Аўгіньня Каранеўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аўгі́ньня Каране́ўская (дзявочае Воўк-Левановіч; 6 студзеня 1919, Ясны Лес, Бабруйскі павет, цяпер Бабруйскі раён30 сакавіка 1983) — актыўная дзяячка беларускага руху ў Аўстраліі. З роду Воўк-Левановічаў, сястра Вольгі Нарушэвічыхі.

У 1920 годзе разам з бацькамі пераехала ў м. Мядзьведзічы (сёньня Ляхавіцкі раён). У 1937 годзе скончыла Віленскую беларускую гімназію, паступіла на хімічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У 1939 годзе вярнулася ў Мядзьведзічы, дзе працавала настаўніцай беларускае мовы ў школе. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічала ў Баранавічах. Дэлегатка ад Баранавіцкае акругі на Другі Ўсебеларускі кангрэс. Ад лета 1944 году — на эміграцыі ў Нямеччыне. У 1946 годзе пабралася шлюбам зь інжынэрам Міколам Каранеўскім. Ад 1949 году — ў Аўстраліі. Нарадзіла сына й дачку, якім далі вышэйшую асьвету. У 1973 годзе страціла мужа.

Ад самага прыезду ў Сыднэй далучылася да беларускае грамады. Доўгі час старшыня Сэктару Рады БНР у Аўстраліі, распаўсюдніца беларускае прэсы, сталая аўтарка газэты «Беларус». Сяброўка Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу. Спрабавала стварыць асобную беларускую жаночую арганізацыю ў Сыднэі, але няўдала. Актыўна дапамагала ў арганізацыі нацыянальных мерапрыемстваў, выставаў. Чытала лекцыі для сябровак Аўстралійскае Вышывальнае Гільдыі па беларускіх вышыванках. Ад 1976 году супрацоўніца Беларускага Радыёвага Камітэту ў Сыднэі. Пахаваная на беларуска-ўкраінскай сэкцыі могільніку Роквуд у Сыднэі.

Крыніца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004.