Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°50′49″ пн. ш. 27°33′47″ у. д. / 53.84694° пн. ш. 27.56306° у. д. / 53.84694; 27.56306

«Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў»
Лягатып
Лягатып
Абрэвіятура АГПБУ
Папярэднік Гарантыйны фонд абароны ўкладаў і дэпазытаў фізычных асобаў
Дата ўтварэньня 21 лістапада 2008 (15 гадоў таму)[1]
Тып некамэрцыйная
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, Ленінскі раён, вул. Шпілеўскага, д. 54[2]
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Генэральны дырэктар Валер Цяліпка
Намесьніца Сьвятлана Лега
Дарадца Аляксандар Пядзько
Старшыня Назіральнай рады Зьміцер Лапко[3]
Кіроўны орган Назіральная рада
Матчына кампанія Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Сайт by.adc.by

«Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў» (АГПБУ) — арганізацыя ў структуры Нацыянальнага банку Беларусі, створаная ў лістападзе 2008 году ў адпаведнасьці з законам «Аб гарантаваным пакрыцьці банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў». Асноўнай задачай Агенцтва зьяўляецца страхаваньне грашовых сродкаў фізычных асобаў у прынятых на ўлік банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях. На ўлік у ім абавязкова становяцца ўсе банкі краіны, якія прыцягваюць грашовыя сродкі насельніцтва ў дэпазыты.

З 31 ліпеня 2009 году пакрыцьцю падлягаюць 100% грашовых сродкаў на рахунках фізычных асобаў (за выняткам індывідуальных прадпрымальнікаў). Выплата адбываецца з уласных сродкаў Агенцтва, якія складаюцца са штоквартальных укладаў банкаў-удзельнікаў. Вяртаньне прыбыткаў у выглядзе адсоткаў ня ўскладзенае на Агенцтва і не рэглямэнтуецца законам.

Сыстэмы страхаваньня ўнёскаў дзейнічаюць у шматлікіх краінах сьвету. Пры стварэньні беларускае арганізацыі за прыклад была ўзятая амэрыканская мадэль, у якой арганізацыя, што займаецца страхаваньнем сродкаў у банках, падкантрольная парлямэнту і ўраду. Самі банкі не прымаюць удзелу ў кіраваньні гэтым органам.

У большасьці краінаў сьвету існуюць абмежаваньні на максымальную суму, якая падлягае пакрыцьцю ў выпадку банкруцтва банку. Стоадсоткавае гарантаваньне захаванасьці ўнёскаў існуе зь нядаўняга часу толькі ў Аўстрыі, Грэцыі, Ірляндыі, Нямеччыне і некаторых іншых краінах. Аднак, у адрозьненьне ад Беларусі, у краінах Эўразьвязу і ЗША забясьпечанае страхаваньне дэпазытаў як фізычных, так і юрыдычных асобаў.

Перадумовы стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі асновы захаванасьці банкаўскіх укладаў і стварэньня дзяржавай гарантыяў іх вяртаньня замацаваныя ў Канстытуцыі, а таксама ў Банкаўскім кодэксе. 20 красавіка 1998 году быў падпісаны дэкрэт № 4, паводле якога гарантавалася захаванасьць укладаў у замежнай валюце шасьці найбуйнейшых банкаў Беларусі[4]. Аднак па сутнасьці да нядаўняга часу не было надзейнай і эфэктыўнай сыстэмы гарантаваньня ўнёскаў. Паводле нормаў заканадаўства, якія дзейнічалі да 1 студзеня 2009 году, дзяржава гарантавала поўную захаванасьць сродкаў грамадзянаў толькі ў банках, упаўнаважаных абслугоўваць дзяржаўныя праграмы, і адно ў замежнай валюце. Такім чынам, было забясьпечанае поўнае вяртаньне сродкаў, разьмешчаных у далярах ЗША, эўра і расейскіх рублях толькі ў шасьці сыстэмаўтваральных банках[5] (адкрытае акцыянэрнае таварыства «Ашчадны банк „Беларусбанк“», адкрытае акцыянэрнае таварыства «Белаграпрамбанк», адкрытае акцыянэрнае таварыства «Белпрамбудбанк», адкрытае акцыянэрнае таварыства «Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі „Белінвэстбанк“», адкрытае акцыянэрнае таварыства «Белзьнешэканомбанк», «Прыёрбанк» Адкрытае акцыянэрнае таварыства[6]). Што тычылася сродкаў у іншых банках, а таксама ўнёскаў у беларускіх рубляў ва ўсіх банках, то па іх пакрыцьцю падлягала толькі сума, эквівалентная 1000 далярам ЗША. Для мэтаў выплаты кампэнсацыі пры Нацбанку дзейнічаў гарантыйны фонд, які фармаваўся за кошт фундушаў банкаў.

