Арабэля (тэлесэрыял)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арабэля
Arabela
Жанр казка, фільм-казка[d][1], камэдыйны тэлесэрыял[d][1], прыгодніцкі тэлесэрыял[d][1], кінакамэдыя[d][1] і прыгодніцкі фільм[1]
Сцэнарыст
Рэжысэр
У ролях
Кампазытар
Краіна
Колькасьць сэрыяў 13
Мова чэская мова
Вытворчасьць
Апэратар
Вытворчасьць Чэхаславацкае тэлебачаньне
Даўжыня сэрыі 30 хвіліна
Трансьляцыя
Тэлеканал Чэхаславацкае тэлебачаньне
На экранах 1979 —
Храналёгія
Наступны Вяртаньне Арабэлі
Спасылкі
Афіцыйны сайт
Старонка на IMDb

«Арабэ́ля» (па-чэску: Arabela) — чэхаславацкі дзіцячы тэлевізійны сэрыял, сьфільмаваны ў 1979 року[2]. Трынаццацісэрыйны фільм у гумарыстычным ключы распавядае пра прыгоды прынцэсы Арабэлі й іншых казачных істотаў у рэальным сьвеце сацыялістычнай Чэхаславаччыны. Гісторыя разгортваецца вакол чароўных пярсьцёнкаў, якія могуць выконваць жаданьні.

У сэрыяле здымалася цэлая плеяда чэскіх кіназорак — Уласьціміл Бродзкі, Яна Брэйхава, Стэла Зазваркава, Уладзімер Меншык, Іржы Совак, Францішак Філіпаўскі, Іва Янжурава й іншыя.

У далейшым былі зьнятыя некалькі працягаў сэрыялу: фільм «Румбурак» (1984) і 26-сэрыйны тэлесэрыял «Вяртаньне Арабэлі» (1990).

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сэрыяле глядач сутыкаецца з рэальным сьветам людзей і са сьветам казачных пэрсанажаў. Пан Маер, расказчык казак на тэлебачаньні, спакойна жыве разам са сваёй сям’ёй. Аднойчы падчас здымак ён знаходзіць званочак, звоніць у яго, чым асуджае сваю сям’ю на сэрыю казачных прыгод.

У казачнай краіне валадарыць кароль Гіяцынт з жонкай, якія маюць двух дачок — Арабэлю і Ксенію. У той час як Арабэля добрая і простая, Ксенія фанабэрыстая і ўладарная. Чараўнік другой катэгорыі Румбурак хоча сам уладарыць у краіне казак. У закінутым замку з дапамогай чароўных рэчаў і тэлевізара ўмешваецца ў сьвет людзей, дзе распавядае казкі на свой лад, перамяніўшыся ў Маера. Гэта абарочваецца для пана Маера вялікімі непрыемнасьцямі.

Арабэля знаёміцца з сынам Маера, Пятром, і ўлюбляецца ў яго. У гэты час Ксенія бярэ ўладу ў каралеўстве казак у свае рукі і пераўтварае яго ў падабенства людзкога сьвету. Румбурак імкнецца заваяваць Арабэлю і дзеля гэтага гатовы на зьнішчэньне казачнага сьвету. Ён зьнявольвае Пятра ў сваім замку і вырашае яго пакараць сьмерцю. Як заўсёды, у апошнюю хвіліну ўмешваецца Фантамас, які вызваляе вязьня. Пэтар і Арабэля жэняцца, а кароль Гіяцынт дорыць маладым званочак, які ў іх выхоплівае і хавае сабака Пайда. Так сувязь між абодвума сьветамі перарываецца.

Сэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэрыя Назва Зьмест
01 «Як пан Маер знайшоў званочак» Пан Маер на здымках фільму знайшоў званочак. Гук званочка выклікае чараўніка Румбурака, які выконвае любое жаданьне.

