Ізбынь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ізбынь
трансьліт. Izbyń
Дата заснаваньня: Перад 1721 годам
Былая назва: Ізбін
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Велікаборскі
Насельніцтва: 9 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247623
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°6′35″ пн. ш. 30°0′50″ у. д. / 52.10972° пн. ш. 30.01389° у. д. / 52.10972; 30.01389Каардынаты: 52°6′35″ пн. ш. 30°0′50″ у. д. / 52.10972° пн. ш. 30.01389° у. д. / 52.10972; 30.01389
Ізбынь на мапе Беларусі ±
Ізбынь
Ізбынь
Ізбынь
Ізбынь
Ізбынь
Ізбынь

Ізбы́нь[1] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Велікаборскага сельсавету.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 20 км на поўнач ад станцыі Хвойнікі, за 7 км ад чыгуначнай плятформы Аўраамаўская (на ветцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Гомель — Каленкавічы), за 118 км ад Гомля.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ўсходзе, поўначы і захадзе меліярацыйныя каналы. Мясцовасці вакол вёскі (палі, лясы, балоты): Ляда, Навінкі, Замошкі, Шчоўб, Княжа[a], Гала, Загальле і інш. У мясцовасці Замошкі — вадасховішча.

Планіроўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паселішча складалася з просталінейнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі, да якой на поўдні далучаецца кароткая просталінейная вуліца. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу. У былыя часы вёска падзялялася на тры часткі: Пяскі, Сяло, Хутар.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Мурдэліа» зьменены роду Аскеркаў.

Ці не ўпершыню паселішча згаданае 28 лютага 1721 году[b], калі пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка з самога Слуцку зьвярнуўся зь лістом да князя Мікалая Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, ды прасіў, абы падданыя яго вялікаборскія падданым зь вёскі Ізбін (Ізбынь) крыўдаў не чынілі і ў грунты іхныя «nie wdzierali się». У ліпені 1722 году тым жа панам суседам князь М. Шуйскі пакліканы на суд Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага за насланьне людзей вялікаборскіх на грунты ізбінцаў, дзе яны лес пасеклі, сенажаці пакасілі ды ўчынілі шматлікія гвалты. 26 кастрычніка 1722 году ў Мазырскім гродзе па справе маршалка Аскеркі і харунжыча Шуйскага панам Даніэлем Віслаухам засьведчана апісанае разьмежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Ізбін і Вялікі Бор[5].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ізбынь — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[6]. Згодна з «Камеральным описанием... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, вёска Ізбін належала генэралу-ад'ютанту Амброзію Аскерку[7]. У шляхецкай рэвізіі ад 10 сьнежня 1811 году сказана, што дзедзічны ўладальнік сяла Ізбынь з 75 душами прыгонных «мужеска пола» 47-гадовы Ізыдар Амброзі, сын Багуслава, Аскерка, генэрал войскаў польскіх, там і пражываў. Жыхарамі двара Ізбынь запісаныя таксама браты 30-гадовы Юзаф і 27-гадовы Антоні, сыны Фларэнцыя, Аскеркі — уладальнікі маёнтку Новы Двор (Алексічы), пляменьнікі беспатомнага[8] генэрала[9].

Паводле інвэнтара 1844 году вёска Ізбін з 23 дварамі належала да аднайменнага маёнтку Льва (Леана) Аскеркі[10]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 150 жыхароў абодвух полаў вёскі Ізбін зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Георгіеўскай царквы ў Маканавічах, а 20 вяскоўцаў — парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[11].

У парэформавы пэрыяд Ізбынь адміністрацыйна знаходзілася ў Маладушскай воласьці. Паводле зьвестак 1876 і 1879 гадоў жыхары вёскі былі прыхаджанамі ўжо Велікаборскай Раства-Багародзіцкай царквы[12].

У 1909 годзе у вёсцы Ізбін налічваўся 81 двор з 466 жыхарамі[13].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ізбынь, аднак, у складзе Маладушскай воласьці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[14].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 года Ізбынь — цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Велікаборскага сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы было 182 двары, 829 жыхароў[4]. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Ізбыні налічвалася 147 двароў з 575 жыхарамі. У чэрвені 1943 года баявая група В. Шымана ў ходзе буйной апэрацыі супраць партызанаў цалкам спаліла паселішча і загубіла жыцьці 26 чалавек[15]. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 79 вяскоўцаў.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2021 год — 8 двароў, 9 жыхароў[16]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле Чэслава Пяткевіча[2]
    Назва Княжа паходзіць, як сьцьвярджаюць сяляне, з тых часоў, калі Караль Прозар, ня могучы злучыцца з лагерам Касьцюшкі, доўгі час хаваўся ў лесе. Ён там жыў бы начэ князь
    Пэўна, ня з тых часоў. Гэта — байка. А ўрочышча Княжа вядомае, прынамсі, з другой паловы XVII ст., калі Хвойніцкі маёнтак успадкавалі князі Шуйскія[3].
  2. ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[4]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf). Сустракаецца таксама варыянт Ізбу́нь
  2. ^ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 220
  3. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 4. S. 11 — 17
  4. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 442
  5. ^ AGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 34 — 35
  6. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  7. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 72
  8. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 207, 211
  9. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 171, 175
  10. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1430. А. 1—27
  11. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 685
  12. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 44—46
  13. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 77
  14. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  15. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 37, 500
  16. ^ Інфармацыя пра насельніцтва Велікаборскага сельсавету на 25.01.2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]