За мінулыя гады сродкі гэтага фонду выкарыстоўваліся, напрыклад, для выплаты насельніцтву пры банкруцтве банкаў «Дукат» і «Магнат» у 1997 годзе[5]. 27 лістапада 2008 году Гарантыйны фонд абароны ўкладаў і дэпазытаў фізычных асобаў пры Нацбанку складаў 75 мільярдаў рублёў[7] (34 787 тыс. $[8]).

Утварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 сьнежня 2007 году Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ухваліла Закон аб кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, якім прадугледжвалася стварэньне адпаведнага Агенцтва за кошт унёскаў урада, Нацыянальнага банка і камэрцыйных банкаў. Агенцтва мела забясьпечыць вяртаньне ў месячны тэрмін з дня звароту ўкладніка пасьля паведамленьня аб пачатку выплатаў укладаў памерам да 2000 эўра. Звыш гэтай сумы прадугледжвалася вяртаньне 80% уклада, аднак выплата ня мела перавышаць 5000€[9][10]. Ухвалены ўлетку 2008 году Закон аб гарантаванай кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў ужо прадугледжваў поўнае вяртаньне ўкладаў памерам да 5000€[11][12]. Агенцтва абавязвалася вяртаць грошы ў валюце ўкладу пры адкліканьні з 1 студзеня 2009 году ў банку дазволу на прыцягненьне сродкаў фізычных асобаў ва ўклады[13]. 4 лістапада 2008 году прэзыдэнт ухваліў Дэкрэт № 22 аб гарантыях захаванасьці грашовых сродкаў фізычных асобаў, разьмешчаных на рахунках і ў банкаўскія ўклады. Дэкрэтам прадугледжавалася вяртаньне фізычным асобам усіх грошай незалежна ад колькасьці на рахунку або ва ўкладзе пра адкліканьні Нацбанкам у банку дазволу на дзейнасьць[7][14].

У кастрычніку 2008 г. урад і Нацбанк сумеснай пастановай № 1441/15 прызначылі кіраўніком Агенцтва Яўгена Яўлашкіна, які дагэтуль займаў пасаду начальніка Спэцыялізаванае ўправы Нацбанка[15]. Склад Назіральнае рады вызначылі яшчэ ў верасьні пастановай № 1365/14. Ад Нацбанка прызначэньні атрымалі:

  1. першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банка Павал Калавур,
  2. начальніца галоўнай управы рэгуляваньня банкаўскіх апэрацыяў Тацяна Палягошка,
  3. начальніца галоўнай юрыдычнай управы Натальля Прасолава.

Ад ураду ў склад Назіральнае рады ўвайшлі:

  1. намесьнік міністра фінансаў Уладзімер Амарын,
  2. намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка,
  3. намесьнік начальніка галоўнай эканамічнай управы — начальнік крэдытна-інвэстыцыйнай управы Апарату Савета міністраў Аляксей Мацюхевіч[16].

Афіцыйныя назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • па-беларуску: дзяржаўная ўстанова «Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў» (скарочана — ДУ «Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў»)
  • па-расейску: государственное учреждение «Агентство по гарантированному возмещению банковских вкладов (депозитов) физических лиц» (скарочана — ГУ «Агентство по гарантированному возмещению банковских вкладов»)
  • па-ангельску: The Agency of Deposit Compensation (скарочана — ADC)[17]

Мэты і задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўнай мэтай дзейнасьці Агенцтва зьяўляецца забесьпячэньне гарантаванага пакрыцьця грашовых сродкаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, разьмешчаных фізычнымі асобамі на рахунках і (або) ва ўклады ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, прынятых на ўлік у Агенцтве, для абароны правоў і законных інтарэсаў такіх асобаў.

Асноўныя задачы Агенцтва:

Прадметам дзейнасьці Агенцтва зьяўляюцца акумуляваньне абавязковых укладаў банкаў для фармаваньня ягонага рэзэрву, кіраваньне рэзэрвам Агенцтва і выплата фізычным асобам пакрыцьця банкаўскіх укладаў (дэпазытаў)[19].

Асноўнымі нарматыўнымі дакумэнтамі, якія рэгулююць пытаньні гарантаваньня захаванасьці ўнёскаў фізычных асобаў, зьяўляюцца[19]:

  • Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (артыкул 120);
  • Дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Пра гарантыі захаванасьці грашовых сродкаў фізычных асобаў, разьмешчаных на рахунках і (ці) ў банкаўскія ўнёскі (дэпазыты)» ад 4 лістапада 2008 г. № 22 (Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 6 лістапада 2008 г., № 1/10194);
  • Закон Рэспублікі Беларусь «Аб гарантаваным пакрыцьці банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў» ад 8 ліпеня 2008 году №369-З (Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 15 ліпеня 2008 г., № 2/1466).

Паводле закону «Аб гарантаваным пакрыцьці банкаўскіх укладаў…», агенцтва не займаецца пытаньнямі кампэнсацыі зьберажэньняў насельніцтва Беларусі, якія згубілі вартасьць у 1990 годзе[20].

