Тадэвуш Касьцюшка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 14:41, 13 красавіка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Тадэвуш Касьцюшка
Тадэвуш Касьцюшка
Тадэвуш Касьцюшка

Герб «Рох III»
Галоўнакамандуючы Нацыянальнымі Ўзброенымі Сіламі
24 сакавіка 1794 — 12 кастрычніка 1794
Папярэднікзаснаваньне пасады
НаступнікТамаш Ваўжэцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 лютага 1746
Мерачоўшчына Слонімскага павету
Памёр 15 кастрычніка 1817
Салюр, Швайцарыя
Пахаваны
Род Касьцюшкі
Бацькі Людвік Тадэвуш Касьцюшка
Тэкля з Ратамскіх
Дзейнасьць афіцэр, інжынэр, палітык, змагар супраціву, герой, салдат, geographical engineer (military cartographer)
Подпіс Выява аўтографу
Рэгаліі
Ордэн Virtuti Militari
Ордэн Virtuti Militari
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла

Андрэ́й Тадэ́вуш Банавэнту́ра Касьцю́шка (4 лютага 1746 — 15 кастрычніка 1817) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі[1][2][3], Польшчы і ЗША.

Біяграфія

Продкі

Прадстаўнік старажытнага беларускага[4][5][6][7] роду Касьцюшкаў гербу «Рох III». Ягоны далёкі прапрадзед Канстантын (ад памяншальных формаў гэтага імя — Кастусь, Касьцюша — утварылася прозьвішча роду), які служыў пісарам у вялікакняскай канцылярыі, атрымаў Сяхновічы на Берасьцейшчыне ад Жыгімонта Старога. Маёнтак быў невялікі, Канстантын Касьцюшка выстаўляў зь яго войска ў «тры коні». Жонкай Кастуся была Ганна Гальшанская з княскага роду, параднёная з каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі праз шлюб сясьцёр Гальшанскіх зь Ягайлам і Вітаўтам.

Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Касьцюшкі трымаліся праваслаўя, але ў часы «Патопу», як і многія зь берасьцейскай шляхты, адыйшлі да дзедаўскай веры — адны ў каталіцтва, іншыя — да ўніятаў. Сяхновіцкія Касьцюшкі былі каталікамі.

Людвік, бацька Тадэвуша, вызначаўся энэргіяй, дамогся ў 1731 годзе тытулу мечніка Берасьцейскага ваяводзтва, абіраўся ў 1743 годзе ад шляхты ваяводзтва ў Літоўскі Трыбунал, здолеў нейкім чынам адсудзіць у Сапегаў маёнтак Мерачоўшчына, што знаходзіўся за дзьве вярсты ад Косава.

Маладосьць

У Мерачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касьцюшкі. У яго было дзьве сястры — Ганна і Кацярына — і брат Юзэф. Маці паходзіла зь беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх[8], звалася Тэкля. Існуе меркаваньне, што яна па нараджэньні чацьвертага дзіцяці ахрысьціла яго ў вуніяцкай царкве пад імем Андрэй (у гонар апостала Андрэя Першазванага, сьвята якога прыпадае на 30 лістапада), а ўжо бацька перахрышчваў яго ў каталіцкім касьцёле. У адрозьненьні ад сваіх родных Т. Касьцюшка пражыў доўгі век: ягонага бацькі ня стала, калі Тадэвушу было дзесяць год, Юзэф і Кацярына памерлі яшчэ да паўстаньня, Ганна сканала ў 1814 годзе.

Н. Орда. Сядзіба Касьцюшкаў у Мерачоўшчыне

Навучацца Тадэвуша аддалі ў калегіюм піяраў у Любяшове за Пінскам, а не ў Берасьцейскую езуіцкую калегію. У гэтым рашэньні адчувалася ня столькі апазыцыя езуітам, колькі прызнаньне таго факту, што піяры даюць лепшую адукацыю. Піяры давалі адукацыю на эўрапейскім узроўні, гэтаму паспрыяла і рэфарматарская дзейнасьць вядомага прагрэсіўнага пэдагога XVIII стагодзьдзя Станіслава Канарскага. У школу прымаліся дзеці розных станаў, навучаліся яны шэсьць гадоў. У лік дысцыплінаў уваходзілі лацінская мова, рыторыка, матэматыка, фізыка, гісторыя, палітыка, выкладалася і мясцовае права. Шмат увагі надавалася эстэтычнаму і фізычнаму выхаваньню, культуры паводзінаў.

У 1765 годзе Т. Касьцюшка паступіў у новаствораны Варшаўскі кадэцкі корпус — тагачасную найвышэйшую афіцэрскую вучэльню, дзе спэцыялізаваўся па вайсковай інжынэрыі. Паводле сьведчаньняў сяброў па корпусе, Тадэвуш быў забіякак, не ўхіляўся ад дуэляў і меў некалькі шнараў на целе; пры гэтым вызначалі яго лагоднасьць і таварыскасьць. Сымпатыя і клопат начальніка корпусу князя Чартарыйскага ўмагчылі Касьцюшку паездку ў Парыж, дзе ён працягваў вайсковую навуку, што, аднак, прыкрывалася наведваньнямі Акадэміі жывапісу і мастацтваў.

