Перайсьці да зьместу

Аляксандар Зьвераў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Зьвераў
Краіна
Пражывае ў
Нарадзіўся 20 красавіка 1997(1997-04-20)[1] (29 гадоў)
Рост 198 см
Вага 90 кг
Пачатак кар’еры 2013 — цяпер
Прызавыя грошы 66 017 932 $[2]
Адзіночны разрад
Матчаў 558–233[2]
Тытулаў 24
Найвышэйшы рэйтынг 2 (13 чэрвеня 2022)
Турніры Вялікага шлему
Аўстралія фінал (2025)
Францыя фінал (2024)
Ўімбэлдан 4 раўнд (2017, 2021, 2024)
ЗША фінал (2020)
Асноўныя турніры
Кубак Мастэрз перамога (2018, 2021)
Алімпіяда золата (Токіё, 2021)
Парны разрад
Матчаў 76–96[2]
Тытулаў 3
Найвышэйшы рэйтынг 68 (18 сакавіка 2019)
Турніры Вялікага шлему ў пары
Францыя 1 раўнд (2016)
Аляксандар Зьвераў у Вікісховішчы

Алякса́ндар Зьве́раў (па-нямецку: Alexander Zverev; нар. 20 красавіка 1997 году) — нямецкі тэнісіст. У чэрвені 2022 году ён узьняўся на другі радок сусьветнага рэйтынгу ў мужчынскім адзіночным разрадзе паводле вэрсіі Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў (АТП). Паходзіць з расейскай сям’і тэнісістаў, якія пераехалі ў Гамбург.

Зьвераў на US Open у 2016 годзе.

Дэбютаваў на турнірах АТП у 2014 годзе ў веку 17 гадоў. Свой першы сэзон скончыў на 136-м месцы ў рэйтынгу[3]. У наступным сэзоне спартовец трапіў у фінал адкрытага чэмпіянату Баварыі ў парным разрадзе. Год скончыў на 83-м радку рэйтынгу адзінкавага разраду[3][4]. Як наймаладзейшы гулец у топ-100, ён быў прызнаны наваком году АТП[5]. У наступным сэзоне тэнісіст хутка прасоўваўся ў рэйтынгу. Гэтаму паспрыяла прасоўваньне ў фіналы на турнірах у Ніццы і Гале[6]. Крыху пазьней Зьвераў перамог на адкрытым чэмпіянаце Санкт-Пецярбургу. Пасьля турніру Мастэрз у Шанхаі немец узьняўся на 20-е месца рэйтынгу. Падчас сэзону 2017 году Зьвераў значна палепшыў свае вынікі на турнірах найвышэйшага ўзроўню АТП-тура, за выняткам чатырох турніраў Вялікага шлему. На адкрытым чэмпіянаце Зюд-дэ-Франс спартовец узяў тытул як у адзінкавым, гэтак і ў парным разрадах. У тым жа годзе ён упершыню трыюмфаваў на турніры Мастэрз, узяўшы тытул на адкрытым чэмпіянаце Рыму. Вярнуўшыся на цьвёрдыя корты, Зьвераў выйграў свае апошнія два тытулы ў сэзоне ў жніўні. Зьвераў скончыў год на чацьвертым месцы ў рэйтынгу. Спартовец захоўваў сваё месца ў топ-5 рэйтынгу цягам усяго наступнага году[3], аднак ён усё яшчэ ня меў высокіх вынікаў на буйных турнірах. На грунтавых кортах спартовец узяў некалькі тытулаў, а на адкрытым чэмпіянаце Францыі ён прасунуўся да чвэрцьфіналу. Другая палова сэзону была цяжкай, але скончылася перамогай немца на выніковым турніры АТП. У фінале турніру тэнісіст перамог сэрба Новака Джокавіча зь лікам 6–4, 6–3.

У 2019 годзе ў Зьверава меліся цяжкасьці з гульнёю, а адзіны тытул быў здабыты на адкрытым чэмпіянаце Жэнэвы[7]. Тэнісіст тлумачыў свае цяжкасьці ў пачатку сэзону тым, што яго абцяжарвала судовая справа з сваім былым агентам Патрысіё Апэем, зь якім ён расстаўся ў міжсэзоньні[8]. Ён выбыў зь першай пяцёркі ў пачатку жніўня ўпершыню за амаль два гады[3], а сэзон Зьвераў скончыў на 7-м месцы ў сусьветным рэйтынгу[3]. Немец упершыню прабіўся ў паўфінал аднаго з турніраў Вялікага шлему, адзначыўся гэтым на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2020 году. Пачынаючы з 12 сакавіка і да пачатку жніўня АТП прыпыніла турніры праз пандэмію каранавірусу[9][10][11]. Па аднаўленьне спаборніцтваў Зьвераў дакрочыў да фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША. У 2021 годзе ён выйграў свой 14-ы тытул АТП, перамогшы ў фінале на турніры ў Акапулька Стэфанаса Цыцыпаса[12]. Затым рушыла перамога на адкрытым чэмпіянату Мадрыду і выхад у паўфінал Ралян Гаросу, дзе спартовец саступіў Цыцыпасу ў пяці сэтах[13]. На Ўімбэлданскім турніры немец выбыў у чацьвертым раўндзе, але гэта не зашкодзіла яму вярнуцца ў ліпені 2021 году ў топ-5 амаль праз 2 гады. На летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году, якія ладзіліся ў 2021 годзе празь перанос, атлет узяў залаты мэдаль для Нямеччыны. Да канца году ён разжыўся яшчэ некалькімі тытуламі, у тым ліку зноў стаў пераможцам выніковага турніру АТП.

Немец на турніры ў Монтэ-Карлё ў 2022 годзе.

У 2022 годзе спартовец даходзіў да фіналаў розных турніраў, але тытулаў яму бракавала. На адкрытым чэмпіянаце Францыі ў паўфінальным матчы супраць Рафаэля Надаля, ён скончыў матч праз 3 гадзіны і 13 хвілінаў пасьля пачатку пасьля таго, як пашкодзіў правую шчыкалатку і парваў усе тры бакавыя вязы[14]. У выніку спартоўца вывезьлі з корта ў інвалідным вазку[15]. Зьвераў паведаміў, што траўма вымусіць яго прапусьціць некалькі турніраў, а 8 чэрвеня 2022 году яму была зробленая апэрацыю па аднаўленьні разарваных вязаў[16]. Не зважаючы на вылет з Ралян Гаросу, 13 чэрвеня 2022 году ён дасягнуў найлепшага ў сваёй кар’еры месца ў сусьветным рэйтынгу, якім стаў другі радок[17]. Аднак, 2022 год спартовец скончыў на 12-м месцы ў рэйтынгу, то бок найніжэйшым за пяць гадоў[18]. Зьвераў упершыню пасьля траўмы шчыкалаткі вярнуўся ў тур, узяўшы ўдзел у першым Аб’яднаным кубку. Пасеяны пад 13-м нумарам на адкрытым чэмпіянаце Мадрыду, ён атрымаў сваю 350-ю перамогу ў кар’еры, стаўшы адзіным гульцом да 30 гадоў, які дасягнуў такога паказьніка[19][20]. Улетку вынікі спартоўца палепшыліся, то бок ён трапіў у паўфінал адкрытага чэмпіянату Жэнэвы і на Ралян Гаросе. На турніры ў Штутгарце ён таксама дакрочыў да паўфіналу[21]. Перамогай для тэнісіста стаў турнір у Гамбургу.

У Мэльбурне ён упершыню з 2020 году выйшаў у паўфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі[22]. Пасьля гэтага быў шэраг няўдалых выступаў, але ў Рыме Зьвераў здабыў свой шосты тытул Мастэрз, перамогшы ў фінале Нікаляса Хары. На адкрытым чэмпіянаце Францыі гулец прасунуўся ў фінал буйнога турніру ўпершыню пасьля адкрытага чэмпіянату ЗША 2020 году і ў свой першы на грунте[23][24]. У спрэчным матчы ён саступіў Алькарасу. Пасьля шэрагу турнірах на травяных кортах, вярнуўшыся на грунт, Зьвераў дайшоў да фіналу ў Гамбургу, зазнаўшы паразу ад француза Арцюра Фіса ў трох сэтах[25]. Перамога чакала тэнісіста на турніры Мастэрз у Парыжы, дзе немец выгуляў у фінале Юго Юмбэра, вярнуўшыся на другі радок сусьветнага рэйтынгу. На пачатку 2025 году спартовец трапіў у свой трэці фінал турніру Вялікага шлему, згуляўшы там на Аўстраліян Оўпэн супраць Яніка Сынэра[26]. Немец саступіў італьянцу, а на пасьляматчавай прэсавай канфэрэнцыі ён разважаў пра сваю кар’еру і ціск ад таго, што ён ёсьць толькі сталым прэтэндэнтам на тытул Вялікага шлема, адзначыўшы, што ня хоча быць найлепшым гульцом у гісторыі безь Вялікага шлема[27][28][29]. Цягам наступных двух месяцаў Зьвераў даходзіў да чвэрцьфіналаў паўднёваамэрыканскіх турніраў, у якіх браў удзел. У красавіку 2025 году немец выйграў свой трэці тытул у Мюнхэне і 24-ы ў агульным заліку ў свой дзень народзінаў, абгуляўшы ў двух сэтах Бэна Шэлтана. На траве Зьвераў дакрочыў да свайго трэцяга фіналу цягам сэзону на турніры ў Штутгарце, зазнаўшы паразу ад Тэйлара Фрыца ў трох сэтах, што стала ягонай пятай паразай запар супраць амэрыканца[30]. Тэнісіст скончыў сэзон, заняўшы трэці радок у сусьветным рэйтынгу пасьля Сынэра і Алькараса.

  1. 1 2 Munzinger Personen (ням.)
  2. 1 2 3 Association of Tennis Professionals website
  3. 1 2 3 4 5 Alexander Zverev Rankings History. ATP Tour. Архіўная копія ад 06.10.2020 г.
  4. Zverev Survives Ymer In Stockholm. ATP Tour (19.10.2015). Архіўная копія ад 30.07.2021 г.
  5. Bryans, Chung, Djokovic, Federer, Paire & Zverev Honoured In 2015 ATP Tour Awards. ATP Tour (11.11.2015). Архіўная копія ад 30.07.2021 г.
  6. Zverev Dethrones Federer In Halle, Sets Mayer Final. ATP Tour (18.06.2016). Архіўная копія ад 30.07.2021 г.
  7. Zverev Saves 2 M.P. For Geneva Title. ATP Tour (25.05.2019). Архіўная копія ад 02.08.2021 г.
  8. His confidence "below zero", Zverev alludes to issues with ex-agent. Tennis.com. Архіўная копія ад 07.03.2021 г.
  9. ATP Suspends Tour For Six Weeks Due To Public Health & Safety Issues Over COVID-19 // www.atptour.com, 12.03.2020 г. Архіўная копія ад 02.04.2020 г.
  10. ATP tour chief not ruling out 2020 return // www.reuters.com, 09.05.2020 г. Архіўная копія ад 06.09.2023 г.
  11. Tennis-ATP Tour suspension extended to July 31 due to COVID-19 pandemic // www.devdiscourse.com, 15.05.2020 г.
  12. Zverev Clinches Acapulco Title In Tsitsipas Classic. www.atptour.com. Архіўная копія ад 24.04.2021 г.
  13. Zverev: 'I'm Not Satisfied With A Great Match, I Want To Win'. www.atptour.com. Архіўная копія ад 14.06.2021 г.
  14. Zverev Faces Extended Break After Ankle Surgery // www.atptour.com, 08.06.2022 г. Архіўная копія ад 05.10.2022 г.
  15. McGrogan, Ed. Alexander Zverev taken off court in wheelchair after rolling ankle against Rafael Nadal; Rafa advances to Roland Garros final, 7–6 (8), 6–6 // www.tennis.com, 03.06.2022 г. Архіўная копія ад 04.04.2023 г.
  16. Zverev Faces Extended Break After Ankle Surgery. ATP Tour (08.06.2022). Архіўная копія ад 09.06.2022 г.
  17. read, Riley MorganSports Reporter·3 min (07.06.2022) Alexander Zverev's brutal Wimbledon blow after horror injury. Yahoo Sports.
  18. Alexander Zverev beats Novak Djokovic to seal World Tennis League win for Team Hawks. Tennis.com (20.12.2022). Архіўная копія ад 06.12.2023 г.
  19. Berkok, John. Stat of the Day: Alexander Zverev battles to milestone 350th win of career in Madrid // www.tennis.com, 28.04.2023 г. Архіўная копія ад 10.06.2023 г.
  20. Zverev Sprints Through Finish In Madrid Marathon // www.atptour.com, 28.04.2023 г. Архіўная копія ад 05.05.2023 г.
  21. Rublev Sets Bublik Final In Halle. ATP (24.06.2023).
  22. Zverev thwarts Alcaraz escape bid to make semis | AO. ausopen.com. Архіўная копія ад 30.01.2024 г.
  23. Carlos Alcaraz, Alexander Zverev to meet in French Open final. NBC Sports (07.06.2024). Архіўная копія ад 07.06.2024 г.
  24. Alexander Zverev powers past out-of-sorts Casper Ruud to set up Carlos Alcaraz showdown in French Open final. Eurosport (07.06.2024). Архіўная копія ад 09.06.2024 г.
  25. Arthur Fils beats Zverev in thriller to clinch Hamburg Open title. Tennis Majors (21.07.2024). Архіўная копія ад 21.07.2024 г.
  26. Snape, Jack. Jannik Sinner playing different tune to everyone else in dismantling of Zverev // The Guardian, 26.01.2025 г.
  27. Zverev: "I don't want to end my career as the best player without a Grand Slam title". Puntodebreak.com. Архіўная копія ад 20.07.2025 г.
  28. Cambers, Simon (26.01.2025) Zverev: "I don't want to end my career as the best player never to win a Grand Slam". Tennis Majors.
  29. Australian Open: Zverev does not want to be 'the best player never to win a grand slam'. SportyTV.
  30. Taylor Fritz tops Alexander Zverev to win Stuttgart Open title. ESPN.com (15.06.2025).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]