Органы кіраваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агенцтва зьяўляецца дзяржаўнай установай і ў сваёй дзейнасьці падсправаздачнае Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму банку[17].

Найвышэйшым органам кіраваньня Агенцтва зьяўляецца Назіральная рада, якая складаецца з трох прадстаўнікоў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і трох прадстаўнікоў Нацыянальнага банку[21]. Тэрмін паўнамоцтваў чальцоў Назіральнае рады складае пяць год. Адна і тая ж асоба ня можа быць чальцом Назіральнае рады болей за два тэрміны[17].

Выканаўчым органам Агенцтва зьяўляецца генэральны дырэктар, які займаецца штодзённым кіраўніцтвам дзейнасьці Агенцтва і падсправаздачны Назіральнай радзе. Генэральны дырэктар прызначаецца на пасаду рашэньнем Савету Міністраў і Нацыянальнага банку па паданьні Старшыні Кіраваньня Нацыянальнага банку[17].

Пры адсутнасьці генэральнага дырэктара ягоныя абавязкі выконвае намесьнік генэральнага дырэктара.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На час набыцьця моцы законам «Аб гарантаваным пакрыцьці банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў» 1 студзеня 2009 году фізычным асобам (акрамя індывідуальных прадпрымальнікаў) у выпадку банкруцтва любога банку вяртаньне ўкладаў (незалежна ад валюты ўнёску) абмяжоўвалася эквівалентам 5000 эўра ўключна[10]. З 31 ліпеня 2009 году ў выпадку адкліканьня ў банку ліцэнзіі на прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных асобаў[22] ён абавязаны кампэнсаваць 100% сродкаў па дэпазытах[23]. Падобнае стоадсоткавае гарантаваньне захаванасьці ўнёскаў існуе зь нядаўняга часу толькі ў Аўстрыі, Грэцыі, Ірляндыі, Нямеччыне і некаторых іншых краінах, а ў астатніх краінах Эўразьвязу прадугледжаная толькі мінімальная сума гарантаваньня, якая на дадзены момант складае 50 тысячаў эўра[24][25]. У ЗША абмежаваны максымум роўны 250 тысячам даляраў[26].

Пакрыцьцё ўкладаў зьдзяйсьняецца з уласных сродкаў Агенцтва. Першапачатковыя сродкі пры яго стварэньні склалі 200 млрд рублёў (па 100 млрд выдзелілі ўрад і Нацбанк). 4 жніўня 2009 году назапашаны капітал складаў 370 млрд. рублёў (131 млн $[27]), якіх ставала для выплатаў у выпадку банкруцтва 1 сярэдняга або 13 дробных беларускіх банкаў[28]. На 26 сакавіка 2011 году агенцтва назапасіла 697 мільярдаў рублёў (225 мільёнаў даляраў), якіх ставала на пакрыцьцё ўкладаў у 6-ым паводле іх прыцягненьня банку — «Белзьнешэканомбанку»[29]. Каб гарантаваць яшчэ большую бясьпеку па ўнёсках фізычных асобаў, цягам двух-трох год плянуецца давесьці рэзэрв агенцтва да аднаго трыльёну рублёў[30]. Для гэтага агенцтва акумулюе фундушы банкаў, зь якіх і фармуецца рэзэрв для выплатаў па ўнёсках. Кожны банк, які мае адмысловы дазвол на прыём дэпазытаў ад насельніцтва, павінен стаць на ўлік у Агенцтва і сплаціць уступны ўнёсак[31]. У далейшым банкі штоквартальна абавязаныя сплочваць каляндарныя ўнёскі ў рэзэрв агенцтва ў памеры 0,3% ад прыцягнутых укладаў[28]. У выпадку непералічэньня каляндарных унёскаў ці пералічэньня ня ў поўным аб’ёме банкі сплочваюць пеню[17].

Гэтыя сродкі разьмяшчаюцца ў каштоўных паперах Нацбанку і валюце[28], што, на думку Я. Яўлашкіна, падвяргае іх найменшай рызыцы[32]. Аднак атрыманьне прыбытку не зьяўляецца асноўнай мэтай дзейнасьці агенцтва, і ўся сума заробленага даходу будзе выкарыстаная ў выпадку неабходнасьці для выплатаў укладнікам. Акрамя таго, такім чынам агенцтва яшчэ й абараняе назапашаныя сродкі ад інфляцыі.

