалі празь фільтар у рэзэрвуар аўтаматычнай лініі фасоўкі, дзе яго расфасоўвалі ў плястыкавыя пляшкі з ПЭТ. Тамсама расфасаваны ў пляшкі алей укапорвалі палімэрнымі каўпачкамі. Затым на пляшку налеплівалі этыкетку, на якую наносілі дату вырабу і разьліву, а таксама маркіроўку знакам нагляду. Урэшце, пляшкі з алеем упакоўвалі ў парніковую плёнку або ў скрыні з гофракардону і здавалі на склад фасаваных вырабаў[7].

На 2025 год «Бабруйскі завод алею» вырабляў:

  • рафінаваны рапсавы алей маркі П;
  • сланечнікавы алей — нерафінаваны 1-га гатунку і рафінаваны маркі П[8];
  • купажаваны сланечнікава-рапсавы алей, у тым ліку з долямі 60 на 40, 30 на 70, 20 на 80 і 50 на 50 %[9].

У 1898 годзе купец Ізраіль Віленскі пабудаваў «Бабруйскі алеябойны завод» (Менская губэрня) на Варшаўска-Берасьцейскай шашы каля «Рухальнага, мэханічнага, кацельнага і ліцейнага заводу» Сьвентаржэцкага і Сьмецюшэўскага. У 1901 годзе купец Віленскі электрыфікаваў свой завод з дапамогай дынама-машыны, разьмеркавальнага шчыта і падвядзеньня электрычнай сеткі. Таксама ён зладзіў мукамольны завод ў мураваным будынку пры існым заводзе. У 1911 годзе ўзьвялі трэці цагляны будынак. У 1912 годзе на заводзе ўсталявалі лякамабіль магутнасьцю 105 конскіх сілаў. У 1919 годзе падчас польскай акупацыі завод перайшоў у арэнду Гапкіна. У ліпені 1920 году ў Беларускай ССР завод перайшоў у вядзеньне «Белхарчтрэсту» пад назвай «Бабруйскі алеябойны завод імя Герасіма Адзярыхі». У 1924 годзе абсталявалі цэх рафінаваньня. У 1927 годзе на заводзе працавала 55 чалавек[10].

У 1970 годзе завод запрацаваў у 2 зьмены і ў наступныя гады перайшоў да працы ў 3 зьмены. Прадпрыемства налічвала каля 200 супрацоўнікаў. З канвэера сыходзіла да 40 т расфасаванага алею штодня. Цэх рафінаваньня вырабляў каля 30 т рафінаванага алею штодня. Сярод іншага, алей пастаўлялі на «Ленінградзкі завод мастацкіх фарбаў». У 1980 годзе пабудавалі ёмістасьці для захоўваньня 3500 т сыравіны для безупыннай працы круглы год. Завод стаў адным зь вядучых у алеятлушчавай прамысловасьці Беларускай ССР[10].

30 сьнежня 1993 году Дзяржаўны камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі Беларусі пераўтварыў Загадам № 222 дзяржаўнае прадпрыемства «Бабруйскі завод алею» ў адкрытае акцыйнае таварыства. У 1996 годзе здалі ў карыстаньне цэх фасаваньня алею і новы будынак кіраўніцтва. У 2009 годзе ўсталявалі абсталяваньне разьліву ў плястыкавыя пляшкі з поліэтылентэрэфталяту (ПЭТ). У 2010 годзе штодня выпускалі да 40 т алею і атрымалі пасьведчаньне кашэрнасьці на дэзадараваны рафінаваны сланечнікавы алей «Шалом» для пастаўкі за мяжу. У 2016 годзе вытворчую магутнасьць павялічылі да 70 т за содні празь пераабсталяваньне ўчастка рафінаваньня і дэзадараваньня, што дазволіла пастаўляць алей у Эўразьвяз[10]. Найбольшую замову атрымалі на пастаўку некалькіх сотняў тысячаў т алею ў Ізраіль. У 2024 годзе алей пастаўлялі ў 17 краінаў[11].

  1. ^ Сыстэма якасьці // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  2. ^ Кантакты // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  3. ^ Звароты грамадзянаў // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  4. ^ «Бабруйскі завод алею» (рас.) // Адзіны фінансавы партал Беларусі, 28 сакавіка 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  5. ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа, на 31.12.2024 (3,4735 рублі за даляр) // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2024 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  6. ^ Аб кампаніі // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  7. ^ а б в Вытворчасьць // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  8. ^ «Адзярыха» // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  9. ^ Купажаваны алей // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  10. ^ а б в Гісторыя // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.
  11. ^ Рапсавы алей ад «Бабруйскага завода алею» экспартуюць у 17 краін сьвету // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 17 сакавіка 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Навіны // ААТ «Бабруйскі завод алею», 2025 г. Праверана 6 чэрвеня 2025 г.