Пан Грос прапануе свайму сябру Маеру стаць вядоўцам дзіцячых казак на тэлеканале. На першым этэры адбываецца казус. Пан Маер абяцае дзецям, што ў луна-парку выйграе мішку, але так і не пацэльвае. Увечары ён просіць Румбурака, каб той навучыў яго страляць. Чараўнік перанёс пана Маера ў Каралеўства казак, дзе той між справамі распавёў пра тэлебачаньне, і Румбурака гэта вельмі зацікавіла. Пан Маер выпадкова забівае адзінага гаворачага ваўка.

Румбурак прадчувае набліжэньне непрыемнасьцяў…

02 «Румбуракава помста» Румбурак, чараўнік другой катэгорыі, пакараны Каралём казак за тое, што дазволіў забіць гаворачага ваўка, адабраньнем чароўных пярсьцёнка, плашчу і званочка. Акрамя таго, на загад Каралевы ён яшчэ пераўтвораны ў ваўка, каб было каму зьесьці бабулю Чырвонага Каптурка і ў Краіне казак нічога не парушылася.

Жадаючы адпомсьціць, Румбурак адкрыў забытае замчышча, поўнае чарадзейнае моцы. Дзякуючы яму аднаўляе сваё аблічча і пераўтварае Каралеву ў белую турчыцу. Яе месца на троне займае Баба Яга.

З дапамогай уласнай тэлестудыі, скрадзенага аблічча пана Маера і неймаверна перакручаных казак Румбурак плянуе прывесьці Каралеўства казак да зьнішчэньня. У пэўны час вырашае завалодаць ня толькі каралеўскім стальцом, але й рукой прынцэсы Арабэлі…

03 «Пэтар і прынцэса» Пераблытаныя тэлевізійныя казкі ўносяць у Каралеўства казак усё большы хаос. Каб навесьці парадак, чараўнік Віга разам з прынцэсамі Арабэляй і Ксеніяй выпраўляюцца ў Краіну людзей на пошукі пана Маера, якога яны вінавацяць у распавяданьні няправільных казак.

Арабэля сустракае Маерава сына Пэтра і закохваецца ў яго. Ператварыўшыся ў муху, нават падказвае яму падчас іспыту.

На жаль, пан Маер не стрымаў абяцаньня распавядаць казкі слушна. Каб ён не нарабіў яшчэ большага тлуму, чараўнік Віга пераўтварае Маера ў таксу, бо не падазрае, што насамрэч вінаваты ня той, а хцівы Румбурак, які цешыць сябе думкаю пра хуткае валадараньне цэлым каралеўствам і прынцэсай Арабэляй у дадатак…

04 «Такса Карэл Маер» Ператвораны ў таксу пан Маер і ягоная сям’я перажываюць цяжкія часы. Тым больш, што ніхто ня хоча верыць у такую перамену.

Тым часам у Краіне казак благі Румбурак чарговы раз у абліччы пана Маера распавядае па тэлебачаньні казку пра Сьпячую прыгажуню. У адпаведнасьці з тым, што дзеткі пачулі на ноч, Кароль казак вырашае, што прынц Вільлібальд не павінен цалаваць прынцэсу, а замест гэтага мусіць выкрасьці ўсе каштоўнасьці каралеўскага двара. Такі паварот выкарыстоўвае прынцэса Ксенія, якая жадае стаць жонкаю Вільлібальда.

Наступным вечарам Румбурак зноўку ператвараецца ў пана Маера і распавядае гісторыю пра тое, як гномы ўзрываюць усё казачнае каралеўства. Адчаяўшыся, кароль Гіяцынт абяцае паўцарства і руку прынцэсы Арабэлі ў прыдачу таму, хто ўратуе Краіну казак…