29 сакавіка 2015 году АГПБУ пачало сплату банкаўскіх укладаў укладальнікам ЗАТ «Дэльта Банк» зь ліку фізычных асобаў з нагоды пазбаўленьня банку ліцэнзіі. 29 траўня 2015 году пачалі сплату ўкладальнікам ЗАТ «ІнтэрПэйБанк» з той самай нагоды. Уклады сплачвалі праз 21 аддзяленьне ўпаўнаважанага ААТ «Банк Масква-Менск», якому АГПБУ пералічыла 75 686 тыс. рублёў, 53,3 млн даляраў ЗША і 8,9 млн эўра. Да 1 студзеня 2017 году ўклальнікам вярнулі 99,9% грошай. Рэшту склалі 73 укладальнікі, якія дагэтуль не зьвярнуліся ва ўпаўнаважаны банк з патрабаваньнем аб вяртаньні ўкладу. Укладальнікам «Дэльта Банку» вярталі грошы цягам 2 гадоў да 20 сакавіка 2017 году. Укладальнікам «ІнтэрПэйБанку» — да 10 траўня 2017 году. У 2017 годзе АГПБУ сплаціла ўкладальнікам ЗАТ «БелСьвісБанк» 217 722,42 беларускіх рублёў, 456 994,88 даляраў ЗША, 153 245,96 эўра, 15,02 расейскіх рублёў і 100 швайцарскіх франкаў[33].

11 лістапада 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Закон № 128-З «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях гарантаванага кампэнсаваньня банкаўскіх укладаў», паводле якога ад 1 красавіка 2022 году Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў (АГПБУ) мела пашырыць вяртаньне ўкладаў на індывідуальных прадпрымальнікаў. Тэрмін выплаты пакрыцьця ўкладаў скарачаўся зь месяца да 7 дзён з даты падачы заявы аб выплаце кампэнсацыі. Пры гэтым, з 2 да 5 гадоў павялічваўся тэрмін для звароту за пакрыцьцём укладу. Для рызыкоўных банкаў уводзілася дадатковая стаўка ўнёскаў у АГПБУ звыш асноўнай стаўкі ў 0,15 % ад прыцягнутых укладаў. Адначасна прадугледжвалася прыпыненьне збору асноўных унёскаў, калі запасы АГПБУ дасягалі 10 % ад агульнай сумы ўкладаў фізычных асобаў у банках. Урэшце, АГПБУ атрымліваў магчымасьць укладаць часова вольныя сродкі ў аблігацыі «Банку разьвіцьця Беларусі» дзеля абароны запасаў ад абясцэньваньня[34].

Парадак вяртаньня ўкладаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры наступленьні страхавога выпадку (то бок пры адкліканьні ў банку ліцэнзіі на працу з грамадзянамі па прыцягненьні грашовых сродкаў[35]) Агенцтва прымае на сябе абавязкі па кампэнсаваньні стратаў, якія могуць паўстаць па ўнёсках грамадзянаў[36]. Пакрыцьцю падлягаюць сродкі фізычных асобаў у банках, якія знаходзяцца на ўліку ў Агенцтве пакрыцьця ўнёскаў. Трэба адзначыць, што новае заканадаўства распаўсюджваецца толькі на выпадкі адкліканьня ліцэнзіі ў банкаў пасьля 1 студзеня 2009 году[5].

Заявы фізычных асобаў пра выплату пакрыцьця банкаўскіх укладаў прымаюцца цягам двух гадоў з даты ўзьнікненьня абавязаньняў (адкліканьня ў банку ліцэнзіі па прыцягненьні грашовых сродкаў фізычных асобаў). Кампэнсацыя мусіць быць выплачаная ўкладальніку ў валюце ўкладу цягам аднаго месяцу з дня падачы ім заявы ў Агенцтва. Аднак, калі сродкаў рэзэрву Агенцтва недастаткова для пакрыцьця сумы банкаўскіх укладаньняў фізычных асобаў, для выкананьня гэтае мэты магчымае прыцягненьне бюджэтных займаў. У такім выпадку тэрмін выплаты фізычным асобам кампэнсацыі па рашэньні Назіральнае рады можа быць працягнуты да трох месяцаў[31].

Па жаданьні ўкладальніка пакрыцьцё можа быць выплачанае ў беларускіх рублях. Пры гэтым для разьліку эквіваленту па ўнёску ў замежнай валюце выкарыстоўваецца курс Нацыянальнага банку, які дзейнічаў на момант узьнікненьня страхавога выпадку.

Выплата грашовых сродкаў будзе праводзіцца банкам-агентам, вызначаным Нацыянальным банкам[37]. Вяртаньне прыбыткаў у выглядзе адсоткаў ня ўскладзенае на Агенцтва і не рэглямэнтуецца законам[36].

У выпадках, калі фізычная асоба адначасна зьяўляецца ўкладальнікам і крэдытаатрымоўцам банку, памер кампэнсацыі вызначаецца сыходзячы з розьніцы між сумай абавязацельстваў банку перад гэтай фізычнай асобай і сумай сустрэчных патрабаваньняў банку да яго[6].

