Андрэй Кулеш
| Андрэй Кулеш | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 2 студзеня 1996 (30 гадоў) |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | пісьменьнік, гісторык |
Андрэй Кулеш (2 студзеня 1996, Браслаў) — беларускі празаік, публіцыст, літаратурны аглядальнік, музэйны супрацоўнік і фатограф.
Жыццьяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся 2 студзеня 1996 году ў Браславе. У 2007 годзе, ва ўзросьце адзінаццаці гадоў, разам зь сям’ёй пераехаў у Слуцак — на радзіму сваіх бацькоў. Скончыў сярэднюю школу № 10 у Слуцку.
У 2015 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі па спэцыяльнасьці «тэхнічная эксплюатацыя і рамонт цягавага рухомага складу». У тым жа годзе паступіў на гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дзе вывучаў музэйную справу і ахову гісторыка-культурнай спадчыны.
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту ў 2019 годзе пачаў працаваць у Слуцкім краязнаўчым музэі, дзе займаецца вывучэньнем і папулярызацыяй гісторыка-культурнай спадчыны Случчыны.
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У рэспубліканскім друку дэбютаваў як празаік у 2019 годзе. З таго часу рэгулярна друкуецца ў літаратурна-мастацкім і грамадзка-палітычным часопісе «Маладосць».
Акрамя мастацкай прозы, займаецца публіцыстыкай. Зьяўляецца адным з пастаянных калюмністаў часопісу, дзе вядзе рубрыкі «Ёсьць такая кніга» і «Мой Нобэліст», у якіх знаёміць чытачоў з кніжнымі навінкамі і творчасьцю вядомых пісьменьнікаў. Ягоныя аўтарскія фотаздымкі таксама выкарыстоўваюцца ў афармленьні нумароў «Маладосьці», адкрываючы і завяршаючы выпускі часопісу.
Творчасьць Андрэя Кулеша адзначаецца ўвагай да псыхалёгіі чалавека, гістарычнай памяці і духоўнага сьвету асобы. Ягоныя апавяданьні неаднаразова адзначаліся на беларускіх і міжнародных літаратурных конкурсах.
У 2018 годзе стаў адным зь пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Мост дружбы», які праводзіцца ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Узнагароду атрымаў за апавяданьне «Моцю»[1].
29 студзеня 2021 году ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча «Першая глава ў жыцьці і творчасьці Андрэя Кулеша», падчас якой аўтар распавёў пра свой творчы шлях, супрацоўніцтва з часопісам «Маладосць» і адказаў на пытаньні чытачоў. У межах сустрэчы была прадстаўленая таксама выстава ягоных літаратурных і фотаработаў[2].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- дыплём І ступені Рэспубліканскага фэстывалю «АРТ-вакацыі» ў намінацыі «Аўтограф» (2016);
- трэцяе месца ў літаратурным конкурсе імя Івана Савіна (Масква, 2017);
- Гран-пры ў намінацыі «Проза» Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасьці навучэнцаў і студэнтаў «БрамаМар» (2018);
- ляўрэат VI Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Славянскі калейдаскоп» у намінацыі «Проза» (2018);
- дыплямант III Міжнароднага літаратурнага фэстывалю-конкурсу «Русский Гофман» у намінацыі «Маладыя аўтары»;
- пераможца конкурсу маладых літаратараў «Мост дружбы» (2018).
- ляўрэат прэміі Эксьлібрыс
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Андрей Кулеш
- ↑ Творческая встреча « Первая глава в жизни и творчестве Андрея Кулеша»(недаступная спасылка)