05 «Арабэля ва ўцёках» Нахабны і самаўпэўнены Румбурак — прычына ўсіх няшчасьцяў — заяўляецца ў каралеўскі палац па руку Арабэлі. Калі прынцэса яму адмаўляе, разьюшаны Румбурак выкрадае яе да сябе ў замак. Аднак ён не здагадваецца, якога суперніка будзе мець у асобе гэтай далікатнай дзяўчыны. Спрытная і тэмпэрамэнтная Арабэля здолела перахітрыць Румбурака й ягоных слугаў і ўцячы ў Краіну людзей. Там яна спаткаецца з Пэтрам і з дапамогай чароўнага пярсьцёнку вяртае людзкое аблічча ягонаму бацьку — пану Маеру…
06 «Пэтрава зьнікненьне» Прынцэса Арабэля хаваецца ад Румбурака з Пэтрам. Караль з панам Вігам накіроўваюцца ў Краіну людзей, каб перашкодзіць Румбураку ў ягоных падступных плянах. Аднак тут яны трапляюць у псыхіятрычную клініку. Неўзабаве туды трапляе і пан Маер з добрай навіною — з Арабэляй ня зробіцца нічога благога, бо Румбурак апынуўся за кратамі турэмнага шпіталя. Яны яшчэ ня ведаюць, што Арабэлю напаткала няшчасьце — ейны каханы Пэтар, неасьцярожна абыходзячыся з чароўным плашчом, перамяшчаецца ў Краіну казак.

На жаль — без Арабэлі…

07 «Казкі ідуць ва ўтыль» Пэтар Маер, па неасьцярожнасьці трапіўшы ў Краіну казак, становіцца закладнікам прынцэсы Ксеніі. Карыстаючыся тэхнічнымі здольнасьцямі Пэтра, яна вымушае таго з дапамогаю чароўнага пярсьцёнка пераўтварыць дзівосную Краіну казак у мадэрнізаваны сьвет панэльных дамоў і тэхнічных дасягненьняў.

Між тым у сьвеце людзей Румбурак усяляк спрабуе заваяваць Арабэлю. Прывязаны да ложку турэмнага шпіталю, ён загадвае свайму паслугачу зьнесьці Арабэлю назад у свой замак. Слуга, чорт Блеката, імкнучыся выканаць загад, памылкова замест Арабэлі захоплівае і зносіць у Краіну казак настаўніцу музыкі Мюлераву.

Пэтар Маер на загад Ксеніі абнавіў Краіну казак, аднак злая прынцэса адмаўляецца выканаць сваё абяцаньне — вярнуць яго ў сьвет людзей…

08 «Гонзік і Маржэнка» Гонзік і Маржэнка прыносяць чароўны пярсьцёнак у школу, дзе яго адбіраюць аднаклясьнікі Казелка і Грамадка. Яны ператвараюць настаўніка ў Мікі Маўса, дырэктара ў вусеня, а зьбеглых з турмы Румбурака і яшчэ аднаго вязьня — у парасоны. У выніку парасоны апынаюцца дома ў Маераў.

Маржэнка і Енічак знаходзяць лятаючы чамадан і чароўны плашч і такім сама спосабам, як і Пэтар раней — выпадкова — перамяшчаюцца ў Краіну казак, а чароўны чамадан трапляе да вадзяніка

09 «Цывілізацыя патрабуе свайго» Прынцэса Ксенія, зачараваная цывілізацыяй Краіны людзей, у адсутнасьць Караля пазбаўляе Краіну казак яе казачнага зачараваньня. Падданыя абураныя такімі зьменамі, тады Ксенія пераўтварае іх усіх у аўтамабілі. Дзякуючы гэтым чарам Гонзік і Маржэнка ратуюцца ад падсмажаньня ў халупе Бабы Ягі. Падчас уцёкаў зь Пернікавае хаты яны сустракаюць Пэтра.