Банкі-ўдзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы 2009 году на ўліку ў Агенцтвы знаходзіліся 26 банкаў, то бок усе тыя, якія маглі прыцягваць дэпазыты ад насельніцтва[5]. На 20 чэрвеня 2016 году на ўліку засталіся 24 банкі[38]:

Парадкавы
нумар
Назва
1 Белаграпрамбанк
2 Беларусбанк
3 Белінвэстбанк
4 Прыёрбанк
5 Белзьнешэканомбанк
6 Парытэтбанк
7 Беларускі народны банк
8 РРБ-Банк
9 Белгазпрамбанк
10 МТБанк
11 Тэхнабанк
12 Франсабанк
13 Банк Рашэньне
14 Альфа-Банк
15 Банк Масква-Менск
16 БТА Банк
17 Хоўм Крэдыт Банк
18 Банк ВТБ (Беларусь)
19 Банк гандлёвы капітал
20 Цэптар Банк
21 БПС-Сбербанк
22 Ідэя Банк
23 БСБ Банк
24 Абсалютбанк

Замежны досьвед[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэмы гарантаваньня ўнёскаў дзейнічаюць у шматлікіх краінах сьвету, у тым ліку ва ўсіх краінах Эўразьвязу. За апошняе дзесяцігодзьдзе абавязковыя сыстэмы страхаваньня дэпазытаў былі ўведзеныя ў большасьці постсацыялістычных дзяржаваў, у тым ліку і постсавецкіх: Азэрбайджане, Армэніі, Казахстане, Кыргыстане, Малдове, Таджыкістане, Узбэкістане, Украіне[25].

На сёньняшні дзень гістарычна склаліся дзьве іхнія формы: амэрыканская і нямецкая.

Найстарэйшая сыстэма гарантаваньня склалася ў ЗША, яе пачатак быў закладзены ў 1933 годзе з прыняцьцем закону пра банкаўскую дзейнасьць. Амэрыканская арганізацыя, якая займаецца страхаваньнем банкаўскіх фундушаў, падкантрольная Кангрэсу і фэдэральнаму ўраду, а самі банкі ня ўдзельнічаюць у кіраваньні гэтым органам. Многія іншыя краіны ўзялі амэрыканскую сыстэму за прыклад для стварэньня падобных сваіх арганізацыяў (Вялікабрытанія, Канада, Індыя, Летува, Расея і інш.).

У нямецкай сыстэме, у адрозьненьне ад амэрыканскай, дзяржава мае нязначны ўплыў на страхавыя фонды, а прыналежаць яны банкам-удзельнікам. Такія сыстэмы, акрамя самой Нямеччыны, дзейнічаюць у Аўстрыі, Францыі, Швайцарыі і Італіі[5].

Паводле інфармацыі Міжнароднай асацыяцыі страхоўцаў дэпазытаў (па-ангельску: International Association of Deposit Insurers), на 5 кастрычніка 2010 году ў 106 краінах сьвету ўжо дзейнічаюць сыстэмы страхаваньня дэпазытаў[39], у 19 краінах праводзіцца праца па іх укараненьні, а ў 5 краінах прынятыя рашэньні пра неабходнасьць укараненьня такіх сыстэмаў[40]. Прыняцьцю падобных рашэньняў паспрыяў і фінансавы крызіс[41].

Украіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Фундацыя гарантаваньня дэпазытаў фізычных асобаў Украіны

Ва Ўкраіне Фундацыя гарантаваньня дэпазытаў фізычных асобаў(uk) дзейнічае з 2001 году[41]. На 27 верасьня 2010 году ўдзельнікамі Фундацыі зьяўляўся 171 камэрцыйны банк Украіны[42]. Фундацыя гарантуе ўнёскі грамадзянаў у нацыянальнай і замежнай валютах (улучна з адсоткамі па ўнёсках) у аб’ёме да 150 000 грыўняў па ўнёсках у кожным банку на дзень наступленьня недасяжнасьці ўнёскаў[43]. Асаблівасьцю дзейнасьці ўкраінскай арганізацыі зьяўляецца тое, што ўнёскі ў замежнай валюце выдаюцца ў грыўнях па афіцыйным курсе Нацыянальнага банку Ўкраіны на дзень наступленьня недасяжнасьці ўнёскаў, а выплаты зьдзяйсьняюцца цягам трох месяцаў[41][43].

Расея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Агенцтва па страхаваньні дэпазытаў Расеі

Расейская дзяржаўная карпарацыя «Агенцтва па страхаваньні дэпазытаў»(ru) дзейнічае са студзеня 2004 году[41]. Пакрыцьцё па ўнёсках фізычных асобаў у банку, датычна якога наступіў страхавы выпадак, выплочваецца ўкладальніку ў памеры 100% сумы ўнёскаў у банку, улучна з налічанымі адсоткамі на суму ўнёскаў, але ня болей за 700 тысячаў расейскіх рублёў[44]. Выплаты па ўнёсках у замежнай валюце зьдзяйсьняюцца ў расейскіх рублях па курсу, усталяваным Банкам Расеі на дзень наступленьня страхавога выпадку. Выплата пакрыцьця па ўнёсках зьдзяйсьняецца цягам 3 дзён з дня прад’яўленьня ўкладальнікам у Агенцтва неабходных дакумэнтаў, але не раней як 14 дзён з дня надыходу страхавога выпадку[44] (адкліканьня ў банку ліцэнзіі на правядзеньне банкаўскіх апэрацыяў або ўвядзеньня мараторыя на задавальненьне патрабаваньняў крэдытораў банка).

