Перайсьці да зьместу

Алесь Яўсеенка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Яўсеенка
Дата нараджэньня 14 чэрвеня 1958(1958-06-14) (66 гадоў)
Месца нараджэньня

Алесь Яўсеенка, псэўданімы: Рыг-Рыгоравіч, Савіцкі (нар. 14 чэрвеня 1958, Гомель) — беларускі грамадзка-палітычны актывіст, у 1986—1990 гг. старшыня гомельскай «Талакі».

Скончыў Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Ад пачатку ўтварэньня гомельскай «Талакі» (першая палова 1986 году) да 1990 году быў яе старшынём. Рэпрэзэнтаваў «Талаку» ў Канфэдэрацыі беларускіх суполак[1]. Зь ягоным удзелам у Гомлі быў створаны Каардынацыйны цэнтар у падтрымку Перабудовы, куды ўваходзілі нефармальныя суполкі гораду. Каардынацыйны цэнтар ладзіў пікеты па зборы подпісаў вернікаў аб перадачы Петра-Паўлаўскага сабора вернікам (пачынаючы з 1987 году); ладзіліся жалобныя пікеты і мітынгі ў Гомлі, прысьвечаныя Чарнобыльскай катастрофе, зьбіраліся подпісы за адкрыцьцё беларускіх клясаў (здолелі дамагчыся адкрыцьця беларускай нацыянальнай школы ў Палацы моладзі «Гомсельмаш»).

Разам з «Талакой» удзельнічаў у водным ралі па Дзьвіне супраць будаўніцтва Дзьвінскай (Даўгаўпілскай) ГЭС, па Прыпяці супраць мэліярацыі Палесься. Быў адным з арганізатараў у Гомлі БНФ, ТБМ. Арганізоўваў у Гомлі аддзяленьне Беларускай нацыянальна-дэмакратычнай партыі, Беларуска-хрысьціянскай злучанасьці. У сувязі з сваёй актыўнай грамадзкай пазыцыяй шмат разоў перасьледаваўся з боку ўладаў. Нэгатыўныя матэрыялы зьяўляліся ў «Мэтадычных дапаможніках для службовага карыстаньня работнікаў апарату абкаму партыі г. Гомля», «Гомельскай праўдзе» і іншае.

Вядомы як публіцыст і выдавец. У 1990 у Гомлі пачала выдавацца газэта «Атава», дзе быў рэдактарам і аўтарам. Таксама друкаваўся ў газэтах «Навіны БНФ», «Свабода», «Наша Ніва».