Тым часам у Краіне людзей Арабэля з дапамогай чароўнага пярсьцёнка выпраўляе шкоду, наробленую дзецьмі. Ненаўмысна вяртае чалавечае аблічча й Румбураку, які любым коштам зьбіраецца здабыць пярсьцёнак. Аднак уцёкі зь вязьніцы зь яшчэ адным злодзеем Фоўскам сканчаюцца трагічна для нашых герояў…

10 «Вялікі шанец Румбурака» Пэтар, Гонзік і Маржэнка едуць старым аўтамабілем, які дагэтуль быў вядзьмаркай, па Каралеўстве казак. Па дарозе яны сустракаюць Фантамаса, які паказвае ім дарогу да замку чарадзея Румбурака. Там яны знаходзяць сваю настаўніцу музыкі пані Мілераву, якая загадвае ім сядаць за піяніна і граць этуды.

У каралеўскім замку нудзяцца Ксенія, Вільлібальд і фальшывая каралева. Усе кухары сталі аўтамабілямі, таму ім застаецца есьці хіба кансэрвы. Тады яны выпраўляюцца ў Сьвет людзей, дзе губляюць апошні з трох чарадзейных пярсьцёнкаў. Яго знаходзіць злодзей Фоўсэк і абяцае падараваць яго Арабэлі, калі тая прыйдзе на спатканьне. Арабэля згаджаецца ў спадзеве, што з дапамогаю пярсьцёнка здолее знайсьці Пэтра, не падазраючы, што новая пакаёўка Маераў — адна зь ведзьмаў. Сям’я Маераў ізноў апынаецца пад сур’ёзнай небясьпекай, а Румбурак падбіраецца да іхняга дому…

11 «Занадта шмат генэралаў» Кароль, вымушаны ўладкавацца на працу ў сьвеце людзей, празь няўважлівасьць ўзрывае фабрыку. Разам з чараўніком Вігам і панам Маерам трапляе за гэта ў вязьніцу, дзе сустракае свайго зяця прынца Вільлібальда. Арабэля атрымлівае пярсьцёнак, дзякуючы якому вызваляе іх усіх. Яны зьбіраюцца ў доме Маераў з надзеяй, што неўзабаве іхнія клопаты скончацца, Пэтар з Гонзікам і Маржэнкаю вярнуцца з Краіны казак, а кароль Гіяцынт, Ксенія і Вільлібальд вярнуцца дадому. Аднак вядзьмарка падступна здабывае для Румбурака чароўны пярсьцёнак. Той зьяўляецца ў доме Маераў, каб забраць Арабэлю…
12 «Турчыца ўмешваецца» Румбурак ператварыў караля, пана Віга і пані Маераву ў каменныя статуі, а безабаронную Арабэлю перанёс у свой замак, дзе яна сустракаецца з Пэтрам. Каб назаўжды пазбавіцца ад суперніка, Румбурак вырашае як найхутчэй пакараць Пэтра сьмерцю. Аднак дзякуючы ўмяшальніцтву турчыцы, у якой Арабэля пазнае сваю маці, Пэтра ўратоўвае магутны Фантамас, уладар Краіны казак для дарослых.

Арабэля з Пэтрам, каралевай і дзецьмі пакідаюць змрочны замак, у якім цяпер гаспадарыць Мюлерава, якая шчасьліва выйшла за Блекату. Арабэля не падазрае, што ёй зноўку пагражае небясьпека, бо Румбурак здолеў уцячы…

13 «Званочкам пачалося, званочкам і скончыцца» Выкарыстаўшы пярсьцёнак, Арабэля ажыўляе казачных пэрсанажаў з аўтамабіляў і вяртае ранейшы выгляд усяго Казачнага каралеўства. Каралева вяртаецца на сваё месца, а Фантамас з Франкенштайнам ствараюць мэханічнага ваўка замест забітага Маерам у першай сэрыі.

