Аляксандар Меншыкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксандар Данілавіч Меншыкаў
Александр Данилович Меншиков
Партрэт А. Д. Меншыкава. 1716—1720 гг., невядомы мастак
Партрэт А. Д. Меншыкава. 1716—1720 гг.,
невядомы мастак
Генэралісімус марскіх і сухапутных войскаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 16 лістапада 1673
Масква, Маскоўская дзяржава
Памёр: 12 лістапада 1729 (55 гадоў)
Бярозаў, Расейская імпэрыя
Сужэнец: Дар’я Міхайлаўна Арсеньева
Дзеці: Марыя, Аляксандар, Аляксандра
Бацька: Данііл Меншыкаў

Аляксандар Данілавіч Меншыкаў (па-расейску: Александр Данилович Меншиков; 6 (16) лістапада 1673, Масква12 (23) лістапада (ст. ст.) 1729, Бярозаў) — сын дробнага літоўскага шляхціча, расейскі дзяржаўны і вайсковы дзяяч, паплечнік Пятра Вялікага, пасьля яго сьмерці ў 17251728 — фактычны кіраўнік Расеі. Меў тытулы сьвятлейшага князя і герцага Іжорскага (адзіны расейскі дваранін, які атрымаў герцаскі тытул), князь Рымскай імпэрыі. Генэрал-фэльдмаршал, пры Пятры II — генэралісымус.

Маладосьць. Фаварыт цара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дзяцінстве, зарабляючы ў Маскве гандлем пірагамі, Аляксандар Меншыкаў па волі выпадку быў узяты ў слугі Ф. Я. Лефортам, па блізкасьці апошняга да цара Аляксандар у 14 гадоў прыняты Пятром у дзяншчыкі, здолеў хутка набыць ня толькі давер, але і сяброўства цара, стаць яго наперсьнікам ва ўсіх задумах і захапленьнях. Дапамагаў яму ў стварэньні «пацешных» войскаў у сяле Праабражэнскім (з 1693 году значыўся бамбардзірам Праабражэнскага палку, дзе Пётар зьяўляўся капітанам). Неадлучна знаходзіўся пры цары, суправаджаючы яго ў паездках па Расеі, у Азоўскіх паходах 16951696, у «Вялікім пасольстве» 16971698 у Заходнюю Эўропу. Са сьмерцю Лефорта Меншыкаў стаў першым памагатым Пятра, застаючыся яго даверанай асобай шмат гадоў.

Военачальнік пры Пятры I[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатковы этап Вялікай Паўночнай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас Вялікай Паўночнай вайны 17001721 гг. Меншыкаў камандаваў буйнымі сіламі пяхоты і кавалерыі, вызначыўся ў аблозе і штурмах фартэцыяў, у шматлікіх бітвах. У 1702 годзе пры аблозе Нотэбургу своечасова падасьпеў са сьвежымі сіламі да М. Галіцына, які пачаў штурм, і фартэцыя была ўзятая. Увесну наступнага году, дзейнічаў зь Пятром ля вусьця Нявы, дзе атрымаў першую марскую перамогу над швэдамі, адважным абардажным ударам паланіўшы два непрыяцельскіх караблі. Надзвычай задаволены гэтым посьпехам, цар загадаў выбіць мэдаль з такім ляканічным надпісам на ёй: «Не бываемае бывае». Меншыкаў атрымаў ва ўзнагароду ордэн Сьвятога Андрэя Першазванага (адначасова зь ім кавалерам ордэна стаў сам Пётар).

Аляксандар Данілавіч быў першым генэрал-губэрнатарам Пецярбургу1703 году да сваёй апалы ў 1727 годзе), кіраваў будаўніцтвам гораду, а таксама Кранштату, карабельных вэрфяў на рэках Нява і Сьвір, Пятроўскага і Павянецкага гарматных заводаў. Аказваючы дапамогу фэльдмаршалу Шарамецеву, садзейнічаў заваёве Дэрпту, Нарвы і Івангараду, узнагароджаны чынам генэрал-паручніка (1704 г.), затым кіраваў баявымі дзеяньнямі ў Літве і Польшчы. У 1705 годзе ўзнагароджаны польскім ордэнам Белага Арла.

Ад Каліша да Палтавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паказаўшы сябе выдатным кавалерыйскім начальнікам, Меншыкаў атрымаў перамогу над швэдзка-польскім корпусам пад Калішам 18 кастрычніка 1706 году, якая стала першай перамогай расейскіх войскаў у «правільнай бітве». Супернік не выстаяў перад атакай расейскіх драгунаў, праведзенай імкліва, і пацярпел паразу. У рашучы момант у бой рынуўся сам Меншыкаў, захапляючы за сабою падпарадкаваных. Швэды страцілі некалькі тысячаў чалавек, камандуючы А. Мардэфэльд быў узяты ў палон. Страты расейскіх войскаў апынуліся нязначнымі: 84 забітых і 324 параненых. Ва ўзнагароду за гэтую перамогу Аляксандар Данілавіч атрымаў ад цара жазло, упрыгожанае каштоўнымі камянямі, і быў узьведзены ў палкоўнікі лейб-гвардыі Праабражэнскага палку. У 1707 годзе, ізноў на чале коньніцы, ён высунуўся да Любліну, а затым да Варшавы, дзе заставаўся да верасьня.

Узнагароды, якія атрымліваў Меншыкаў, былі ня толькі вайсковымі. Яшчэ ў 1702 годзе яму па хадайніцтве Пятра быў дараваны тытул графа Рымскай імпэрыі, у 1705 годзе стаў князем Рымскай імпэрыі, а ў траўні 1707 году цар узьвёў яго ў годнасьць сьвятлейшага князя Іжорскага. Паступова рос і матэрыяльны дабрабыт сьвятлейшага князя, лік падараваных яму маёнткаў і вёсак.

Калі швэдзкае войска Карла XII зрушылася ў Беларусь і ва Ўкраіну, Аляксандар Данілавіч быў адным з самых актыўных памагатых Пятра ў барацьбе з грозным супернікам. 3 (14 ліпеня) 1708 разам з фэльдмаршалам Шарамецевым, камандаваў расейскімі войскамі ў бітве пад Галоўчынам, у якой расейцы пацярпелі паразу. З 14 сакавіка да 19 траўня 1708 Меншыкаў знаходзіўся ў Магілёўскім замку. Па яго загадзе магілёўцы вымушаны былі пастаўляць расейцам вялікую колькасьць сьпіртовых напояў, харчоў, шкуры для абіўкі экіпажаў і г.д. Паводле выразу тагачасных магілёўскіх летапісцаў Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага, «гэты пракляты чарвяк са сваім дваром... тачыў і аб’ядаў горад, і якому на харч і на паднашэньні страчана вялікая сума»[1]. 28 верасьня 1708 году ён удзельнічаў у вядомай бітве пад Лясной, якая стала, па выразе Пятра, «маці Палтаўскай перамогі». За час паміж Лясной і Палтавай Меншыкаў часта выяўляў тую празорлівасьць і імклівасьць, якіх бракавала фэльдмаршалу Шарамецеву, які разьдзяляў зь ім вышэйшае камандаваньне ў арміі. Атрымаўшы вестку аб пераходзе Мазэпы на бок швэдаў, ён зруйнаваў апорны пункт гетмана — горад Батурын, бязьлітасна зьнішчыў яго жыхароў. У траўні 1709 году атакаваў швэдаў пад Апошняй і разьбіў іх.

Пётар I у шматлікіх вайсковых пытаньнях цалкам давяраў інтуіцыі і востраму розуму свайго фаварыта, амаль усе інструкцыі, дырэктывы і навучаньні, якія цар рассылаў войскам, праходзілі праз рукі Меншыкава. Ён быў у Пятра як бы начальнікам штабу: падаўшы думку, цар нярэдка даручаў распрацаваць яе свайму найбліжэйшаму памочніку, і той знаходзіў спосаб рэалізаваць яе.

Меншыкаў адыграў вялікую ролю ў Палтаўскай бітве (27 чэрвеня (8 ліпеня) 1709), дзе камандаваў спачатку авангардам, а затым левым флангам расейскага войска. Яшчэ да ўводу ў бітву галоўных сіл ён разграміў атрад генэрала Шліпэнбаха, узяўшы апошняга ў палон. У момант сутыкненьня войскаў абрынуўся на корпус генэрала Рууса, расьсеяўшы яго, што шмат у чым абумовіла перамогу расейскага войска. За час бітвы пад Меншыкавым было забіта тры коні.

Перасьледваючы разам з Галіцыным швэдзкую армію, якая бегла з поля бітвы Меншыкаў нагнаў яе ў пераправы праз Дняпро, ля Перавалочны, і прымусіў капітуляваць. Аляксандар Данілавіч паведамляў з-пад Перавалочны: «Бягучага ад нас непрыяцеля тут мы нагналі і толькі што сам кароль з здраднікам Мазэпаю ў малых людзях сыходам выратаваліся, а астатніх швэдаў усіх жывымі на акорд у палон пабралі, якіх будзе лікам каля дзесяці тысячаў, паміж якімі генэрал Левэнгаўпт і генэрал-маёр Крэйц. Гарматы, усю амуніцыю таксама ўзяў». Фактычна ў палону апынулася больш за 16 тысячаў швэдаў.

За Палтаву Меншыкаў быў удастоены чыну генэрал-фэльдмаршала. Акрамя таго, у яго валоданьне былі перададзеныя гарады Пачэл і Ямпаль, якія павялічылі лік яго прыгонных на 43 тысячы душ мужчынскага полу. Па ліку прыгонных ён стаў другім пасьля цару валадаром у Расеі. Пры ўрачыстым уезьдзе Пятра ў Маскву 21 сьнежня 1709 году Аляксандар Данілавіч знаходзіўся па правай руцэ цара, чым падкрэсьліваліся яго выключныя заслугі.

Заключны этап Вялікай Паўночнай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 17091713 гг. Меншыкаў камандаваў войскамі, якія ваявалі са швэдамі ў Польшчы, Курляндыі, Памэраніі і Гальштыніі. Затым яго дзейнасьць засяродзілася на пытаньнях унутраных справаў дзяржавы, дакранаючыся, з прычыны яго блізкасьці да цара, усіх найважных дзяржаўных клопатаў. У 1715 г. Аляксандар Данілавіч з флётам прыбыў у Рэвэль, дзе займаўся будаўніцтвам гавані. За ўдзел у марскіх справах супраць швэдаў і клопат аб флёце атрымаў чын контар-адмірала (1716 г.). У 17181724 і 17261727 гадох сьвятлейшы князь зьяўляўся прэзыдэнтам Ваеннай калегіі, адказваў за ўладкаваньне ўсіх узброеных сілаў Расеі. У дзень падпісаньня Ніштацкага міру, які завяршыў працяглую барацьбу са швэдамі, Меншыкаву быў прысвоены чын віцэ-адмірала.

Фактычнае кіраваньне краінай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці Пятра найясьнейшы князь, абапіраючыся на гвардыю, у студзені 1725 году ўзьвёў на пасад жонку цара Кацярыну I і стаў фактычна кіраўніком краіны. З уступам на пасад Пятра II (сына царэвіча Аляксея Пятровіча) ён быў удастоены чыну поўнага адмірала і званьня генэралісімуса, яго дачка Марыя была заручаная зь юным імпэратарам. Але, недаацаніўшы сваіх нядобразычліўцаў, утоеных і відавочных ворагаў, Меншыкаў ня змог утрымаць свой уплыў.

В. І. Сурыкаў. «Меншыкаў у Бярозаве» (1883)

Выгнаньне і сьмерць. Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па абвінавачваньнях у злоўжываньнях і дзяржаўнай здрадзе Аляксандар Данілавіч быў сасланы са сваёй сям’ёй у Бярозаў Табольскай губэрні, дзе і памёр 12 лістапада 1729 году ва ўзросьце 56 гадоў. Яго пахавалі ля алтару пабудаванай яго рукамі царквы; потым рака Сосьва змыла гэтую магілу. Дзеці Меншыкава былі вызваленыя з выгнаньня імпэратрыцай Ганнай Іванаўнай у 1731 годзе.

З нашчадкаў Аляксандра Данілавіча найбольш вядомы яго праўнук адмірал Аляксандар Сяргеевіч Меншыкаў, ваенна-марскі дзяяч, галоўнакамандуючы сухапутнымі і марскімі сіламі ў Крымскай вайне 18531856 гадоў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Агеев, А.Г., Климуть, Я.И., Пушкин, И.А., Перекрёстки могилёвской истории, Минск, Туринфо, 2004, с.47

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Аляксандар Меншыкаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў