Перайсьці да зьместу

Антоні Эдвард Адынец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Антоні Адынец»)
Антоні Эдвард Адынец
Antoni Edward Odyniec
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Inocenty Staruszkiewicz
Нарадзіўся 25 студзеня 1804
Гейстуны, Ашмянскі павет, Літоўска-Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 15 студзеня 1885
Варшава, Царства Польскае
Пахаваны
Бацькі Тадэвуш Адынец[d]
Тэрэза з Гнатоўскіх[d]
Сужэнец Соф’я з Мацкевічаў[d][1]
Дзеці Тэрэза з Адынцоў[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык, сябар таварыства філярэтаў
Кірунак рамантызм
Мова польская мова[2], нямецкая і ангельская мова
Подпіс Аўтограф Адынца

Антоні Эдвард Адынец (па-польску: Antoni Edward Odyniec; 25 студзеня 1804, Гейстуны, Ашмянскі павет, цяпер — Ашмянскі раён — 15 студзеня 1885, Варшава) — паэт, перакладчык, сябра таварыства філярэтаў.

Перакладаў творы Вальтэра Скота, Джорджа Байрана, Фрыдрыха Шылера, Аляксандра Пушкіна і іншых.

Нарадзіўся 25 студзеня 1804 году ў вёсцы Гейстуны ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў павятовай базыльянскай школе ў Барунах, якую скончыў вельмі пасьпяхова. За здольнасьці да навукі і ўзорныя паводзіны вучні называлі яго «любімчыкам»[3].

Віленскі ўнівэрсытэт: 1820—1823

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Антоні Эдвард Адынец, Валенці Ваньковіч, каля 1822

У 1820 годзе паступіў на юрыста ў Віленскі ўнівэрсытэт, дзе адначасова наведваў лекцыі па літаратуры філёлягаў Готфрыда Эрнста Гродэка і Леана Бароўскага. Неўзабаве ўступіў у Таварыства філярэтаў, дзе стаў сябрам літаратурнага аддзела, што называўся Блакітным саюзам[3]. Тагачасны кіраўнік літаратурнага аддзела Ян Чачот, убачыўшы відавочныя паэтычныя здольнасьці Антонія Эдварда, узяў яго пад сваю апеку, за што філяматы і філярэты неўзабаве празвалі Чачота Мэнтарам, а яго пратэжэ — Тэлемакам[4].

Гейстуны на літаграфіі паводле малюнка Н. Орды. Аўтарскі камэнтар: «Уласнасьць паэта Антонія Эдварда Адынца. Тут ён нарадзіўся ў 1804 г.»

У часе студэнцкіх сходаў і сяброўскіх маёвак Антоні Эдвард знаёміцца з ужо вядомымі тады паэтамі Тамашам Занам і Адамам Міцкевічам.

Першая сустрэча Антонія Эдварда з Адамам Міцкевічам адбылася ў траўні 1821 году на ўрачыстым сходзе ў гонар Тамаша Зана[5].

Пазьней пра яе паэт успамінаў:

« ...Міцкевіч махаў шапкай, вітаючы нас, зьверху ня мог убачыць. Чачот першы ўзяў яго ў абдымкі, і яны ціскалі адзін аднаго. Потым ня менш сардэчна віталі яго іншыя знаёмыя. Я, самы малады і незнаёмы, стаяў збоку і быў апошні, каго Чачот падвёў да паэта. Міцкевіч кінуў на мяне праніклівы позірк і, прыязна ўсьміхаючыся, спытаў у Чачота: «Ці не той самы гэта Любімчык-Тэлемак?» А калі Чачот, сьмеючыся, пацьвердзіў, ён падаў мне па-сяброўску руку і таксама з усьмешкай запытаў: «А Мэнтар усё яшчэ строгі?». Я не адказаў ні слова: гэтакі быў разгублены, асабліва ад яго праніклівага позірку[6]. »

У часе вучобы ў Віленскім унівэрсытэце Антоні Адынец таксама зблізіўся зь сям’ёй Салямэі Бэкю — маці будучага паэта Юльюша Славацкага. Таксама наведаў кватэру гісторыка Іяхіма Лялевеля, пасябраваў з Аляксандрам і Ігнатам Ходзькамі, Антонімам Гарэцкім, Юльянам Корсакам і іншымі філярэтамі і філяматамі[5].

У 1823—1824 гадох — у турэмным зьняволеньні па справе таварыства. Тут ён піша славутую «Песьню філярэтаў» (польск. Pieśń Filaretów), пазьней адаптаваную беларускім паэтам Францішкам Багушэвічам пад назваю «Песьня»[7]. Напрыканцы сьледзтва быў вызвалены. У 1825 годзе выдаў двухтомным зборнік уласных вершаў і перакладаў «Паэзія». У 1826—1829 гадох жыў у Варшаве, дзе працаваў у розных пэрыядычных выданьнях і быў рэдактарам альманаха «Melitele».

Падарожжы па Эўропе: 1829—1837

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Антоні Эдвард Адынец і Адам Міцкевіч на Вэзувіі. Карціна Міхала Эльвіры Андрыёлі

У 1829 годзе разам з Адамам Міцкевічам выяжджае за мяжу. Іхнае падарожжа доўжыцца чатырнаццаць месяцаў. За гэтым час яны аб’яжджаюць гарады і мястэчкі Нямеччыны, Італіі, Швайцарыі і іншых краінаў[5].

У Ваймары адбываецца іхнае знаёмства зь нямецкім паэтам Ёганам Вольфгангам Гётэ, пра што Антоні Адынец падрабязна расказаў потым ў сваіх успамінах. Гётэ вельмі зацікавіўся народнымі песьнямі, матывы якіх выкарыстоўваў у сваёй творчасьці Адам Міцкевіч. Антоні Эдвард пазьней прыгадваў:

« Гётэ з жывой цікавасьцю распытваў і слухаў тое, што Адам, а часткова і я, расказвалі яму аб разнастайнасьці і адрозьненьнях у характары і тоне песень нашых правінцыяў[8]. »

Антоні Эдвард і Адам Міцкевіч разьвіталіся ў 1830 годзе ў Жэнэве. У тым жа годзе прыехаў у Парыж, дзе сустракаўся з многімі тагачаснымі славутасьцямі, у прыватнасьці, зь Вікторам Юго. Пазьней наведаў Лёндан. Некалькі гадоў жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў творчасьць Вальтэра Скота і Джорджа Байрана. Сюды ж прывёз Зоф’ю з Мацкевічаў, зь якой пазьней узяў шлюб у Караляўцы. У яе гонар Адам Міцкевіч назваў Зосяй адну з галоўных гераіняў паэмы «Пан Тадэвуш»[9].

У 1837 годзе Антоні Эдвард Адынец вяртаецца ў Гейстуны. Пазьней пераязджае ў Вільню, дзе дваццаць гадоў — з 1840 па 1859 гг. — рэдагаваў урадавую газэту на польскай і расейскай мовах «Kurier Weleński» («Виленский вестник»)[7]. Да актыўнага супрацоўніцтва ў газэце Антоні Эдвард прываблівае Ўладзіслава Сыракомлю, які жыў у недалёкай Барэйкаўшчыне[10].

У 1866 годзе пераязджае ў Варшаву, дзе цягам году рэдагаваў газэту «Kurier Warszawski». Публікаваў у пэрыядычным друку падарожныя нарысы і ўспаміны «Listy z podróży» (1867—1878) і «Wspomnienia z przeszłości opowiadane Deotymie» (1879—1883). Да канца жыцьця супрацоўнічаў з газэтай «Kronika Rodzinna», якую рэдагавала сястра ягонага зяця Аляксандра Баркоўская. У 1884 годзе разам з Ігнатам Дамейкам наведаў вёску Крошын пад Баранавічамі, дзе напісаў адзін з апошніх сваіх вершаў «На камені ў Крошыне»[11].

Памёр Антоні Эдвард Адынец 15 студзеня 1885 году ў Варшаве.

Помнік Антонію Эдварду Адынцу ў Касьцёле Сьвятога Яна ў Вільні

Асобныя паэтычныя творы Антонія Эдварда Адынца датуюцца часам навучаньня ў Барунскай базыльянскай школе, аднак праявіцца як паэт ён здолеў толькі ў літаратурным асяродзьдзі Віленскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады Антоні Эдвард актыўна выступае на старонках віленскага друку — у выданьнях «Tygodnik Wileński», «Dzieńnik Wileński» і інш[9].

Уласныя вершы паэта зазналі моцны ўплыў творчасьці Адама Міцкевіча і носяць збольшага пераймальны характар[9]. У сваіх балядах Антоні Эдвард Адынец працягваў традыцыю ангельскіх і нямецкіх рамантыкаў.

Сапраўдную папулярнасьць Антонія Эдварду прынесла «Песьня філярэтаў» (польск. Pieśń Filaretów; 1823), напісаная ў часе турэмнага зьняволеньня па справе віленскіх згуртаваньняў моладзі.

Жывучы ў Варшаве, ён напісаў трохактавую рыцарскую драму «Ізора» (польск. Izora; 1829), якую катэгарычна ўспрынялі Юльюш Славацкі і Адам Міцкевіч (апошні нават раіў не публікаваць п’есу)[12].

Наступная вершаваная драма «Фэліцыта, альбо Карфагенскія мучанікі» (польск. Felicyta, czyli męczennicy kartagińscy; 1849), напісаная паводле гістарычных фактаў III стагодзьдзя, была ўспрынятая А. Міцкевічам больш прыхільна, аднак за яе зьмест дэмакратычная грамадзкасьць сустрэла твор у штыкі. Студэнты Дэрпцкага ўнівэрсытэту нават публічна спальвалі гэтую драму[12]. У 1858 годзе была напісаная, а праз два гады выдадзеная драматычная паэма ў шасьці актах «Барбара Радзівіл, ці Пачатак панаваньня Жыгімонта Аўгуста» (польск. Barbara Radziwiłłówna).

Сярод спадчыны Антонія Эдварда Адынца крытыка адзначыла напісаныя ў 1875—1878 гадох «Лісты з падарожжа» (польск. Listy z podróży) — падрабязныя ўспаміны пра падарожжа ў 1829—1830 гадох аўтара разам з Адамам Міцкевічам па Эўропе. У сталым узросьце мэмуары дапоўніліся кнігай «Успаміны зь мінулага» (польск. Wspomnienia z przeszłości)[12].

У сваёй баляднай творчасьці Антоні Эдвард Адынец зьвяртаецца да жыцьцёвых рэаліяў і фальклёру, пераважна беларускага[13] («Паланянка ліцьвіна», «Сон Алесі», «Русалкі», «Хохлік» і інш.).

Шмат вершаў аўтар напісаў у гонар вядомых літаратараў і навукоўцаў («На шлюб Тамаша Зана», «Адаму Міцкевічу», «Адаму Сузіну», «Ігнату Ходзьку», «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту ў Ротніцы», «Яўстафію Тышкевічу», «Міхалу Балінскаму», «Уладзіславу Сыракомлю» і інш.)[13].

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы Адынца пераклалі на беларускую мову Кастусь Цьвірка[14], Антон Францішак Брыль.

  • Філаматы і філарэты. Зборнік / укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі й камэнты Кастуся Цьвіркі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — С. 347—360. — 400 с. — (Серыя І. Мастацкая Літаратура). — 10 100 ас. — ISBN 985-6318-21-1
  • Успаміны пра мінулае. — Мінск: Лімарыус, 2020.
  • Выбраныя вершы з нагоды і без. Мінск, 2023 («Паэты планеты»).
  1. ^ https://wielcy.pl/wgmi/cmentarze.php?grob=212671
  2. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  3. ^ а б Цьвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 7.
  4. ^ У грэцкай міталёгіі Мэнтар быў выхавальнікам Тэлемака, сына Адысэя і Пэнэлёпы
  5. ^ а б в Цьвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 8.
  6. ^ Plug A. A. E. Odyniec // Kłosy, 1885. ł. 40, № 1023
  7. ^ а б Адынец Антон Эдвард // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  8. ^ Мицкевич А. Собр. соч. в 5 т.. — М.: 1954 Т. 5. — С. 636.
  9. ^ а б в Цьвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 9.
  10. ^ Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 349. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  11. ^ Цьвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 11.
  12. ^ а б в Цьвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 10.
  13. ^ а б Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 351. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  14. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]