Удзельнікамі сыстэмы страхаваньня дэпазытаў у траўні 2010 году зьяўляліся 919 банкаў Расеі[45].

ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Фэдэральная карпарацыя па страхаваньні дэпазытаў ЗША

Злучаныя Штаты першымі ўвялі сыстэму страхаваньня дэпазытаў: Фэдэральная карпарацыя па страхаваньні дэпазытаў (ФКСФ)(en) паўстала ў 1933 годзе, у пэрыяд «Вялікай дэпрэсіі».

У 1934 годзе Кангрэс ЗША стварыў Фэдэральную карпарацыю па страхаваньні ашчаджэньняў і пазыкаў(en), якая, аднак, збанкрутавала ў 1980-х гадох падчас крызісу ашчадных установаў і была скасаваная, а яе функцыі перайшлі да ФКСФ.

У 1970 годзе Кангрэс стварыў для крэдытных каапэратываў асобную фундацыю па страхаваньні — Нацыянальную фундацыю долевага страхаваньня крэдытных каапэратываў (НФДСКК)(en). НФДСКК страхуе ўсе крэдытныя каапэратывы фэдэральнага ўзроўню і 95% (на 30 чэрвеня 2010 году[46]) каапэратываў узроўню асобных штатаў.

ФКСФ на дадзены момант гарантуе пакрыцьцё дэпазытаў у банках-удзельніках на суму да 250 000 даляраў. Чальцамі карпарацыі зьяўляюцца 7773 інстытуцыі[47]. Застрахаваныя арганізацыі павінны зьмяшчаць у офісах сваіх прадстаўніцтваў абвесткі, якія паведамляюць, што «фундушы забясьпечаныя поўным даверам і крэдытам ураду ЗША»[48]. Ад пачатку дзейнасьці ФКСФ з 1 студзеня 1934 году ніводзін унёсчык не застаўся без пакрыцьця застрахаванай сумы ў выніку банкруцтва[49].

Вядома, што падчас апошняга крызісу ў ЗША збанкрутавалі каля 300 крэдытных установаў, гарантыі па фундушах у якіх каштавалі дзяржаве звыш 75 млрд. даляраў, што давяло дэфіцыт ФКСФ да адзнакі ў $21 млрд на 30 ліпеня 2010 году[50].

Эўразьвяз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дырэктыва 94/19/EC Эўрапейскага парляманту і Рады ад 30 траўня 1994 году па праграме гарантаваньня дэпазытаў усталявала мінімальную суму, якую павінны забясьпечваць усе краіны Эўразьвязу, у памеры 20 000 ЭКЮ на чалавека[51]. 7 кастрычніка 2008 году на сустрэчы Экафіну(en) міністры фінансаў краінаў-удзельніц Эўразьвязу пагадзіліся на павелічэньне мінімальнае плянкі да 50 000 эўра[24].

Гэтае рашэньне было прынятае пасьля таго, як у верасьні 2008 году Ірляндыя вырашыла скасаваць уласныя абмежаваньні на суму застрахаванага фундушу. Шмат якія краіны Эўразьвязу (і найперш Вялікабрытанія) адрэагавалі на гэта падняцьцем сваіх максымумаў, каб пазьбегнуць перацёку капіталаў фізычных асобаў у ірляндзкія банкі.

З 2011 году максымальны ліміт пакрыцьця па дэпазытах у краінах Эўразьвязу падняты да ўзроўню 100 000 эўра.

