Перайсьці да зьместу

Ак Барс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 55°48′46″ пн. ш. 49°5′54″ у. д. / 55.81278° пн. ш. 49.09833° у. д. / 55.81278; 49.09833

«Ак Барс»
Тып публічнае акцыйнае таварыства
Заснаваная 29 лістапада 1993 (31 год таму)
Уласьнікі Дзяржаўны жыльлёвы фонд пры прэзыдэнце Татарстану і ўрад Татарстану (па 20%), «Сувязьінвэстнафтахім» (14%)
Краіна Расея
Разьмяшчэньне Татарстан
Адрас Казань, Кіраўскі раён, вуліца Сьнежаньцаў, дом 1[1]
Ключавыя фігуры Валеры Сарокін (старшыня рады кіраўнікоў), Зуфар Гараеў (старшыня ўправы)
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі абмен валюты, аплатная картка, банкаўскі рахунак, грашовы перавод, давернае кіраваньне, лізінг, пазыка, уклад, гандаль каштоўнымі мэталамі
Абарачэньне 120,76 млрд рас.руб[2] (2024 год; 1,187 млрд $)[3]
Апэрацыйны прыбытак 8,674 млрд рас.руб (2024 год; 86,1 млн $)
Чысты прыбытак 7,269 млрд рас.руб (2024 год; 71,4 млн $)
Лік супрацоўнікаў 4707 (2023 год)[4]
Аўдытар «Тэхналёгіі даверу — Аўдыт» (Масква)

«Ак Барс» (ад тат. ак барс — «белы барс») — дзяржаўны камэрцыйны банк Расеі, заснаваны ў лістападзе 1993 году ў Казані (Татарстан).

На 2025 год налічваў 166 аддзяленьняў у Расеі і аказваў звыш 100 відаў паслугаў[5]. Быў удзельнікам «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія) і «Маскоўскай біржы»[6].

На 2025 год найбольшыя долі паёў у «Ак Барс» Банку мелі:

29 лістапада 1993 году ў Казані (Татарстан, Расея) на ўлік паставілі акцыйны камэрцыйны банк «Ак Барс». Кіраўніцтва разьмясьцілі ў былой гасьцініцы па вуліцы Сьнежаньцаў, дом 1. У ліпені 1994 году «Ак Барс» стаў упаўнаважаным банкам Кабінэту міністраў Татарстану для абслугоўваньня рахункаў ураду. Таксама пачалі выпускаць вэксэлі. У 1995 годзе банк атрымаў дазвол на гандаль валютай, які пашырылі на фізычных асобаў. Сярод іншага, стварылі 22 прадстаўніцтвы «Ак Барс» у Татарстане. Урэшце, Цэнтральны банк Расеі ўлічыў 2-і выпуск паёў «Ак Барсу», па выніках якога статутны капітал банку склаў 20 млрд расейскіх рублёў (4,3 млн даляраў)[9].

У 1997 годзе «Ак Барс» упаўнаважылі захоўваць залаты запас Татарстану. Аплачаны статутны капітал банку склаў 537,6 млрд рас.рублёў (90,2 млн даляраў). 9 ліпеня 1997 году далучаны «Татінфрабанк» пераўтварылі ў Казанскае аддзяленьне «Ак Барсу». Адчынілі першыя 2 аддзяленьні ў Мамадышы і Бугульме. У 1998 годзе банк пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства. «Ак Барс» стаў сябрам «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія). Статутны капітал банку павялічылі на 1,5 млрд дэнамінаваных рас.рублёў да 2 млрд рас.рублёў (96,8 млн $). У 1999 годзе «Ак Барс» пачаў рабіць грашовыя пераводы праз амэрыканскае прадпрыемства «Заходні зьвяз» (штат Каларада) і ўступіў у Аб'яднаньне расейскіх банкаў. 30 чэрвеня 1999 году далучылі «Інтэркамабанк». Сярод іншага, банк уступіў у Аб'яднаньне ўдзельнікаў вэксэльнага рынку (АУВР)[9].

