Перайсьці да зьместу

Адольф Ёфэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Адольф Іофе»)
Адольф Ёфэ
Амбасадар СССР у Аўстрыі
1924  1926
Амбасадар СССР у Кітаі
1922  1924
Наступнік Леў Карахан
Старшыня Рады абароны Украінскай ССР
1919  1920
Упаўнаважаны прадстаўнік РСФСР у Нямеччыне
красавік 1918  6 лістапада 1918 (высланы)
Дэпутат бальшавіцкай фракцыі ў Петраградзкай Думе
верасень 1917  кастрычнік 1917
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся10 кастрычніка 1883
места Сімфэропаль, Таўрыйская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр16 лістапада 1927 (44 гады)
Масква, Расейская СФСР, СССР
ПартыяУсесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя (да 1917 г.)
Адукацыя
Дзеці Надзея Ёфэ[d]
Бацька Абрам Ёфэ

Адо́льф Абра́мавіч Ё́фэ (10 кастрычніка 1883; места Сімфэропаль, Таўрыйская губэрня, Расейская імпэрыя — 16 лістапада 1927; Масква, Расейская СФСР, СССР) — расейскі палітык і дыплямат караімскага паходжаньня. Падпісаў Рыскую мірную дамову 1921 году аб падзеле Беларусі ды Ўкраіны з Польшчаю.

Нарадзіўся ў сям’і жыдоўскага купца, які спавядаў караімскае юдэйства. Скончыў гімназію ў Сімфэропалі. У 1903 годзе ўступіў у Расейскую сацыял-дэмакратычную работніцкую партыю (РСДРП). Каб пазьбегнуць зьняволеньня за ўдзел у забурэньнях 1905 году ў Расеі, зьехаў на пачатку 1906 году ў Бэрлін. У траўні 1906 году праз высылку зь Нямеччыны пераехаў у Вену да аднапартыйца Лейбы Бранштэйна. З 1908-га па 1912 год выдаткоўваў бацькоўскія грошы на выданьне венскай газэты Бранштэйна «Праўда» (па-расейску: «Правда») ды рэдактаваў яе міжнародны разьдзел. У 1912 годзе яго арыштавалі ў Адэсе, выраклі на 10-месячнае зьняволеньне, затым выслалі ў Сыбір.

Партыйная й чынавенская кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1917 годзе вызваліўся з Сыбірскай ссылкі ў выніку лютаўскага перавароту ў Петраградзе. Адтуль вярнуўся ў Крым, дзе абраўся прадстаўляць мясцовую суполку РСДРП у Петраградзе. У траўні 1917 г. стварыў разам з Бранштэйнам фракцыю міжраёнцаў, што ўвайшла ў склад РСДРП (бальшавікоў) на яе 4-ым зьезьдзе. На гэтым зьедзе, што праходзіў 26 ліпеня — 3 жніўня, Адольфа Ёфэ абралі чальцом цэнтральнага камітэту (ЦК) РСДРП(б) без права голасу («кандыдатам»). 5 жніўня 1917 г. ЦК РСДРП(б) абраў яго ў склад сталага бюро ЦК. 6 жніўня Ёфэ стаўся кандыдатам у чальцы Сакратарыяту ЦК РСДРП(б), 20 жніўня — чальцом рэдакцыі бальшавіцкай газэты «Праўда», што праз забарону на выданьне выходзіла тады пад назовам «Пралятар» (па-расейску: «Пролетарий»).

У верасьні абраўся дэпутатам Петраградзкае Думы, у якасьці прадстаўніка ад якой 14-22 верасьня браў удзел ва Ўсерасейскай дэмакратычнай нарадзе. На нарадзе яго абралі чальцом Часовае рады Расейскае рэспублікі, са складу якой той выйшаў разам зь іншымі бальшавікамі 7 кастрычніка 1917 году. Браў удзел у кастрычніцкім перавароце.

З 30 лістапада 1917 году й да падпісаньня мірнае дамовы 3 сакавіка 1918 году з цэнтральнымі дзяржавамі ўзначальваў пасольства Расейскай СФСР (РСФСР) на перамовах у Берасьці. 2 сьнежня 1918 году падпісаў з цэнтральнымі дзяржавамі пагадненьне аб спыненьні агню.

У красавіку 1918 году Ёфэ прызначылі расейскім амбасадарам у Нямеччыне. Аднак 6 лістапада нямецкі ўрад выслаў яго разам з усімі супрацоўнікамі амбасады з краіны за падрыхтоўку камуністычнага перавароту. На 8-ым зьезьдзе Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) у траўні 1919 году яго не пераабралі ў склад ЦК партыі. У 1919—1920 гадох узначальваў Раду абароны Украінскай ССР. 2 лютага 1920 году падпісаў Тартускую мірную дамову з Эстоніяй, 12 ліпеня — Маскоўскую мірную дамову з Летувою, 11 жніўня — мірную дамову з Латвіяй. 12 кастрычніка 1920 году падпісаў у Рызе замірэньне з Польшчаю, што выклікала Слуцкі збройны чын у Беларусі. 18 сакавіка 1921 году падпісаў з Польшчаю Рыскую мірную дамову аб падзеле Беларусі ды Ўкраіны. Затым заняў пасаду намесьніка старшыні Туркестанскай камісіі Ўсерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту ды ўраду РСФСР. У 1922—1924 гадох быў амбасадарам СССР у Кітаі. У 1923 годзе падпісаў з кіраўніком Кантонскага ўраду Сунь Ятсэнам дамову аб дапамозе за супрацу Гаміньдана з Камуністычнай партыяй Кітая. У 1924-1926 гадох быў амабасадарам СССР у Аўстрыі.

У 1927 годзе праз хваробу пакінуў службу ды 16 лістапада скончыў жыцьцё самагубствам пасьля выключэньня 12 лістапада з Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) падтрымванага ім Лейбы Бранштэйна, які ўзначальваў нутрыпартыйную левую апазыцыю. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.