Краіны-ўдзельніцы Эўразьвязу забясьпечваюць страхаваньне дэпазытаў як фізычных, так і юрыдычных асобаў[52].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя агенцтва // Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, 2019 г. Праверана 4 лютага 2019 г.
  2. ^ Кантакты // Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, 2019 г. Праверана 4 лютага 2019 г.
  3. ^ Кіраўнічы орган і вышэйшае кіраўніцтва // Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, 2019 г. Праверана 4 лютага 2019 г.
  4. ^ Государство расширяет обязательства перед вкладчиками  (рас.) // 7 дней. — 2008. — № 45. — С. 2.
  5. ^ а б в г д Юры Станкевіч (9 сьнежня 2009) Агентство по гарантированному возмещению банковских вкладов (рас.) Агенство по возмещению вкладов. InfoBank.by. Праверана 5 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ а б Раман Тамковіч Изменение системы возмещения банковских вкладов (депозитов) физических лиц (рас.) Лучшие публикации за 2008 год. Часопіс «Главный бухгалтер». Праверана 5 верасьня 2010 г.
  7. ^ а б Людміла Сац (27 лістапада 2008) Беларускія дэпутаты адобрылі дэкрэт аб гарантыях захаванасьці грашовых сродкаў фізычных асобаў Эканоміка. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 27.11.2008. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле абмену 2156 рублёў на даляр. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  9. ^ Натальля Ільлічова (12 сьнежня 2007) Дэпутаты прынялі законапраект аб кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў Грамадзтва. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 23 сьнежня 2011 г.
  10. ^ а б Ала Мачалава Дзяржава абяцае вярнуць уклады народу Парламенцкі дзённік. «Звязда». Праверана 5 верасьня 2010 г.
  11. ^ Натальля Ільлічова (10 чэрвеня 2008) Беларускія дэпутаты прынялі законапраект аб гарантаванай кампэнсацыі ўкладаў фізычных асобаў Грамадзтва. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  12. ^ Аляксей Букчын (20 чэрвеня 2008) Сэнатары прынялі законапраект аб гарантаванай кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў Грамадзтва. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  13. ^ Грамадзянам Беларусі з 1 студзеня 2009 года гарантуецца вяртаньне ўкладаў да 5000 эўра ў эквіваленце. БелТА (14 ліпеня 2008). Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  14. ^ Уладзімер Мацьвееў (28 лістапада 2008) Савет Рэспублікі прыняў да ведама дэкрэт аб гарантыі захаванасці грашовых сродкаў фізічных асобаў. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  15. ^ Аляксей Арэшка (4 кастрычніка 2008) Урад і Нацбанк Беларусі прызначылі кіраўніка Агенцтва па кампэнсацыі ўкладаў фізычных асобаў Фінансы. БелаПАНПраверана 23 сьнежня 2011 г.
  16. ^ Выбраны гаранты нашых укладаў БелТА. Рэгіянальны партал «Сьвіслач» (25 верасьня 2008). Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  17. ^ а б в г д Устав государственного учреждения «Агентство по гарантированному возмещению банковских вкладов (депозитов) физических лиц» (рас.) (pdf) Банк сегодня. Нацыянальны банк Рэспублікі БеларусьПраверана 31 жніўня 2010 г.
  18. ^ Государственное учреждение «Агентство по гарантированному возмещению банковских вкладов (депозитов) физических лиц» (рас.) Банк сёньня. Нацыянальны банк Рэспублікі БеларусьПраверана 23 сьнежня 2011 г.
  19. ^ а б Действующая система гарантирования сохранности денежных средств физических лиц, размещённых на счетах и (или) в банковские вклады в РБ (рас.) (asp) Банк сёньня. Нацыянальны банк Рэспублікі БеларусьПраверана 4 лістапада 2010 г.
  20. ^ Сац Л. Вклады с гарантией // 7 дней. — 2008. — № 15. — С. 7.
  21. ^ Натальля Ільлічова (11 чэрвеня 2008) Агенцтва па кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў будзе створана ў Беларусі. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  22. ^ Адкліканьне ў банку ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне банкаўскай дзейнасьці (у тым ліку ў частцы ажыцьцяўленьня асобных банкаўскіх апэрацыяў) — рашэньне Нацыянальнага банку, на падставе якога альбо зьмяняецца пералік банкаўскіх апэрацыяў, пазначаны ў выдадзенай банку пры рэгістрацыі ліцэнзіі, альбо вынікае пераўтварэньне банку ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю, альбо банк падлягае ліквідацыі
  23. ^ Дэкрэт № 22 ад 4 лістапада 2008 г. Аб гарантыях захаванасьці грашовых сродкаў фізычных асобаў, разьмешчаных на рахунках і (або) у банкаўскія ўклады (дэпазыты). Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (4 лістапада 2008). Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  24. ^ а б Carter Dougherty, Nelson D. Schwartz (7 кастрычніка 2008) Europe seeks unified policy on bank crisis (анг.) Business. The New York Times. Праверана 10 кастрычніка 2010 г.
  25. ^ а б Мировой опыт (рас.) Страхование вкладов. «Агентство по страхованию вкладов». Праверана 30 кастрычніка 2010 г.
  26. ^ Reform of Deposit Insurance. Inflation Index; Certain Retirement Accounts and Employee Benefit Plan Accounts (анг.). Фэдэральная карпарацыя па страхаваньні дэпазытаў ЗШАПраверана 5 верасьня 2010 г.
