Аляксандар Шыманоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксандар Шыманоўскі
Аляксандр Шыманоўскі.jpg
Нарадзіўся 19 (31) жніўня 1850
Чэрнін
Памёр 1918
Кішынёў
Навуковая сфэра этнаграфія
Альма-матэр гісторыка-філялягічны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту
Узнагароды і прэміі
ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені ордэн сьвятой Ганны III ступені ордэн сьвятога Станіслава II ступені ордэн сьвятога Станіслава III ступені ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені

Алякса́ндар Нічы́паравіч Шымано́ўскі (31 жніўня 1850, с. Чэрнін Чэрнінскай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні[1] — 1918, Кішынёў) — беларускі этнограф і фальклярыст, пэдагог, пушкініст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Юнак»

Нарадзіўся ў сям’і сьвятара праваслаўнай Сьвята-Георгіеўскай царквы в. Чэрнін. Дзед, меркавальна — Фёдар Шыманоўскі, сьвятар Пакроўскай царквы сяла Малышэвічы Слуцкага павету Менскай губэрні. Верагодна, род Шыманоўскіх меў шляхецкае паходжаньне (гербу «Юнак»), але ня быў зацьверджаны ў расейскім дваранстве. Магчыма, маюцца сваяцкія сувязі зь вядомым юрыстам, выкладчыкам Наварасейскіга ўнівэрсытэту Мітрафанам Васілевічам Шыманоўскім (г. Адэса, Хэрсонская губэрня)[2].

Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоў і ў Чэрнінскай народнай вучэльні. Скончыў Мазырскую гімназію, а ў 1874 годзе — гісторыка-філялягічны факультэт Імпэратарскага Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту.

Працаваў выкладчыкам расейскай мовы і славеснасьці ў 1-й мужчынскай гімназіі Кішынёва ў Бэсарабскай губэрні (1874—1901). Адным зь яго вучняў быў этнограф-балканіст П. Д. Драганаў[3]. Стацкі саветнік (1887). Па зьвестках 1903, 1912 гадоў абіраўся на пасаду таварыша (намесьніка) дырэктара Кішынёўскага гарадзкога грамадзкага банку[4]. У 1914 годзе Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацьвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве. Жонка: Ганна Аруцюнаўна (да шлюбу Ускат); сыны: Аляксандар, Фёдар; дачка Вольга.

Забіты бальшавікамі каля свайго дому па вул. Леоўскай у Кішынёве.

Дасьледчыцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар рукапіснага зборніку «Менская губэрня і яе народная творчасьць у сувязі з апісаньнем народных сьвятаў і абрадаў» (1898, зьберагаецца ў архіве Расейскага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу), у якім сабраны каштоўны матэрыял па беларускай фальклярыстыцы і этнаграфіі, выкладзеныя погляды Шыманоўскага на народную творчасьць. У зборнік уключаны разнастайныя па тэматыцы песьні: побытавыя, жаўнерскія, гістарычныя, жніўныя, карагодныя, пра каханьне; абрадавыя і каляндарна-абрадавыя песьні прыводзяцца разам з апісаньнем абрадаў і калядных сьвятаў (грунтоўнае апісаньне вясельнага абраду на Меншчыне апублікаванае ў кнізе «Вяселле: Абрад», 1978). Шырока прадстаўленыя казкі, павер’і, загадкі, прыказкі, гаспадарча-этнаграфічныя назвы і іншае. У кнізе шмат унікальных твораў, лепшыя зь іх запісаныя з захаваньнем асаблівасьцяў беларускай мовы, але без пашпартоў. Як адзначана ў працы, у збіраньні матэрыялу дапамагалі протаіярэй Рыгор Шыманоўскі, настаўніца Чэрнінскай народнай вучыльні Пелагея Нічыпараўна Густава (малодшая сястра дасьледчыка) і аднавясковец Сямён Друзік. Матэрыялы зборніка выкарыстоўваюцца навукоўцамі пры вывучэньні і публікацыях беларускага фальклёру.

«А. Н. Шыманоўскі быў і застаецца для нас выдатным пэдагогам. Ён не саступіў з гэтай пазыцыі — кірунку пэдагога, калі вывучаў біяграфію і творчасьць А. С. Пушкіна, калі пісаў пра яго кнігу, і яшчэ больш, калі зьбіраў і дасьледаваў беларускі фальклёр…»

— СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 118.

Быў актыўным удзельнікам кампаніі па ўсталяваньні помніка А. С. Пушкіну ў Кішынёве (трэцяга пасьля маскоўскага і санкт-пецярбурскага)[2]. Выдаў кнігу «А. С. Пушкін. Пра знаходжаньне яго ў Кішынёве ў сувязі з папярэднім і наступным жыцьцём» (Кішынёў, 1900)[5].

«Гэта кніга, бадай, адзіная больш ці менш змястоўная праца з усіх, што выйшлі ў Малдавіі [аб кішынёўскім пэрыядзе жыцьця А. С. Пушкіна]».

— ТРУБЯЦКОЙ, Б. А. Пушкин в Молдавии. Кишинёв, 1976.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Александр Сергеевич Пушкин: О пребывании его в Кишинёве в связи с предыдущей и последующей жизнью. Кишинёв, 1900. — 149 с (рас.)
  • Минская губерния и её народное творчество в связи с описанием народных праздников и обрядов. Архив Российского географического общества. Ф. 20. Оп. 1. Ед. хр. 8. (рас.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю А. Шыманоўскага.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяпер вёска Мікалаеўскага сельскага Савету Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобл.
  2. ^ а б МАСЛЮКОЎ, Т. В. Этнограф і пушкініст // Рэгіянальны партал — Светлагорск.
  3. ^ АНИКИН В. Русский язык как важный элемент гимназического образования в Бессарабии (XIX — начало ХХ в.) // Русин. 2007. № 2. С. 56—63. ISSN 1857-2685. (рас.)
  4. ^ Бессарабия. Графический, исторический, статистический, экономический, этнографический, литературный и справочный сборник / Под ред. П. А. Крушевана. М., 1903.(рас.)
  5. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 2. — Менск, 2002. С. 559. ISBN 985-6302-46-3.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • СКІДАН, В. І. Па слядах збіральніка фальклора // Полымя. 1977. № 3.
  • СКІДАН, В. І. Аляксандр Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1992. 14, 17 кастрычніка.
  • РАМАНЦОЎ, В.; ФЕДЗЮКОВА, Н. А. Н. Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1993. 8 верасня.
  • СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 116—118. ISBN 985-01-0254-3.
  • СКІДАН, В. І. Шыманоўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн., 2003, с. 245.
  • СКІДАН, В. І. Шыманоўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 18. Кн. 1. Мн., 2004, с. 12. ISBN 985-11-0295-4.
  • МАСЛЮКОЎ, Т. В.; КУЗЬМІЧ Л. П. Філолаг з вёскі Чэрнін: Аляксандр Шыманоўскі // Дняпроўскія матывы / Пад агульнай рэдакцыяй І. Ф. Штэйнера. Гомель, 2009, с. 140—142. ISBN 978-985-6927-03-7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Аляксандар Шыманоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў