Арганічны сьвятлодыёд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асьвятленьне арганічнымі сьвятлодыёдамі чыгуначнай станцыі ў Токіё (Японія)

Арганічны сьвятлодыёд (АСД; анг. OLED) — сьвятлодыёд з арганічных паўправаднікоў, якія выпраменьваюць сьвятло пры пропуску электрычнага току. Выпраменьвальны слой месьціцца між 2 электродамі (анод і катод), прынамсі адзін зь якіх зьяўляецца празрыстым. Выкарыстоўваецца ў вырабе дысплэяў для тэлевізараў, кампутарных манітораў, мабільных тэлефонаў, перанасных гульнявых прыставак і кішэнных кампутараў. Таксама ўжываецца ў паўправадніковым асьвятленьні. Віды: на аснове малых малекулаў, полімэрныя.

2-слойны АСД: 1) катод (−), 2) выпраменьвальны слой, 3) выпрамяненьне радыяцыі, 4) правадны слой, 5) анод (+)

Даданьне рухавых іёнаў ператварае АСД у сьветлавое электрахімічнае вочка (СЭВ). Дысплэі на АСД выкарыстоўваюць актыўную і пасіўную матрыцы. Актыўна-матрычны АСД з актыўнай матрыцай патрабуе злучальнай платы тонкаплёначных транзыстараў для ўключэньня кожнага піксэла, што дазваляе мець большае разрозьненьне і памер экрана. Дысплэй на АСД працуе без падсьветкі, што дазваляе выяўляць глыбокія адценьні чорнага колеру. Таксама такі дысплэй важыць менш і таньчэйшы за вадкакрышталічны (ВКД). Таксама экран на АСД мае большую за ВКД кантрастнасьць у цёмным памяшканьні.

Набліжаны здымак дысплэя смартфона Samsung Galaxy S4 Mini на актыўна-матрычных АСД (кастрычнік 2013 г.)

У 2010 г. «Самсунг Электроніка» (Сувон, Паўднёвая Карэя) заняла 98% сусьветнага рынка актыўна-матрычных АСД.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2012 г. дасьледнікі Інстытуту хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавалі рэчывы для вырабу арганічных сьвятловыпрамяняльных дыёдаў (АСД, АСВД). Распрацоўку падтрымаў Рэспубліканскі фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў Беларусі. Пры пропуску праз АСД элекрычнага току той выпраменьваў сьвятло. Распрацоўка прызначалася для вытворчасьці прыладаў асьвятленьня і замены вадкіх крышталяў у вырабе кампутарных манітораў. Першую пастаўку распрацоўкі на $400 тыс. ажыцьцявілі ў Саудаўскую Арабію[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Інга Міндалёва. Вадкакрышталічным дысплеям прыйдзецца пацясьніцца // Зьвязда : газэта. — 17 студзеня 2012. — № 9 (27124). — С. 6. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арганічны сьвятлодыёдсховішча мультымэдыйных матэрыялаў