Адукацыя ў Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Адукацыя ў Сэрбіі падзяляецца на дашкольную (predškolsko), пачатковую (osnovna škola), сярэднюю (srednja škola) ды вышэйшую (visoko obrazovanje). На дзяржаўным узроўні пытаньні, зьвязаныя з адукацыяй, рэгулююцца Міністэрствам адукацыі, навукі й тэхналягічнага разьвіцьця Сэрбіі.[1]. Узровень пісьменнасьці насельніцтва Сэрбіі паводле зьвестак на 2010 год складае 98 адсоткаў (прычым пісьменнымі зьяўляюцца 99,3% мужчынаў і 96,9% кабетаў)[2]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыю адукацыі ў Сэрбіі можна прасачыць з 11—12 стагодзьдзяў, першымі адукацыйнымі ўстановамі былі школы пры рыма-каталіцкіх кляштарах у местах Тытэль і Бач (сёньняшняя Ваяводзіна, частка тагачаснага Вугорскага каралеўства). Існавалі таксама школы пры праваслаўных манастырах, напрыклад, Сопачаны, Студэніцкі кляштар ды манастырскі комплекс Пэцкага патрыярхату.

Пасьля зьнікненьня сярэднявечнае сэрбскае дзяржавы на ейных тэрыторыях узьнікла сыстэма як славянскіх, гэтак і «лацінскіх» школаў. У 1778 годзе заснаваная першая сэрбская пачатковая школа сучаснага тыпу Norma ў Сомбары, у 1791 годзе ўзьнікла найстарэйшая сэрбская гімназія ў Карлаўцах.

У 1808 годзе, падчас першага сэрбскага паўстаньня была заснаваная г. зв. Сэрбская высокая школа. У 1838 годзе ў Крагуеўцы зьявіўся Сэрбскі княскі ліцэй, які ў 1841 годзе атрымаў новую сядзібу ў сталіцы Сэрбіі, Бялградзе, а ў 1863 годзе быў аб’яднаны з Высокаю школай. Княскі ліцэй складаўся з трох факультэтаў: філязофскага, інжынэрнага й юрыдычнага. Менавіта ён заклаў падмурак для Бялградзкага ўнівэрсытэту.

Бялградзкі ўнівэрсытэт, першая ў межах Сэрбіі клясычная ВНУ сучаснага тыпу, быў заснаваны ў 1905 годзе. Рэшта сэрбскіх (дый іншых югаслаўскіх) унівэрсытэтаў узьнікла ўжо пасьля Другое сусьветнае вайны: Нова-Садзкі ўнівэрсытэт (1960), Ніскі ўнівэрсытэт (1965), Прышцінскі ўнівэрсытэт (1969), Чарнагорскі ўнівэрсытэт (1974), Крагуеўскі ўнівэрсытэт (1976). У 2006 годзе заснаваны першы ўнівэрсытэт, што ўзьнік ў сучаснай Сэрбіі, Нова-Пазарскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Сыстэма адукацыі да 2005 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 2005 году (калі краіна пачала браць актыўны ўдзел у Балёнскім працэсе і правяла адпаведную рэформу ў сфэры адукацыі), сэрбская сыстэма адукацыі была заснаваная на той, што існавала ў Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспубліцы Югаславіі. Дашкольная адукацыя ня мела абавязковага характэру, а пачатковая ды сярэдняя былі двума ўзроўнямі аднаго этапу адукацыі (поўная сярэдняя агульная адукацыя). У рамках рэформы, у 2005—2006 акадэмічным годзе папярэднія «Дыплёмы вышэйшае адукацыі» (Diploma visokog obrazovanja) былі прызнаныя роўнымі з магістарскімі цераз аднолькавую працягласьць. У гэтым годзе таксама была ўведзеная сыстэма 3+2 у вышэйшай адукацыі (трохгадовы бакаляўрыят, двухгадовая магістратура).

