Перайсьці да зьместу

Анатоль Фядосік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Фядосік

лац. Anatol Fiadosik
Дата нараджэньня 7 лютага 1926
Месца нараджэньня вёска Кашэвічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць
Дата сьмерці 18 студзеня 2005
Месца сьмерці Менск
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак фальклярыст, філёляг, этноляг
Навуковая сфэра фальклярыстыка; этнаграфія
Месца працы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру
Навуковая ступень Доктар навук
Вучні Тацьцяна Валодзіна, Ірына Казакова
Дзеці Віктар Фядосік[d]
Узнагароды Заслужаны дзяяч навукі Рэспублікі Беларусь (1990), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)

Анатоль Сямёнавiч Фядосік (нар. 7 лютага 1926, вёска Кашэвічы Палескай вобласьці, цяпер Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць — 18 студзеня 2005, Менск) — беларускі фальклярыст. Доктар філялягічных навук (1974), прафэсар (1981).

Анатоль Сямёнавіч Фядосік нарадзіўся ў вёсцы Кашэвічы ў сялянскай сям’і. У 1941 годзе скончыў Кашэвіцкую сярэднюю школу. У пачатку нямецка-савецкай вайны пятнаццацігадовы юнак быў залічаны радавым узвода коннай разьведкі 125-й партызанскай брыгады Палескага злучэньня. Пра сваё жыцьцё й дзеяньні гэтай брыгады Анатоль Фядосік згадаў у аўтабіяграфічнай кнізе «Партызанская быль не забыта». У ліпені 1944 году ён адразу трапіў на фронт – спачатку камандзір аддзяленьня разьведкі, потым – старшына роты 265-га палка 20-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту, ваяваў ва Ўсходняй Прусіі. З сакавіка 1945 году Анатоль Фядосік быў накіраваны на вучобу ў Арлоўскае танкавае вучылішча.

Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 годзе Анатоль Фядосік вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам, завучам у роднай школе, дырэктарам сярэдніх школ вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёну й Мікашэвічах. Скончыў у 1953 годзе завочна філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1958 па 1961 год вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту мастацтваў, этнаграфіі й фальклёру. У 1962 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю[1] (кніга ў 1963 годзе)[2] й быў прызначаны вучоным сакратаром інстытуту, з 1967 году зьяўляўся загадчыкам сэктара фальклёру й адначасова з 1969 году працаваў намесьнікам дырэктара па навуцы. У 1972 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на беларускай мове ў Інстытуце мастацтвазнаўства, фальклярыстыкі і этналёгіі імя Максіма Рыльскага НАН Украіны(uk) ў Кіеве[3].

Званьне прафэсара філялёгіі яму прысуджана ў 1981 годзе. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана й абаронена больш за 30 кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Працяглы час зьяўляўся намесьнікам старшыні Савета па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў па спэцыяльнасьці фальклярыстыка і этналёгія. Быў чальцом міжнароднай камісіі славянскага фальклёру пры Міжнародным камітэце славістаў (1983), прадстаўляў Беларусь у Камітэце ўрадавых экспэртаў пры ЮНЭСКА па пытаньнях захаваньня фальклёру (1982, 1985), неаднаразова быў прадстаўніком Беларускага камітэта на міжнародных зьездах славістаў.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Першыя публікацыі Анатоля Фядосіка адбываюцца ў 1960 годзе. Ён аўтар больш як 30 навуковых прац, шэрагу манаграфіяў, падручнікаў, кніг. Адным зь першых ён пачаў дасьледаваць тэарэтычныя й практычныя праблемы беларускай народнай сатыры і гумару ў суадносінах іх з нацыянальным сьветаўспрыманьнем і сьветаадчуваньнем, і займаўся дасьледаваньнем нацыянальнай казкі. Гэтым праблемам прысьвечаны манаграфіі «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблема беларускай народнай сатыры» (1978), а ў манаграфіі «Беларуская сацыяльна-бытавая казка» (1995) даў падрабязны і глыбокі аналіз нацыянальнай казкі, яе генэзісу, узаемадзеяньня зь іншымі жанрамі. Таксама аналізаваў нацыянальную спэцыфіку беларускай сямейна-абрадавай паэзіі, яе вывучэньню прысьвяціў кнігу «Беларуская сямейна-абрадавая паэзія» (1997).