  27. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 04.08.2009. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле абмену 2823 рублёў на даляр. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  28. ^ а б в Алена Саланенка (4 жніўня 2009) Рэзэрв Агенцтва па гарантаванай кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычных асобаў на працягу двух гадоў дасягне Br800 млрд. Эканоміка. БелТА. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  29. ^ Павал Сьвярдлоў (26 сакавіка 2011) На кампэнсацыю ўкладаў у Беларусі сабралі 225 мільёнаў даляраў Эканоміка. Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 3 красавіка 2011 г.
  30. ^ З сённяшняга дня ўклады насельніцтва пад стопрацэнтнай абаронай дзяржавы Эканоміка. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (31 ліпеня 2009). Праверана 5 верасьня 2010 г.
  31. ^ а б Закон Рэспублікі Беларусь «Аб гарантаваным пакрыцьці банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў» ад 8 ліпеня 2008 году №369-З (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. — Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 15 ліпеня 2008 г., № 2/1466. Праверана 2 верасьня 2010 г.
  32. ^ Эмма Равич (4 жніўня 2009) Резервов агентства по возмещению вкладов хватит на покрытие депозитов одного среднего банка (рас.). Беларускі дзелавы партал «Беларускі бізнэс». Праверана 31 жніўня 2010 г.
  33. ^ Штогадовыя справаздачы // Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, 2019 г. Праверана 4 лютага 2019 г.
  34. ^ Нацбанк растлумачыў зьмяненьні ў галіне гарантаванага кампэнсаваньня банкаўскіх укладаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лістапада 2021 г. Праверана 16 лістапада 2021 г.
  35. ^ Да зьяўленьня новага закону ўнёсчык мог разьлічваць на вяртаньне ўнёску толькі ў выпадку банкруцтва банка.
  36. ^ а б Ирина Крылович (10 — 16 жніўня 2009) Кирпичик в систему гарантий (рас.) Финансовые институты. Белорусы и рынок № 31(866). Праверана 31 жніўня 2010 г.
  37. ^ Вклады под защитой (рас.). Газэта «Ключевой вопрос» №4 (160) (3 лютага 2009). Праверана 1 верасьня 2010 г.
  38. ^ Рэестар банкаў // Агенцтва гарантаванага пакрыцьця банкаўскіх укладаў фізычных асобаў, 2019 г. Праверана 4 лютага 2019 г.
  39. ^ Deposit Insurance Systems Worldwide (анг.) Deposit Insurance Systems. Міжнародная асацыяцыя страхоўцаў дэпазытаўПраверана 5 кастрычніка 2010 г.
  40. ^ Systems Under Study (анг.) Deposit Insurance Systems. Міжнародная асацыяцыя страхоўцаў дэпазытаўПраверана 5 кастрычніка 2010 г.
  41. ^ а б в г Гарантирование вкладов в Республике Беларусь и опыт стран-соседей (рас.). Денежный блог (18 лютага 2010). Праверана 27 верасьня 2010 г.
  42. ^ Перелік учасників Фонду гарантування вкладів фізичних осіб (укр.). Фонд гарантування вкладів фізичних осібПраверана 27 верасьня 2010 г.
  43. ^ а б Закон України «Про Фонд гарантування вкладів фізичних осіб» (укр.) (doc). Фонд гарантування вкладів фізичних осібПраверана 27 верасьня 2010 г.
  44. ^ а б Инструкция о действиях для получения страхового возмещения (рас.) Справочник вкладчика. «Агентство по страхованию вкладов». Праверана 3 кастрычніка 2010 г.
  45. ^ Минус 4 банка (рас.) Банковские новости. InfoBank.by (18 траўня 2010). Праверана 6 кастрычніка 2010 г.
  46. ^ State-Chartered Credit Union Facts and Figures (анг.). Нацыянальная асацыяцыя наглядальнікаў за крэдытнымі каапэратывамі штатаў ЗША. — Deposits in 95% of the nation’s state-chartered credit unions are insured by the National Credit Union Share Insurance Fund (NCUSIF). Праверана 10 кастрычніка 2010 г.
  47. ^ Institution Directory (анг.). FDIC (7 кастрычніка 2010). Праверана 10 кастрычніка 2010 г.
  48. ^ 12 U.S.Code § 1828. Regulations governing insured depository institutions: (a)(1)(B) (анг.). Cornell university law school. — Each sign required under subparagraph (A) shall include a statement that insured deposits are backed by the full faith and credit of the United States Government. Праверана 10 кастрычніка 2010 г.
  49. ^ FDIC: Who is the FDIC? (анг.) About FDIC. FDIC (11 жніўня 2010). — Since the start of FDIC insurance on January 1, 1934, no depositor has lost a single cent of insured funds as a result of a failure. Праверана 10 кастрычніка 2010 г.
  50. ^ Плата за кризис (рас.) Банковские новости. InfoBank.by (12 кастрычніка 2010). Праверана 12 кастрычніка 2010 г.
  51. ^ Directive 94/19/EC of the European Parliament and of the Council of 30 May 1994 on deposit-guarantee schemes (анг.). EUR-Lex. Access to European Union lawПраверана 10 кастрычніка 2010 г.
  52. ^ «Гармонизация законодательства ЕС и России на примере создания системы страхования вкладов» — выступление заместителя Генерального директора ГК АСВ Мельникова А.Г. Выступления руководителей. «Агентство по страхованию вкладов». Праверана 14 кастрычніка 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]