У 2000 годзе лік рахункаў юрыдычных асобаў у банку перавысіў 14 000. Пачалі пазычаць на набыцьцё спажывецкіх тавараў. Лік выпушчаных банкам аплатных картак перавысіў 55 000, сярод якіх былі карткі «Эўраплата» (Бэльгія) і «Залатая карона». Таксама «Ак Барс» пачаў выпускаць амэрыканскія аплатныя карткі «Мастэркард» і «Маэстра». У 2001 годзе падпісалі Пагадненьне аб праектным фінансаваньні да 5 млн эўра з «Баварскім іпатэчна-саюзным банкам» (Нямеччына). Таксама атрымалі першую партыю золата вагой 36 кг і прыступілі да пазычаньня малым прадпрыемствам Татарстану. У 2002 годзе падпісалі пазыковае пагадненьне на 15 млн даляраў ЗША з «Райфазэнаўскім цэнтральным банкам Аўстрыі» (Вена). Партфэль пазыкаў ад «Ак Барсу» склаў звыш 5,2 млрд рас.рублёў (163 млн $), а лік яго ўкладнікаў перавысіў паўмільёну. Сярод іншага, падпісалі пазыковае пагадненьне на 25 млн эўра зь «Більбаўска-біскайскім банкам Аргентарыя» (Басконія), які быў найбольшым банкам Гішпаніі[9].

У 2003 годзе банк прыступіў да выдачы іпатэчных пазыкаў у Татарстане. «Ак Барс» прынялі ў «Расейскую гандлёвую сыстэму». Таксама банк заключыў пагадненьне аб выплаце пэнсіяў праз аддзяленьні і сядзібы «Ак Барсу» з аддзяленьнем Пэнсійнага фонду Расеі па Татарстане. У 2004 годзе падпісалі пазыковае пагадненьне наконт 12 млн эўра на 5 гадоў з «Камэрцыйным банкам» Чэхіі. Запусьцілі 1-ю чаргі працэсінгавага асяродку банку. Памер статутнага капіталу вырас да 8 млрд рас.рублёў (288 млн $) за кошт дадатковага разьмяшчэньня паёў на біржы. Стварылі 4 аддзяленьні ў іншых рэгіёнах Расеі ў Чабаксарах (Чувашыя), Марый Эл, Ніжнім Ноўгарадзе і Ўльянаўску. У 2005 годзе банк стаў сузаснавальнікам Нацыянальнага бюро крэдытных гісторыяў і сябрам амэрыканскай аплатнай сыстэмы «Віза» з правам выпуску яе аплатных картак. Запрацаваў асяродак апрацоўкі выклікаў. Сетка банку дасягнула 33-х аддзяленьняў, 61-й сядзібы, прадстаўніцтва і 100 касаў. Абсяг прыватных укладаў перавысіла 10 млрд рас.рублёў (347 млн $)[9].

1 сьнежня 2006 году Цэнтральны банк Расеі ўлучыў «Ак Барс» у 30-ку найбольшых банкаў Расеі. У тым пераліку банк заняў 1-е месца паводле абсягу выдадзеных малым прадпрыемствам пазыкаў, 14-е — паводле памеру ўласнага капіталу, 18-е — паводле сумы чыстых сродкаў і 21-е — паводле прыбытку. Пасьля дадатковага выпуску паёў памёр статутнага капіталу банку перавысіў 19 млрд рас.рублёў (721 млн $). 10 верасьня 2007 году прыцягнулі 100 млн даляраў сумеснай пазыкі ад «Такійскага аб'яднанага банку Міцубісі» (Японія) і інвэстыцыйнага банку «Ліёнскі земляробчы крэдыт» (Францыя). Да 1 кастрычніка 2007 году партфэль раздробных пазыкаў банку вырас на 77 % да 17,3 млрд рас.рублёў (693 млн $). У 2008 годзе сетка банку вырасла да 46 аддзяленьняў, 26 якіх месьціліся па-за Татарстанам у найбольшых гарадах Расеі. На 1 студзеня 2008 году памер прыцягнутых сродкаў фізычных асобаў склаў 24,9 млрд рас.рублёў (1,014 млрд $). У 2008 годзе падпісалі Дамову аб сумесным прадпрыемстве з «Карэйскай нафтахімічнай карпарацыяй» (Сэул) пад прыцягненьне пазыкі на 75 млн даляраў. Таксама банк атрымаў дазвол на эквайрынг у амэрыканскай аплатнай сыстэме «Мастэркард» (штат Нью-Ёрк). Сярод іншага, на біржы разьмясьцілі 3-гадовыя эўрааблігацыі на 300 млн даляраў, на якія паступіла 75 заявак. У 2009 годзе статутны капітал павялічылі на 47 % да 28,2 млрд рас.рублёў (939 млн $)[9].

У 2010-м падпісалі пазыковае пагадненьне на закупку абсталяваньня ў краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця са «Зьвязам банкаў Швайцарыі» (Цюрых) пад паруку экспартных пазыковых службаў тых краінаў. 12 верасьня 2011 году заключылі першую ў Расеі ісламскую ўгоду мурабаха з прыцягненьнем 60 млн даляраў. 13 ліпеня 2012 году разьмясьцілі эўрааблігацыі на 600 млн даляраў пад 8 % гадавых з пагашэньнем у 2022 годзе пры дапамозе «Швайцарскага крэдыту» (Цюрых). 19 лістапада 2012 году выпусьцілі эўрааблігацыі на яшчэ 500 млн даляраў пад 8,75 % гадавых з пагашэньнем у 2015 годзе. Па выніках 2012 году «Ак Барс» павялічыў выдачу іпатэчных пазыкаў на 102 %, што дазволіла банку заняць 8-е месца паводле ліку такіх выдадзеных пазыкаў і 9-е месца паводле іх абсягу ў Расеі. 5 ліпеня 2013 году прадставілі наручны гадзіньнік з убудаванай аплатнай карткай «Мастэркард», які дазваляў рабіць пакупкі на суму да 1000 рас.рублёў (30 $) без пэрсанальнага ідэнтыфікацыйнага нумару[9].

29 студзеня 2014 году прыцягнулі 100 млн даляраў ад 11 замежных банкаў на ісламскіх умовах мурабахі. 11 сакавіка 2015 году запусьцілі мабільны дастасунак пад «Андроід» і «айОС» для аплаты анлайн. 6 жніўня 2015 году выпусьцілі 3-гадовыя эўрааблігацыі на 1,5 млрд $ пад 8 % гадавых. 16 лістапада 2015 году «Ак Барс» далучыўся да сумеснай пазыкі «Банку разьвіцьця Беларусі» на 160 млн даляраў ад 7 іншых расейскіх банкаў. 1 сьнежня 2015 году заключылі першае пагадненьне аб пазыцы пакупніку на 1 млн рас.рублёў (14 тыс. $) зь «Белгазпрамбанкам» як банкам Беларусі пры страхаваньні ад «Эксару». 23 сакавіка 2016 году ўвялі грашовы перавод з карткі на картку праз вэб-бачыну. 27 чэрвеня 2017 году статутны капітал павялічылі праз дадатковы выпуск паёў да 48 млрд рас.рублёў (833 млн $). 21 жніўня 2017 году ўвялі рэфінансаваньне пазыкаў у іншых банках пры ўмове папярэдніх своечасовых 6 штомесячных выплатаў. 27 сьнежня 2018 году «Ак Барс» арганізаваў сумесную пазыку «Беларусбанку». 6 лютага 2019 году заключылі 1-ю ўгоду з банкам Узбэкістану, 13 сакавіка — з банкам Армэніі, а 3 чэрвеня — з банкам Казахстану. 28 сакавіка 2019 году прадставілі службу бескантактай аплаты «Мір» для смартфона. 23 красавіка 2019 запусьцілі мабільны дастасунак для ўкладаньняў, а 24 красавіка — ісламскую іпатэку ў растэрміноўку[9].

10 лютага 2020 году «Ак Барс» стаў суарганізатарам 1-га выпуску аблігацыяў лесапрамысловага холдынгу «Сягежа». 10 чэрвеня 2021 году выступіў суарганізатарам сумеснай пазыкі на 1,25 млрд даляраў «Уралкалію». 21 кастрычніка 2021 году запусьцілі паслугі факторынгу. 9 лістапада 2022 году запусьцілі ўклад у кітайскіх юанях для фізычных асобаў[9].

Старшыні Рады кіраўнікоў:

Старшыні Ўправы:

  • Робэрт Мінегаліеў (2003 — кастрычнік 2015)
  • Зуфар Гараеў (ад 9 лістапада 2015 году)
  1. ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  2. ^ Натальля Косава, Т.Р. Карымаў. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2024 год згодна з МСФС і аўдытарскія высновы (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 21 сакавіка 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  3. ^ Афіцыйныя курсы валютаў на зададзеную дату, якія ўсталёўваюць штодзень (101,6797 рас.рублі за даляра) (рас.) // Цэнтральны банк Расеі, 31 сьнежня 2024 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  4. ^ Справаздача за 2023 год (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 14 сакавіка 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  5. ^ Пра банк (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  6. ^ Агульныя зьвесткі (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  7. ^ «Ак Барс» Банк (рас.) // АТ «Сбондс.ру» (Санкт-Пецярбург), 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  8. ^ Уласьнікі «Ак Барс» Банку (рас.) // Прадпрымальніцкі партал «Бычыны рог», 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.
  9. ^ а б в г д е ё ж з Гісторыя (рас.) // ПАТ «Ак Барс» Банк, 2025 г. Праверана 26 сакавіка 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]