Упершыню прааналізаваў станаўленьне й разьвіцьцё беларускай фальклярыстыкі, ахарактарызаваў найважнейшыя зборы вуснай паэзіі й прысьвечаныя ёй тэарэтычныя працы, прасачыў разьвіцьцё беларускай навукі пра народную творчасьць, дасьледаваў дзейнасьць у гэтай галіне вядучых вучоных у манаграфіі «Беларуская савецкая фальклярыстыка» (1987). Манаграфія «Ілюзорнасьць і сапраўднасьць: «Белыя плямы» у гісторыі беларускай фальклярыстыкі 20—30-х гг.» (1991) прысьвечана пачатковаму этапу разьвіцьця беларускай сучаснай фальклярыстыкі, гісторыі зьбіраньня, друкаваньня і вывучэньня асобных відаў і жанраў беларускага фальклёру.

Пад кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле Анатоля Фядосіка з 1970 году выдадзены 43 тамы сэрыі «Беларуская народная творчасьць», у якіх раскрытае багацьце й мастацкая дасканаласьць вуснай музычнай і народна-тэатральнай творчасьці беларускага народа. Дасьледчык сыстэматызаваў гумарыстычныя і сатырычныя ўзоры вядучых жанравых разнавіднасьцяў фальклёру, раскрыў асноўныя прыёмы і спосабы стварэньня камічнага, паказаў спэцыфіку нацыянальнага ўспрыняцьця сьмеху[4].

На аснове тэарэтычнага дасьледаваньня праблемы выступіў складальнікам і рэдактарам тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Жарты, анэкдоты, гумарэскі» (1984) зь сэрыі «Беларуская народная творчасьць» (Дзяржаўная прэмія Беларусі 1986); складальнікам кніг «Анталёгія беларускага народнага анэкдота й жарту» (2001), «Анталёгія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя» (2002). Унёс значны навуковы ўклад у стварэньне фундамэнтальнага акадэмічнага выданьня «Беларускі фальклёр: жанры, віды, паэтыка» (у 6 тамох, 2001–2004). Для другой кнігі «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатар» (2001) падрыхтаваў матэрыялы, прысьвечаныя зьбіраньню і дасьледаваньню сямейна-абрадавай паэзіі беларусаў. У чацьвёртай кнізе «Народная проза» (2002) стаў аўтарам разьдзелаў, прысьвечаных аналізу сацыяльна-бытавых казак, народных анэкдотаў і жартаў, сказак і апавяданьняў. Жанравае багацьце беларускага фальклёру, яго нацыянальнае адрозьніваньне, эстэтычную й этычную каштоўнасьць дасьледчык раскрыў у кнізе «Вусная народная творчасьць» акадэмічнай сэрыі «Беларусы» (том 7, 2004).

Таксама былі падрыхтаваны кнігі «А. К. Сержпутоўскі» (1966, з Васілём Бандарчыкам)[5][6], «Народная спадчына» (1984, з Ганнай Пятроўскай)[7], «Каляндарна-песенныя абрадавыя й гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, з Зінаідай Мажэйкай)[8], «Чаго на сьвеце не бывае» (1990, з Ганнай Пятроўскай)[9].

Сын Віктар Фядосік — доктар гістарычных навук (1992), прафэсар (1993)[10].

