Адрыян Галаўня
Адрыян Галаўня | |
| Антон Галаўня | |
| Род дзейнасьці | дапаможны біскуп віленскі, менскі |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 9 красавіка 1750 |
| Месца нараджэньня | |
| Дата сьмерці | 1 лютага 1831 |
| Месца сьмерці | |
| Месца пахаваньня | |
| Месца вучобы | |
| Занятак | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Адрыян Галаўня O.S.B.M. (9 красавіка 1750 — 1 лютага 1831) — беларускі ўніяцкі дзеяч, грэка-каталіцкі біскуп, доктар філязофіі.
Паходзіў з старажытнага слонімскага баярскага, а потым шляхецкага роду і меў герб уласнага імя (на чырвоным фоне срэбная літара «Т»). Адна з галінаў роду асела на Віцебшчыне і прыдбала прыдомак Пышніцкіх ад радавога маёнтку Пышнікі ў Сураскім павеце. Антон Галаўня (Антон — імя пры хрышчэньні) атрымаў першапачатковую хатнюю адукацыю. Ва ўзросьце 10 гадоў быў адданы ў Віцебскую езуіцкую школу, дзе на працягу пяці гадоў вучыў лаціну, арыфметыку, геаграфію, паэзію і красамоўства. Пасьля сканчэньня школы ён 11.06.1766 г. уступіў у Ордэн базылянаў і пасьля адбыцьця навіцыяту ў Беразьвецкім манастыры, у 17.06.1767 г. склаў манаскія зарокі і ўзяў імя Адрыян. З 1767 па 1772 гг. ён вывучаў паэзію і красамоўства ў Антопальскім манастыры, а потым філязофію ў Віцебску і Полацку. Пасьля заканчэньня студыяў адзін год працаваў выкладчыкам лаціны ў Барунскай школе. Пасьля Барунаў вывучаў тэалёгію ў Віленскім папскім алюмінаце і атрымаў навуковую ступень доктара філязофіі ў Віленскім унівэрсітэце. З 1776 па 1778 гг. Адрыян Галаўня працаваў прафэсарам у базылянскіх гімназіях у Беразьвеччы, Жыровічах і Віцебску. У 1788 г. стаў епархіяльным сакратаром і спавядальнікам мітрапаліта Растоцкага. У 1792 г. дэкрэтам караля Станіслава Аўгуста быў прызначаны каад'ютарам Браслаўскай архімандрыі, а ў 1793 г. атрымаў пасаду браслаўскага архімандрыта.
22 верасьня 1809 наменаваны дапаможным біскупам Віленскім, тытулярным біскупам Аршанскім, а 10 студзеня 1811 быў рукапакладзены тытулярнага біскупа Аршанскага. Хіратонію зьдзейсьніў грэка-каталіцкі архібіскуп Рыгор Кахановіч у прысутнасьці рыма-каталіцкіх біскупаў Якуба Дэдэркі і Цыпрыяна Адынца. У 1818 прызначаны дапаможным Менскім біскупам. Хоць і быў ужо старым чалавекам, як мог супрацьстаяў плянам «ліквідатараў» Уніяцкай Царквы. Таму ў 1828 быў адпраўлены на пэнсію. З гэтага моманту жыў у віленскіх базылянаў.
Біскуп Адрыян Галаўня браў чынны ўдзел у культурным жыцьці грамадзтва свайго часу, меў дачыненьне да дзейнасьці Адукацыйнай камісіі і рэарганізацыі Віленскага ўнівэрсітэту. У 1812 г. біскуп Адрыян Галаўня дзейна выступіў за адраджэньне ВКЛ. Ва ўрадзе ВКЛ, адноўленым Напалеонам, ён працаваў у Камітэце Адукацыі і Духоўных справаў.
1 лютага 1831 г. біскуп Адрыян Галаўня памёр у Вільні. Асабістыя рэчы і 3 000 рублёў серабром, згодна з тастаментам, напісаным яшчэ ў 1814 г., перайшлі сынам яго брата Язэпа, былога падкаморага, уладальнікам маёнтка Пышнікі.
Магіла ўніяцкага біскупа знаходзілася ў сутарэньнях капліцы на Бэрнардынскіх могілках у Вільні. На магіле мелася памятная пліта з гербам яго шляхецкага роду і надпісам: «Тут знаходзяцца парэшткі Дабраславёнай Памяці Біскупа Грэка-ўніяцкага, Архімандрыта Браслаўскага, па хрышчэньні Антонія, а ў ордэне Адрыяна Пышніцкага Галаўні. Мужа вядомага сваёй пабожнасьцю...».
З часам месца пахаваньня біскупа Адрыяна Галаўні было занядбана, але ў першай палове XX ст. яе знайшоў і ўратаваў знаны аматар гісторыі, інжынэр, палітык-краёвец Аляксандар Заштаўт. Ён занатаваў: «...удалося нам адшукаць на па-бэрнардынскіх могілках магільную пліту ўніяцкага біскупа Андрыяна Галаўні, постаці ў дзеях сваёй Царквы незабыўнай, ён быў біскупам ... з 1809 па 1828 гг. Гэтая пліта была нядаўна знойдзена ў катакомбе пад могілкавай капліцай. Яна была апраўленая ў драўляную раму, але час і вільгаць зьнішчылі дрэва — пліта ўпала і была прыгавораная да забыцьця ...». Магільная пліта патрапіла ў музэй Віленскага таварыства аматараў навук і ў 1939 г. яшчэ знаходзілася ў музэйных зборах. Да сярэдзіны XX ст. згадкі пра магілу ўніяцкага біскупа зьніклі зь віленскіх турыстычных даведнікаў пры тым, што на пачатку стагодзьдзя інфармацыя пра яе яшчэ падавалася.
Варта адзначыць, што маці Францішка Багушэвіча — Канстанцыя, зьяўлялася роднай пляменьніцай уніяцкага біскупа Адрыяна Галаўні.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Bishop Adrijan Holovnja (Holownia), O.S.B.M. †
- Лаўрэш Леанід. Грэка-каталіцкі епіскап Галаўня // Наша Слова. № 42 (1453), 16 кастрычніка 2019.