Анатоль Дастанка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Дастанка
Дата нараджэньня 2 ліпеня 1937 (86 гадоў)
Месца нараджэньня Вобчын, Любанскі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Таганроскі радыётэхнічны інстытут (1962)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра машынабудаваньне
Месца працы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
Вядомы як распрацоўнік абсталяваньня для вытворчасьці мікраэлектронікі ў Беларусі
Навуковая ступень доктар навук (1979)
Узнагароды Дзяржаўная прэмія Беларусі (1982 і 1996), заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі (1982) і заслужаны вынаходнік СССР (1987)

Анато́ль Па́ўлавіч Даста́нка (нар. у 1937, Вобчын, Любанскі раён, цяпер Менская вобласьць, Беларусь) — беларускі навуковец-вынаходнік.

Доктар тэхнічных навук і прафэсар (1979). Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі (1982) і заслужаны вынаходнік СССР (1987). Двойчы ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982 і 1996) за распрацоўку абсталяваньня і падручнікаў для вытворчасьці мікраэлектронікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991)[1]. Старшыня Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі (1993—2001). Ганаровы грамадзянін Любані (1999) і ляўрэат прэміяў Акадэміяў навук Беларусі (2005), Малдовы і Ўкраіны (2010)[2].

Дачка Алена Дастанка — кандыдатка палітычных навук (1998) і дэканка Факультэту міжнародных адносін БДУ (зь 2021 году).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1949 годзе скончыў Вобчынскую пачатковую школу ў Любанскім раёне Менскай вобласьці (Беларуская ССР). У 1955 годзе скончыў Рачэнскую сярэднюю школу Любанскага раёну[3]. У 1962 годзе скончыў Таганроскі радыётэхнічны інстытут (Растоўская вобласьць, Расейская СФСР) паводле спэцыяльнасьці электронныя прыборы і тамсама ўладкаваўся асыстэнтам і пазьней старэйшым выкладнікам. У 1970-м у якасьці кандыдата тэхнічных навук працаўладкаваўся дацэнтам у Менскі радыётэхнічны інстытут (МРТІ, Беларуская ССР), дзе ў 1975-м стаў загаднікам катэдры электроннай тэхнікі і тэхналёгіі. У 1979 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара тэхнічных навук і навуковую годнасьць прафэсара. У 1982-м атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі і Дзяржаўную прэмію Беларусі за распрацоўку абсталяваньня для вытворчасьці мікраэлектронікі. У 1985 годзе заняў пасаду 1-га прарэктара ў навучальнай працы МРТІ. У 1987-м атрымаў годнасьць заслужанага вынаходніка СССР. У 1986 годзе быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1989-м выдаў у Маскве ў суаўтарстве манаграфію «Тэхналёгія і аўтаматызацыя вытворчасьці радыёэлектроннай апаратуры», а таксама ў Менску сумесна з Валянцінам Баранавым і Віктарам Шаталавым манаграфію «Плёначныя токаправодны сыстэмы СБІС»[4].

У 1991-м быў абраным акадэмікам Акадэміі навук Беларусі і атрымаў прэмію Савету міністраў Беларусі за распрацоўку рэсурсазьберагальных тэхналёгіяў з ашчаджэньнем каштоўных матэрыялаў[3]. У 1993-м годзе заняў пасаду старшыні Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, пераўтворанай у 1996 годзе ў Дзяржаўны найвышэйшыя атэстацыйны камітэт у складзе ўраду Беларусі, дзе заставаўся на пасадзе да 2001 году. У 1994-м выпусьціў разам зь Міхаілам Пікулём і Аляксандрам Хмылём манаграфію «Тэхналёгія вытворчасьці ЭВМ». Напісаў навуковыя працы матэрыялазнаўства, вытворчасьці і дыягностыкі мікраэлектронікі. Распрацаваў абсталяваньне для вытворчасьці мікраэлектронікі. У 1996 годзе паўторна атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі[4] за цыкль падручнікаў для найвышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў у галіне вытворчасьці ЭВМ, фізыка-хімічных і тэхналягічных дысцыплінах радыё- і электронна-вылічальнага профілю. 24 чэрвеня 1999 году Прэзыдыюм Любанскага раённага Савету дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 46/1 аб прысваеньні Анатолю Дастанку годнасьці ганаровага грамадзяніна Любані. У 2016 годзе заняў пасаду прафэсара катэдры электроннай тэхнікі і тэхналёгіі БДУІР[3].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год напісаў каля 600 навуковых працаў, сярод іх 19 манаграфіяў і падручнікаў. Меў звыш 325 патэнтаў і аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы. Напісаў працы ў галіне мікраэлектронікі і фізыкі пучковых тэхналёгіяў, плёнкавага матэрыялазнаўства і дыягностыкі электронікі. Стварыў фізыка-хімічныя асновы зьмяненьня мікраабсягаў цьвёрдых целаў у шматслойных структурах высокаэнэргетычным патокам часьцінак. Дасьледаваў выбарачнае іённае распыленьне, фазавае расслаеньне ў шматскладовых плёнках і ўзыходную дыфузію лёгкага складніка пад узьдзеяньнем іённага бамбаваньня. Распрацаваў пабудову праграмна-кіраванай модульнай сыстэмы на падставе іённых і электронных пучкоў, патокаў інфрачырвонага выпраменьваньня і разрадаў звышвысокай частасьці (ЗВЧ), а таксама спосабы атрыманьня шматфункцыянальных складнікаў мікра- і оптаэлектронікі[5].

У 1970-я гады стварыў у Менскім радыётэхнічным інстытуце галіновую навукова-дасьледчую лябараторыю Міністэрства электроннай прамысловасьці СССР. Укараніў у сэрыйную вытворчасьць звыш 80 вырабаў мікраэлектронікі і магутных лазэрных сыстэмаў, у тым ліку паўправадніковыя прыборы для касьмічнага карабля «Буран». Прадаў 7 сваіх патэнтаў найбольшым вытворцам электронікі ў ЗША, Нідэрляндах і Японіі[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 2 ліпеня 2013. — № 120 (27485). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Дастанка Анатоль Паўлавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2022 г. Праверана 6 лютага 2022 г.
  3. ^ а б в Анатоль Паўлавіч Дастанка // Любанская раённая цэнтральная бібліятэка, 2022 г. Праверана 6 лютага 2022 г.
  4. ^ а б Рыгор Шахлевіч. Дастанка Анатоль Паўлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 61. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  5. ^ Дастанка Анатоль Паўлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 6 лютага 2022 г.
  6. ^ В.I. Карпіевіч. Акадэмік з Вобчына // Партал Сяргея Дубіны «Любаншчына», 2022 г. Праверана 6 лютага 2022 г.