Перайсьці да зьместу

Адам Шэмеш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адам Шэмеш
Аўтапартрэт
Імя пры нараджэньні Адам Казімеравіч Шэмеш
Дата нараджэньня 1808
Месца нараджэньня Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці [[0 Памылка ў назьве месяца: 0.]] 1864
Месца сьмерці Менск, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Адукацыя Віленскі ўнівэрсытэт (1831)
Месца вучобы
Занятак партрэтыст
Жанры малярства і партрэтнае маляваньне[d][1]
Плынь рамантызм
Працы партрэты Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Евы Фялінскай, Тэклі Янушкевіч
Пад уплывам Ян Рустэм
Уплыў на Ян Дамель, Валенці Ваньковіч і Міхаіл Кулеша

Адам Казімеравіч Шэмеш (1808, Слуцкі павет, цяпер Беларусь — 1864, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі жывапісец-партрэтыст і мастацтвазнаўца.

Стварыў партрэты беларускага кампазытара Станіслава Манюшкі і пісьменьніка Ўладзіслава Сыракомлі. Таксама ствараў гістарычныя і побытавыя карціны, а таксама на рэлігійныя тэмы. Аўтар артыкулаў «Успаміны пра Віленскую мастацкую школу» і «Ўспаміны пра Дамеля»[2], якія выйшлі ў віленскім часопісе «Атэнэюм» у 1840-я гады.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і[3]. У 1826—1831 гадох атрымаў мастацкую асьвету ў Віленскім унівэрсытэце[4], пры якім дзейнічала школа Яна Рустэма. У 1829 годзе стаў магістрам філязофіі[3]. Творчасьць была зьвязаная зь Беларусьсю і Летувою. У 1831—1842 гадох працаваў у Менску[4]. Пісаў патрэты дзеячаў культуры і чыноўнікаў, а таксама рэлігійныя карціны. Рабіў копіі абразоў для цэркваў. Сярод іншага, стварыў побытавыя карціны дробнай шляхты і мяшчанаў[3]. Ажаніўся з Паўлінай Фялінскай (1819–1843), якая была сястрой варшаўскага архіяпіскага Зыгмунта Фялінскага (1822–1895) і дачкой пісьменьніцы Евы Фялінскай (1793–1859). З жонкай жыў у Бабруйскім павеце.

Партрэт Уладзіслава Сыракомлі.

У 1842 годзе быў асуджаны да ссылкі ў Херсон за супрацьурадавую дзейнасьць. У ссылцы напісаў некалькіў абразоў, у тым ліку ікону Багародзіцы для херсонскага касьцёла сьвятых Пія і Мікалая. Таксама намаляваў партрэт віцэ-губэрнатара Б.І. Пестэля, які дазволіў пераехаць у Саратаў. Адтуль дасылаў нарысы пра сучасную культуру ў віленскія часопісы і газэты. Напісаў там некалькіх гістарычных карцінаў[3]. У 1843 годзе ягоная жонка памерла пры родах. Цешча забрала нованароджанага з сабой у Вільню.

У 1846 годзе вярнуўся ў Менску, дзе пазнаёміўся з паэтам Уладзіславам Сыракомляй. Напісаў артыкулы пра адраджэньне народнай культуры, гістарычную спадчыну і павучальныя падзеі мінуўшчыны. У віленскім часопісе «Атэнэюм» выйшлі ягоныя артыкулы «Ўспаміны пра Віленскую мастацкую школу» і «Ўспаміны пра Дамеля». Стварыў дэкарацыі да пастаноўкі опэры пісьменьніка Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і кампазытара Станіслава Манюшкі «Сялянка», прэм'ера якой адбылася ў лютым 1852 году ў Менскім гарадзкім тэатры. Выкарыстоўваў і ў іншых спэктаклях Дунін-Марцінкевіча беларускія народныя строі і прадметы побыту. Да яго за парадамі зьвярталіся мастакі Валенці Ваньковіч і Міхаіл Кулеша[3].

У 1852 годзе пераехаў у Вільню[4].

Партрэт Тэклі Янушкевіч

Напісаў патрэты Станіслава Манюшкі, Евы Фялінскай, Тэклі Янушкевіч і Ўладзіслава Сыракомлі. Выканаў 2 палотны па матывах паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і жывапісныя ілюстрацыі да паэмы «Конрад Валенрод», якія не захаваліся. На пачатку 1840-х гадоў напісаў 2 карціны зь сюжэтамі часоў вялікага князя літоўскага Яна Сабескага[5].

У Менску існавала вуліца Адама Шэмеша.

  • Дробаў Л. М. Беларускiя мастакi XIX стагоддзя. ― Мн., 1971.
  1. 1 2 Дробаў Л. Н. Беларуская энцыклапедыя (белар.) — Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 31. — ISBN 985-11-0295-4
  2. ↑ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 16 ліпеня 2014. — № 131 (27741). — С. 8. — ISSN 1990-763X.
  3. 1 2 3 4 5 Шэмеш Адам Казіміравіч // Энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2020 г. Праверана 28 студзеня 2025 г.
  4. 1 2 3 Леанід Дробаў. Шэмеш Адам // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 31. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  5. ↑ Барыс Крэпак. Ключ да мастацтва // Культура : газэта. — 13 жніўня 2011. — № 33 (1004).