Аэрапорт Прышціны
| Міжнародны аэрапорт Прышціны сэрб. Међународни аеродром Приштина | |
| IATA: PRN – ICAO: BKPR | |
| Асноўнае | |
|---|---|
| Тып аэрапорту | вайсковы, грамадзянскі |
| Уласьнік | АТ «Лімак Холдынг» (Анкара, Турэччына) |
| Апэратар | АТ «Аэрапорты Ліёну» (Францыя) |
| Абслугоўвае | Прышціну (аўт.край Косава і Мятохія, Сэрбія) |
| Месцазнаходжаньне | Слаціна (Прышцінская акруга(sr)) |
| Адкрыты | 1965 |
| Вузел для | «Авіялініі Адрыя» (Згорны Бэрнік, Славенія) |
| Пабудаваны | 1965 |
| Вышыня н. у. м. | 545 м |
| Каардынаты | 42°34′22″ пн. ш. 21°02′09″ у. д.HGЯO |
| Вэб-сайт | airportpristina.com |
Міжнародны аэрапорт Прышціны — лётнішча за 15 км на паўднёвы захад ад Прышціны (аўт.край Косава і Мятохія, Сэрбія), заснаванае ў 1965 годзе пад назвай «Слаціна»(cs).
На 2019 год даўжыня ўзьлетна-пасадачнай паласы складала 2500 мэтраў. На лётнішчы дзейнічала курса-глісадная сыстэма 2-й катэгорыі, што прадугледжвала бачнасьць паласы з 350 мэтраў і заход на пасадку на вышыні 30—60 мэтраў. Для суаднясеньня месцазнаходжаньня выкарыстоўвалася Сусьветная геадэзічная сыстэма 1984 году. Лётнішча мела цьвёрдае пакрыцьцё нізкай трываласьці, што не абмяжоўвала ціск у колах пры пасадцы (дапускала звыш 1,75 мэгапаскаль). Перапад вышыні ўздоўж узьлётна-пасадачнай паласы складаў 5 мэтраў (540—545 мэтраў над узроўнем мора). Лётнішча прымала самалёты 8 мадэляў: амэрыканскія «Боінг 727», «Боінг 737-800» і «Макдаўэл-Дуглас DC-10F», ангельскі «Вікерс VC10», нямецкі «Аэробус А321», расейскія «Іл-62» і «Іл-76», украінскі «Ан-124»[1]. Стойкі рэгістрацыі пасажыраў адчынялі за 2 гадзіны да вылету і зачыналі за 40 хвілінаў[2].
Міжнародны аэрапорт Прышціны і авіябаза «Слаціна» маюць агульную ўзьлётна-пасадачную паласу. На 2019 год вайсковую базу «Слаціна», дзе разьмясьцілі верталёты, абслугоўвала Група падтрымкі штабу Косаўскіх сілаў АПАД[3].
Кірункі палётаў
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На 2019 год Міжнародны аэрапорт Прышціны прымаў самалёты 16 замежных авіялініяў 9 краінаў, у тым ліку 11 авіякампаніяў з 8 краінаў Эўропы і 5 з Турэччыны. Палёты ажыцьцяўлялі ў 22 гарады 13 краінаў. Зь іх у 2 гарады Турэччыны — Анталью і Стамбул — і ў 21 горад 12 краінаў Эўропы: Ангельшчыну, Аўстрыю, Бэльгію, Вугоршчыну, Данію, Славенію, Нарвэгію, Нямеччыну (6 гарадоў), Францыю, Швайцарыю (2), Швэцыю (2) і Фінляндыю[4].
| Паветраны перавозчык (краіна) | Лік кірункаў (лік краінаў) | Месцы прыбыцьця (краіны) |
|---|---|---|
| «Авіялініі Адрыя» (Славенія) | 5 (4) | Мюнхэн і Франкфурт-на-Майне (Нямеччына), Любляна (Славенія), Мюлюз (Францыя) і Мальмё (Швэцыя) |
| «Нарвэскі паветраны чаўнок» | 4 (4) | Капэнгаген (Данія), Осьлё (Нарвэгія), Гётэборг (Швэцыя) і Хэльсынкі (Фінляндыя) |
| «Оранж2палёт» (Грэцыя) | 5 (3) | Дусэльдорф, Мюнхэн і Штутгарт (Нямеччына), Мюлюз (Францыя) і Мальмё (Швэцыя) |
| «Скандынаўскія авіялініі» (Швэцыя) | 4 (3) | Капэнгаген (Данія), Осьлё (Нарвэгія), Гётэборг і Стакгольм (Швэцыя) |
| «Палёт Міжнароднага турыстычнага зьвязу» (Нямеччына) | 3 (3) | Брусэль (Бэльгія), Штутгарт (Нямеччына) і Мюлюз (Францыя) |
| «Віз Эйр» (Вугоршчына) | 2 (2) | Лутан (Ангельшчына) і Будапэшт (Вугоршчына) |
| «Сонечны экспрэс» (Турэччына) | 2 (2) | Анталья (Турэччына) і Кёльн (Нямеччына) |
| «Ізіджэт Швайцарыі» | 2 (2) | Мюлюз (Францыя) і Жэнэва (Швайцарыя) |
| «Эўракрылы» (Нямеччына) | 6 (1) | Гамбург, Гановэр, Дусэльдорф, Кёльн, Мюнхэн і Штутгарт (Нямеччына) |
| «Турэцкія авіялініі» | 2 (1) | Анталья і Стамбул (Турэччына) |
| «Аўстрыйскія авіялініі» | 1 (1) | Вена (Аўстрыя) |
| «Авіялініі Карэндон» (Турэччына) | 1 (1) | Анталья (Турэччына) |
| «Атлас-Глобал» (Турэччына) | 1 (1) | Анталья (Турэччына) |
| «Авіялініі Пэгас» (Турэччына) | 1 (1) | Стамбул (Турэччына) |
| «Швайцарскія міжнародныя авіялініі» | 1 (1) | Жэнэва (Швайцарыя) |
| «Эдэльвэйс» (Швайцарыя) | 1 (1) | Цюрых (Швайцарыя) |
Расцэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На 2019 год Міжнародны аэрапорт Прышціны выстаўляў авіялініям наступныя расцэнкі за свае паслугі —
- паветраплавальныя: падлёт — 5,2 эўра за кожную тону максімальнай узьлётнай масы (МУМ), прызямленьне — €5,27 за кожную тону МУМ, стаянка — €1,8 з тоны МУМ за содні, трап — €80 за першую гадзіну і па €50 за кожныя наступныя 30 хвілінаў, вылет — €12,53 з пасажыра, ахова — €6 з пасажыра пры вылеце, Управа грамадзянскага паветраплаваньня Косава — €2 з пасажыра пры вылеце;
- дапаможныя: абсталяваньне ўліку падарожнікаў і багажу — €0,4 з пасажыра пры вылеце, офіс — €100 штомесяц за кв.м., офіс падтрымкі — €50 штомесяц за кв.м., грузавы офіс — €50 штомесяц за кв.м., склад — €10 штосодні за кв.м. (пасьля першых бясплатных содняў), пад’езд і наземны догляд — ад €50 пры МУМ менш за 2 тоны да €2925 пры МУМ 231—250 тонаў,
- дадатковыя: размарожвальны самаход — €200 за чалавека-гадзіну, 3-тонны вілачны пагрузчык — €85 за гадзіну, канвэер багажу — €20 за гадзіну, багажная тачка — €5 за адзінку, ручны вазок — €10 за адзінку, трактар — €50 за гадзіну, гідраўлічны вазок — €150 за гадзіну, загрузка (разгрузка) вайсковага самалёта — €10 за тону, пагрузачна-разгрузачная работа — €13 за чалавека-гадзіну, праверка асабістага багажу пры пасадцы — €200 з самалёта, блёк наземнага электрасілкаваньня — €25 за 15 хвілінаў, паветраны рухавік пуску — €100 за пуск, пасажырская лесьвіца — €50 за гадзіну, самалётны буксір — €200 за гадзіну, 25-кіляграмовы баляст — €3 за кожны, пажарная дапамога — €30 за кожную паслугу[5].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1965 годзе на паўднёвы захад ад Прышціны (аўтаномны край Косава і Мятохія, Сацыялістычная Рэспубліка Сэрбія, СФР Югаславія) заснавалі лётнішча «Слаціна». Мясцовыя авіялініі пачалі палёты на Бялград. 12 верасьня 1972 году на лётнішчы разьмясьцілі 83-ю авіябрыгаду(sr) Югаслаўскай народнай арміі(be). Для захоўваньня вайсковых самалётаў пабудавалі падземныя ангары. У 1985 годзе лётнішча пераабсталявалі паводле ўмоваў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (Манрэаль, Канада). У выніку пачаліся палёты ў Нямеччыну і Швайцарыю. 12 чэрвеня 1999 году зводны батальён Паветрана-дэсантных войскаў Расеі са складу Міратворчых сілаў ААН у Босьніі і Герцагавіне заняў лётнішча «Слаціна» у выніку марш-кідка з Углевіка ў Рэспубліцы Сэрбскай. 15 кастрычніка 1999 году 53-і палявы эскадрон Корпусу каралеўскіх інжынэраў Брытаніі аднавіў міжнародныя палёты зь лётнішча.
У 2002 годзе пашырылі аэравакзал лётнішча «Слаціна», якое перайменавалі ў Міжнародны аэрапорт Прышціны. 12 лістапада 2008 году на лётнішча ўпершыню прыбыў мільённы з пачатку году пасажыр. У 2009 годзе аэравакзал зноў пашырылі. 18 траўня 2010 году ўрад Косава саступіў 90% паёў АТ «Міжнародны аэрапорт Косава» на 20 гадоў турэцкаму АТ «Лімак Холдынг» (Анкара) і 10% францускаму АТ «Аэрапорты Ліёну». У абмен тыя мелі ўкласьці 140 млн эўра ў разбудову лётнішча да 10 гектараў. 3 сьнежня 2018 году ў Прышціну прыляцеў 2-мільённы пасажыр ад пачатку году.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Акалічнасьці (сэрб.) // Міжнародны аэрапорт Прышціны, 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
- ↑ Прачытайце перад палётам (сэрб.) // Міжнародны аэрапорт Прышціны, 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
- ↑ Група падтрымкі штабу (Косаўскіх сілаў) (анг.) // Нэапальскае саюзнае агульнавайсковае камандаваньне АПАД (Італія), 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
- ↑ Авіякампаніі і кірункі (сэрб.) // Міжнародны аэрапорт Прышціны, 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
- ↑ Унёскі і зборы (сэрб.) // Міжнародны аэрапорт Прышціны, 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кантактныя зьвесткі (сэрб.) // Міжнародны аэрапорт Прышціны, 2019 г. Праверана 11 траўня 2019 г.
- Навіны (анг.)
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |