Альбэрт Гаштольд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Альбрыхт Гаштольд»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Альбэрт Гаштольд
Альбэрт Гаштольд
Альбэрт Гаштольд
Herb Abdank.svg
Герб «Габданк»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся
Вільня, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр сьнежань 1539
Вільня, Вялікае Княства Літоўскае
Пахаваны Касьцёл Сьвятых Станіслава й Уладыслава
Род Гаштольды
Бацькі Марцін Гаштольд
Марына з Трабскіх
Жонка Соф’я зь Вярэйскіх
Дзеці Станіслаў
Дзейнасьць вайсковец

Альбэрт Гаштольд[1] (? — сьнежань 1539) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік наваградзкі (1503—1506), падчашы вялікі літоўскі (1505—1509), ваявода наваградзкі (1508—1513), полацкі (1513—1519), троцкі (1519—1522) і віленскі (з 1522), канцлер вялікі літоўскі (з 1522)[2].

Альбэрт Гаштольд — найбагацейшы магнат свайго часу: паводле попісу 1528 году ставіў у войска Вялікага Княства 466 вершнікаў, г. зн. меў больш за 7 тыс. радзінаў падданых. У 1522 кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў яму прывілей прыпячатаць дакумэнты не зялёным, а чырвоным воскам, на што мелі права толькі асобы каралеўскага роду[3] У 1529 атрымаў графскі тытул ад Папы Рымскага Клімэнта VII, а ў 1530 — тытул графа на Мураваных Геранёнах ад імпэратара Карла V.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Гаштольдаў гербу «Габданк», сын Марціна, маршалка вялікага літоўскага, і Марыны з Трабскіх[3]. Страціў бацькоў у маленстве, апекаваўся мачахай Ганнай з Гальшанскіх і бабкай княгіняй Трабскай.

Надмагільле А. Гаштольда. Ю. Азямблоўскі, 1840

З 1501 пры двары вялікага князя Аляксандра. Каля 1492, відаць, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.

Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508). Не падтрымаў бунт М. Глінскага, але ў 1509—1510 быў зьняволены, напэўна, праз інтрыгі свайго супраціўніка М. Радзівіла.

У часе чарговай агрэсіі Маскоўскай дзяржавы (1512—1522) удзельнічаў у абароне Полацку (1514). Патрабаваў выселіць зь Вялікага Княства польскіх каталіцкіх манахаў за няведаньне мовы народу і амаральныя паводзіны[4].

Надмагільле А. Гаштольда з «Tygodnik Ilustrowany», 1872

Спрыяў абвяшчэньню ў 1529 Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім, што было спробай адасобіць Вялікае Княства ад Кароны. Усталяваў добрыя адносіны з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся зь ім наконт Ф. Скарыны[2].

Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1529), зь ягонай ініцыятывы ў Статут ўлучылі прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не зьяўляліся ўраджэнцамі Вялікага Княства, ня мелі права займаць тут урады і набываць нерухомую маёмасьць[4].

Сабраў вялікую бібліятэку, дзе акрамя кірылычных славянскіх рукапісаў былі кнігі на лацінскай, польскай і чэскай мовах. Імаверна, быў ініцыятарам першай разгорнутай рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, якая ўлучала паданьне пра паходжаньне літоўскай знаці ад рымскіх патрыцыяў, а таксама пра Пятра Гаштольда, які нібыта ў часы Альгерда спрыяў пашырэньню каталіцтва на Літве.

Уладаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напярэдадні 1495 атрымаў ад бабулі па маці княгіні Марыны, удавы князя Сямёна Гальшанскага-Трабскага і дачкі князя Дзьмітрыя «Сякіры» Друцкага-Зубравіцкага, вялізную спадчыну апошняга: Быхаў і Тайманаў на Дняпры, Дабосьню ў Бабруйскай воласьці, вялікія маёнткі на Кіеўшчыне, імаверна таксама Шклоў[4].

Шлюб з адзінай дачкой і спадкаемніцай князя Васіля Вярэйскага Соф’яй на пачатку XVI ст. прынёс яму замак Любеч, Валожын у Ашмянскім павеце, Койданаў, Радашкавічы і Ўсу ў Менскім павеце. Купіў, вымяняў і атрымаў у спадчыну шмат іншых маёнткаў. Трымаў Бельскае (з 1513), Мазырскае (з 1514), Барысаўскае (з 1525)[4] і Гарадзенскае (з 1533) староствы[2].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншыя формы імя: Альбрэхт, Альбрыхт
  2. ^ а б в Валерый Пазднякоў. Гаштольд Альбрэхт Марцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 517.
  3. ^ а б Аляксандр Ярашэвіч. Гаштольды // «Спадчына» № 6, 1992.
  4. ^ а б в г А. М. Нарбут. Гаштольды // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 500.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Альбэрт Гаштольдсховішча мультымэдыйных матэрыялаў