Узроўні прафэсійнай кваліфікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да ўвядзеньня нормаў Балёнскага працэсу ў сэрбскай сыстэме адукацыі існавала градацыя паводле г. зв. «узроўню прафэсійнай кваліфікацыі» (stručna sprema). Працаўнікі, што скончылі толькі пачатковую школу, лічыліся за «некваліфікаваную працоўную сілу» (nekvalifikovani radnik), тыя ж, што скончылі гімназію (узровень поўнае сярэдняе адукацыі), лічыліся «паўкваліфікаванымі» (polukvalifikovani radnik). Да сярэдняй кваліфікацыі паводле гэтае сыстэмы (srednja stručna sprema) належаць тыя, хто скончыў прафэсійны ліцэй альбо іншую (роўную ліцэю) сярэдне-спэцыяльную навучальную ўстанову. Да вышэйшай ступені прафэсійнай кваліфікацыі (viša stručna sprema) залічвалі тых, хто паводле ўзроўню адукацыі мог паступіць ва ўнівэрсытэт, да найвышэйшай — тых, хто яго скончыў (visoka stručna sprema).[3].

Ступені прафэсійнай кваліфікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апрача ўзроўняў, якія вызначалі здольнасьць працаўніка да выкананьня канкрэтных працаў, існавала таксама сыстэма кваліфікацыйных ступеняў (stepen stručne spreme). Тыя, што скончылі гімназіі, залічваліся да IV ступені (на роўні з навучэнцамі, што скончылі прафэсійныя школы). Сыстэма ступеняў кваліфікацыі выглядала наступным чынам:[3]

  • I ступень — пачатковы этап асноўнае школы (4 гады навучаньня; 4 гады для дасягненьня ступені)[4]
  • II ступень — другі этап асноўнае школы (4 гады навучаньня; агулам 8 гадоў)
  • III ступень — трохгадовая прафэсійная школа (3 гады навучаньня; агулам 11 гадоў)
  • IV ступень — чатырохгадовая прафэсійная школа (4 гады навучаньня; агулам 12 гадоў)
  • V ступень — чатырохгадовая прафэсійная школа (4 гады навучаньня; агулам 12 гадоў)[5]
  • VI ступень — Вышэйшая школа (3 гады навучаньня; агулам 15 гадоў)
  • VII1 ступень — Visoko obrazovanje (першы этап вышэйшае адукацыі, пачынаўся пасьля 12-гадовае школы) (5 гадоў навучаньня; агулам 17 гадоў)
  • VII2 ступень — магістратура (2 гады навучаньня; агулам 19 гадоў)
  • VIII ступень — асьпірантура/PhD (1 год навучаньня; агулам 20 гадоў)

Асноўныя прынцыпы сучаснае сыстэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арганізацыя школаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шкаляры падзеленыя на клясы (odeljenje). Мінімальная колькасьць вучняў у клясе дашкольнае навучальнае ўстановы складае 5, у асноўнае школе 15.

Большасьць пачатковых і асноўных школаў маюць школьнае самакіраваньне ў выглядзе дзіцячае рады (ці парлямэнту; па-сэрбску: đački savet/parlament) і каманды равесьнікаў (vršnjački tim). Чальцы ворганаў студэнцкага самакіраваньня прапануюць праграмы мерапрыемстваў і паведамляюць пра стан навучаньня адміністрацыі школы. Каманды равесьнікаў дапамагаюць вучням вырашыць навучальныя ды псыхалягічныя праблемы (напр. дапамагаюць вучням, якія маюць кепскія вынікі па нейкіх прадметах, ці праблемы ўзаемаадносінаў у клясе), часта з дапамогаю прафэсійнага псыхоляга. Школьны псыхоляг вырашае гэтыя пытаньні й тады, калі ў школе няма равесьніцкіх камандаў.

Бацькі навучэнцаў таксама ўдзельнічаюць у жыцьці школы праз бацькоўскую раду (savet roditelja). Рада бацькоў прапануе экскурсіі, назірае за выдаткаваньнем грошай навучэнцаў і маюць права выказвацца адносна здарэньняў у школе. У некаторых школах, дзе няма радаў навучэнцаў, іхнія функцыі таксама выконваюць бацькоўскія рады.

Забясьпечваньне падручнікамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуюць падручнікі па ўсіх школьных прадметах (апрача фізычнага выхаваньня). Вучні не забавязаныя мець усе падручнікі. Пытаньне камплекту падручнікаў вырашаецца кіраўніцтвам школы, іх можна набыць у мясцовых кніжных крамах ці ад вучняў старэйшых клясаў.

Пачынаючы ад 2009-2010 навучальнага году, ўсе вучні першых клясаў атрымліваюць усе падручнікі бясплатна, але маюць вярнуць іх напрыканцы навучальнага году ў стане "прыдатным да ўжываньня". Паводле словаў тагачаснага міністра адукацыі Жарка Обрадавіча (Žarko Obradović), школы маюць прымаць назад і "непрыдатныя" (сапсаваныя) падручнікі не накладаючы якіх-кольвек штрафаў.[6]

Раней бясплатныя падручнікі для навучэнцаў старэйшых клясаў надаваліся былі толькі малазабясьпечаным вучням, але цяпер іх атрымліваюць усе вучні школаў Бялграду, таксама існуе абавязак вяртаньня падручнікаў да школаў напрыканцы навучальнага году.

Сыстэма адзнакаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ува ўсіх клясах асноўнай школы, а таксама ў вышэйшых навучальных установах, выкарыстоўваецца сыстэма адзнакаў. У сярэдняй адукацыі й прафэсійных навучальных установах выкарыстоўваецца нумэрычная сыстэма адзнакаў ад 1 (найніжэйшая) да 5 (найвышэйшая), падобная да тое, што выкарыстоўваецца ў Беларусі:

  • Недастаткова (1)
  • Дастаткова (2)
  • Добра (3)
  • Вельмі добра (4)
  • Выдатна (5)

Адзнакі ад 5 да 10 пры мінімальным патрабаваньні ў 6 пунктаў выкарыстоўваюцца ў высокіх школах і ўнівэрсытэтах. У першых клясах пачатковае школы замест нумэрычных адзнакаў выкарыстоўваюцца г.зв. "апісальныя адзнакі", то бок настаўнік запісвае свае ўражаньні ад працы канкрэтнага вучня ў адпаведным прадмеце.

Статус замежнікаў і апатрыдаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучэнцы, якія не зьяўляюцца сэрбскімі грамадзянамі (замежнікі й апатрыды) прымаюцца ў асноўныя адукацыйныя ўстановы на такіх самых умовах, як і грамадзяне Сэрбіі. Перад пачаткам адукацыі яны маюць права прайсьці падрыхтоўчы курс сэрбскае мовы. Студэнты з эўрапейскіх краінаў маюць права на вывучэньне роднай мовы й культуры, як бясплатна, гэтак і за дадатковую аплату.[7]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.mpn.gov.rs/sajt/index.php?page=1(сэрб.)
  2. ^ http://www.vibilia.rs/srpski/izvestaj/0508/RZS,%20Popis%20stanovnistva%203.pdf
  3. ^ а б http://www.latipro.net/pagadm/strspreme.asp(сэрб.)
  4. ^ Цяпер заканчэньне 8 клясаў асноўнае школы зьяўляецца абавязковым.
  5. ^ Гэтая ступень надавалася пасьля некалькіх дадатковых іспытаў, што мелі сьведчыць пра "глыбейшыя прафэсійныя веды".
  6. ^ http://www.blic.rs/Vesti/Drustvo/106648/Besplatne-knjige-za---prvake-stigle-u-skole (сэрб.)
  7. ^ http://www.mpn.gov.rs/prosveta/page.php?page=76 (сэрб.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Адукацыя ў Сэрбіісховішча мультымэдыйных матэрыялаў