Афарызм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Афары́зм (па-грэцку: αφορισμός — выказваньне) — выслоўе, у якім у трапнай, ляканічнай і звычайна вобразнай форме выказаная арыгінальная думка. Як заўважыў Я. Колас, «Афарызм — гэта разумна выказаная думка, якая жыла ў галаве філёзафа, а цяпер будзе вісець на кручку мудраца». Найбольш удалыя афарызмы становяцца агульнавядомымі і могуць перайсьці ў фальклёр, зрабіцца прыказкамі. Крыніцай афарызмаў зьяўляюцца творы навуковыя, публіцыстычныя, але найбольш часта — мастацкія, у тым ліку паэтычныя. Вось некалькі афарызмаў з твораў беларускіх паэтаў: «Дум не скуеш ланцугамі» (Я. Купала), «Хваробы лечаць і атрутамі» (М. Багдановіч), «Лес не сякуць языкамі» (К. Крапіва), «Неспакой ня лечыць адзінота, адзіноту лечыць неспакой» (А. Куляшоў). Да афарызма блізкія крылатыя словы, якія вобразна вызначаюць нейкую жыцьцёвую зьяву, даюць ёй эмацыянальна-экспрэсіўную ацэнку. Аднак калі афарызм — гэта цэлае меркаваньне пра што-небудзь, крылатае слова — толькі частка меркаваньня: «Будзем сеяць, беларусы!» (П. Броўка), «Плячысты на жывот» (К. Крапіва) і г. д. Афарызмы выступаюць часам і як самастойны літаратурны жанр. Сярод аўтараў, што працуюць у гэтым жанры, вядомыя А. Разанаў (цыкл «Зномы»), П. Шыбут, М. Коўзкі, Г. Марчук і інш. Частка афарызмаў беларускіх паэтаў сабраная ў кнізе Ф. Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (Менск, 1960).

 Спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія афарызмы
  • Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]