  • А. С. Фядосік. Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20―30-х гадоў / рэдактар В. К. Бандарчык. — Менск: Навука і тэхніка, 1991. — 350 с. — 920 ас. — ISBN 5-343-00673-6
  • А. С. Фядосік. Партизанская быль не забыта. Борьба и поэтическое творчество полесских партизан / рэдактар В. К. Бандарчык. — Менск: Навука і тэхніка, 1990. — 159 с. — 3600 ас. — ISBN 5-343-00452-0
  • А. С. Фядосік. Беларуская сацыяльна-бытавая казка / рэдактар К. П. Кабашнікаў. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 160 с. — 500 ас. — ISBN 5-343-01226-4
  • А. С. Фядосік. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія / навуковы рэдактар А. С. Ліс. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1997. — 126 с. — (Свет вучонага). — 125 ас. — ISBN 985-6318-10-6
  • А. С. Фядосік. Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце. — Менск: 1998. — 35 с. — (XII Міжнародны з'езд славістаў).
  • Анатоль Фядосік. Барацьба и паэтычная творчасць палескіх партызан. — Менск: БОФФ, 2000. — 145 с. — 100 ас.
  • Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта / укладаньне й прадмова А. С. Фядосік. — Менск: Ураджай, 2001. — 233 с. — 2000 ас. — ISBN 985-04-0460-4
  • Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / укладальнік і аўтар прадмовы А. С. Фядосік. — Менск: Ураджай, 2002. — 298 с. — 2000 ас. — ISBN 985-04-0516-3
  1. А. С. Федосик. Антирелигиозные мотивы в белорусском народном творчестве: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук. — Менск: БДУ, 1962. — 25 с.
  2. С. Міско. Зрываючы вопратку святасьці… // Літаратура і мастацтва : газэта. — 3 студзеня 1964. — № 1 (1846). — С. 3.
  3. А. С. Федосик. Беларуская народная сатыра: аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені доктара філалагічных навук: спецыяльнасць 10.01.10 Фалькларыстыка (бел.). — Київ: Інститут мистецтвознавства, фольклору та етнографії імені М. Ф. Рильського, 1972. — 68 с.
  4. Алесь Аўдзяюк. (2016) «Беларуская народная творчасць» 1970-2007. Бібліяграфія (з алфавітным і храналагічным скарочанымі спісамі і поўным храналагічным спісам з анатацыямі) Belarusian Studies. ACADEMIA.edu.
  5. В. К. Бондарчик, А. С. Федосик. Александр Казимирович Сержпутовский / научный редактор П. Ф. Глебка. — Менск: Наука и техника, 1966. — 120 с. — 1200 ас.
  6. Р. Надольскі. Ашчаднік скарбаў народных // Літаратура і мастацтва : газэта. — 28 ліпеня 1967. — № 59 (2213). — С. 3.
  7. Народная спадчына / складальнікі: А. С. Фядосік, Г. А. Пятроўская. — Менск: Народная асьвета, 1984. — 208 с. — 27 000 ас.
  8. З. Я. Мажэйка, А. С. Фядосік. Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным. — Менск: Навука і тэхніка, 1988. — 41 с. — (X Мiжнародны з'езд славiстаў : даклады). — 500 ас. — ISBN 5-343-00414-8
  9. Чаго на свеце не бывае: антырэлігійныя казкі, анекдоты, прыказкі ўсходнеславянскіх народаў / складальнікі: А. С. Фядосік, Г. А. Пятроўская ; рэдактар В. К. Бондарчик; уступны артыкул А. С. Фядосіка; мастак Э. Э. Жакевіч. — Менск: Навука і тэхніка, 1990. — 416 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-343-00153-Х
  10. Андрэй Прохараў. Фядосік Віктар Анатольевіч / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. У 6 т. : энцыкляпэдыя. — Менск: Беларус. Энцыкл., 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея—Яшын. — С. 53. — ISBN 985-11-0276-8.

Энцыкляпэдыі, даведнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Алена Клімовіч. Фядосік Анатоль Сямёнавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2003 Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 511.
  • Фядосік, Анатоль Сямёнавіч / біяграфічныя зьвесткі Л. С. Савік; бібліяграфія В. М. Грышкевіч // пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — Т. 6: Талалай—Яфімаў. — С. 154—156. — ISBN 5-85700-061-0.
  • Фядосік Анатоль Сяменавіч // Беларуская савецкая энцыкляпэдыя. У 12 т. / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1974. — Т. 11. Футбол — Яя; Дадатак. — 656 с. — С. 7.
  • Фядосік Анатоль Сяменавіч: «З глыбокіх вытокаў» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Петрыкаўскага р-на. — Мн.: Ураджай, 1995. — 636, [3] с.: іл. ISBN 985-04-145-1. — С. 589.
  • Фядосік Анатоль Сяменавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5: Скамарохі — Яшчур. — 702 с. — 9500 ас. — С. 429.
  • Фядосік Анатоль Сяменавіч // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — С. 511.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]