У Краіне людзей таксама ўсё вяртаецца ў норму. Пані Маерава, Кароль і чараўнік Віга зноўку становяцца людзямі, а Пэтар і Арабэля рыхтуюцца да шлюбу. Каб прымерыць заручальны пярсьцёнак, прынцэса здымае чароўны, ня ведаючы, што непадалёк у выглядзе крумкача аціраецца Румбурак. Намагаючыся перашкодзіць шлюбу, той ператварае Арабэлю ў авечку, а Пэтра ў вялізарны гадзіньнік. Аднак дзякуючы Фантамасу шлюб усё-ткі адбываецца. Пан Віга ператварае Румбурака і чарадзейку ў пральную машыну і лядоўню, якія маладыя атрымліваюць у падарунак. Кароль з Каралевай, Ксеніяй, Вільлібальдам і панам Вігам вяртаюцца ў Краіну казак. Каб Маеры мелі зь імі кантакт, пакідаюць званочак, з дапамогай якога можна выклікаць памочніка пана Віга. Аднак Пайда закапала яго ў агародзе…

Магічныя прадметы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сапраўдная казка ня можа абысьціся без чараўнікоў і чароўных прадметаў, якія зьмяняюць сьвет па жаданьні тых, хто імі карыстаецца. Аднак у «Арабэлі» чары граюць не асноўную ролю, а злоўжываньне імі ўвогуле прыводзіць да вялікіх клопатаў. Стваральнікі сэрыялу спрабуюць пераканаць гледача, што сапраўдныя каштоўнасьці, такія як каханьне і шчасьце, мацнейшыя за казачныя сілы, а штодзённыя праблемы не вырашаюцца з дапамогаю закляцьцяў.

  • Пярсьцёнкі — выконваюць любыя жаданьні
  • Плашч — тэлепартуе асобу ў іншае месца (звычайна з аднаго сьвету ў іншы)
  • Крыштальны шар — дае магчымасьць убачыць пэўнага чалавека
  • Чамадан — дазваляе ўздымацца ў паветра
  • Званочак — выклікае чараўніка

Акторы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яна Наг’ёва, якая грала ў ролі прынцэсы Арабэлі, мела вельмі выразны славацкі акцэнт, з успрыманьнем якога дзеці маглі мець праблемы. Таму ў сэрыяле яе агучвала чэшка Лібушэ Шафранкава[3].

Стварэньнем касьцюмаў для здымак займаўся Тэадор Пішцек.

Месцы здымак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сэрыяле
У рэальнасьці
віла Маераў Чарношыцы, павет Прага-Захад
замак караля казак замак Чэскі Штэрнбэрк
замак Румбурака ваколіцы Градца Кралавэ
гатэль, дзе працуе пан Герман,
у якім здымае апартамэнт Румбурак (№111)
ParkHotel Прага,
непадалёк ад цэнтру места і ад парку Стромаўка
вучэльня, дзе навучаецца Пэтар Чэскі тэхнічны ўнівэрсытэт
рака, у якую вадзянік уцякае з казачнага сьвету
і на беразе якой сустракае Арабэлю
Вэлтава ў Празе

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шоў пасьпяхова паказвалася і ў іншых краінах сацыялістычнага блёку: Баўгарыі, Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Румыніі, Югаславіі. Сэрыял быў таксама вельмі папулярны ў Заходняй Нямеччыне, дзе трансьляваўся пад назваю «Die Märchenbraut» (бел. Казачная нявеста)[4].

Працяг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра далейшыя прыгоды чарадзея Румбурака ў сьвеце людзей у 1984 року быў зьняты фільм «Румбурак». Іншыя пэрсанажы з арыгінальнага сэрыялу ў гэтым фільме не прысутнічаюць.

У 1993 року на экраны выйшаў дваццацішасьцісэрыйны працяг пад назваю «Вяртаньне Арабэлі» з ужо дарослымі Гонзікам і Грэтаю, якія маюць уратаваць сьвет казак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
  2. ^ Ivan Adamovič. Encyklopedie fantastického filmu. — Praha: Cinema, 1994. — С. 200. — ISBN 80-901675-3-5
  3. ^ Milan «gudaulin» Černý. Jana Nagyová (чэс.) Česko-Slovenská filmová databáze Праверана 1 сакавіка 2013 г.
  4. ^ Arabela: Series info (анг.) TVDB.com Праверана 1 сакавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]