Перайсьці да зьместу

Адам Якубавіч з Котры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адам Якубавіч з Котры
лац. Adam Jakubavič z Kotry
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся не пазьней за 1464
Памёр не раней за 24 сьнежня 1516 і не пазьней за 25 траўня 1517
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік

Адам Якубавіч з Котры (да 1464 — паміж 24 сьнежня 1516 і 25 траўня 1517) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч, пісьменьнік Вялікага Княства Літоўскага. Сакратар канцылярыі вялікага князя літоўскага, віленскі і сандамірскі канонік.

Атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне ад вялікага князя Аляксандра за службу маёнтак Котру ў Гарадзенскім павеце, кіраваньне якім даручыў свайму брату Зброшку Якубавічу.

З роду нешляхецкага паходжаньня (honorabilis), сын пісара канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага Якуба.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай катэдральнай школе. У 1478—1489 гадох навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце коштам князя Андрэя Сьвірскага. У дакумэнтах унівэрсытэту называўся ліцьвінам. У 1482 годзе стаў бакаляўрам, у 1488 — магістрам. Узімку 1488/1489 навучальнага году вывучаў Гарацыюса.

Па вяртаньні на Радзіму, з 1492 году быў пісарам канцылярыі вялікага князя літоўскага Аляксандра. У 1494 годзе двойчы браў удзел у пасольствах у Маскву ў справе захаваньня ўсходнехрысьціянскага абраду маскоўскай князёўнай Аленай Іванаўнай па яе плянаваным шлюбе зь вялікім князем Аляксандрам. У 1496 годзе браў удзел у пасольстве ў Кракаў у справе маёмаснага забесьпячэньня каралевіча Жыгімонта Казімеравіча. У Пётркаве падрыхтаваў лацінскі варыянт акта Віленскай уніі 1499 году, пра што на ім захаваўся рускі надпіс «Пісаў Адам Якубавіч з Котры».

На кнізе з уласнай бібліятэкі «Majus, De priscorum verborum proprietate» (Tarvisiae, 1477) пакінуў два надпісы: «Certe sum Ade Lithuani» і «Кніга Адамава Якубавіча з Котры, зь Літвы з воласьці Гарадзенскае, Зброшкава брата, яму ж накладаўся на навуку да Кракава болей дзесяці лет, із дзяцінства ёсьць пры школе віленскай ласкаве хаваўся, нябошчык князь Ендры, негды канонік і кусташ касьцёла віленскага сьвятога Станіслава».

Пазьней атрымаў ад вялікага князя Аляксандра пасаду сандамірскага каноніка, аднак заставаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, працягваў служыць як пісар гаспадарскі, у 1505 годзе браў удзел у працы камісіі з урэгуляваньня літоўска-лівонскай граніцы. За Жыгімонтм Старым атрымаў пасаду каноніка віленскага. У 1510 годзе ўпамінаўся як «venerabilis Adam Jakubowicz de Kotra, Vilnensis et Sandomir eccl. canonikus». У Віленскім капітуле апошні раз зьяўляўся 24 сьнежня 1516 году[1].

  1. ^ Семянчук А. Адам Якубавіч з Котры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 14.