Вайна за незалежнасьць ЗША

Т. Касьцюшка ў маладосьці

Увесну 1775 году Т. Касьцюшка вярнуўся на радзіму. Вакантнага месца ў войску не было, і ён, чакаючы патэнту, застаўся ў Сяхновічах. Пасьля няўдалае спробы выкраданьня сваёй каханкі Людвісі Сасноўскай, якую меліся выдаць за іншага, мусіў уцякчы за мяжу. Так ён ізноў апынуўся ва Францыі. У той час Амэрыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасьць, рэспубліканцы — супраць каралеўскіх войскаў. Манархічная Францыя, як адвечны вораг Ангельшчыны, падтрымлівала амэрыканскіх рэспубліканцаў, і шмат французаў служыла там. Так Тадэвуш Касьцюшка, якому патрабаваліся грошы на існаваньне, у 1776 трапіў на амэрыканскую зямлю.

Амэрыканскай арміі Т. Касьцюшка аддаў дзевяць год свайго жыцьця. Разам з палкамі рэспубліканцаў ён прайшоў усе Амэрыканскія штаты, удзельнічаў ва ўсіх галоўных бітвах, распрацоўваў інжынэрнае забесьпячэньне наступаў і абароны. Гэта яму належыць праект тыповага форту, прыстасаванага да ўмоваў Амэрыкі. Рэспубліка дала Т. Касьцюшку чын генэрала, ён зрабіўся ганаровым грамадзянінам Амэрыканскіх штатаў, але ад’яжджаў з Новага Сьвету такім сама, бадай, бедным, як і прыехаў.

Генэрал Тадэвуш Касьцюшка (па-ангельску: General Thaddeus Kosciusko). Карціна Бэнджаміна Вэста, 1797

Пакуль Т. Касьцюшка адсутнічаў, Людвіка Сасноўская паводле волі бацькі выйшла за князя Любамірскаага. У сацыяльным і палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай нічога не зьмянілася — панаваў той жа моцны прыгнёт сялянаў і магнацкая анархія. Францыя ўжо сьвяткавала другія ўгодкі рэвалюцыі, а ў Варшаве трэці год працягваўся вальны сойм.

На Бацькаўшчыне

Па вяртаньні Т. Касьцюшка пэўны час жыў у Сяхновічах, спрабаваў весьці гаспадарку ў сваёй частцы маёнтку. Гэты 5-гадовы пэрыяд ягонага жыцьця гісторыкі назвалі «сялянкай» (ці «ідыліяй»), калі баявы генэрал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара.

Конны партрэт Тадэвуша Касьцюшкі. Мастак В. Косак, 1879

Сытуацыя зьмянілася з пачаткам дзейнасьці Чатырохгадовага сойму (17881792), рэформы якога прадугледжвалі павелічэньне войска Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чал. Соймік Берасьцейскага павету вылучыў кандыдатуру Т. Касьцюшкі на пасаду гэнэрал-маёра, неўзабаве 12 кастрычніка 1789 гэтую прапанову падтрымаў сойм, а таксама кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Т. Касьцюшку прызначылі ў кароннае войска, хоць сам ён жадаў служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага[9].

У вайну з Расеяй (1792) у абарону рэформаў Чатырохгадовага сойму Т. Касьцюшка вызначыўся ў бітве пад Дубенкай як камандзір дывізіі ў арміі Ю. Панятоўскага. Нягледзячы на атрыманьне за ваенныя заслугі ордэна «Virtuti Militari» і званьня генэрал-лейтэнанта, на знак пратэсту супраць змовы караля і вялікага князя з Таргавіцкай канфэдэрацыяй 30 ліпеня 1792 ён падаў у адстаўку і неўзабаве пераехаў у Ляйпцыг, цэнтар палітычнай эміграцыі Рэчы Паспалітай.

Паўстаньне 1794 году

Асноўны артыкул: Паўстаньне 1794 году

Няспыннае ўмяшаньне суседніх манархічных рэжымаў у нутраныя справы Рэчы Паспалітай і бясьсільле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненьне шырокіх пластоў грамадзтва і асабліва прагрэсіўнай шляхты, прадстаўнікі якой пачалі падрыхтоўку да паўстаньня. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы браў Тадэвуш Касцюшка.

Прысяга Т. Касьцюшкі ў Кракаве

У 1793 ён выязджаў у Парыж па дапамогу для падрыхтоўкі паўстаньня. Аднак ні жырандысты, ні якабінцы канкрэтнай дапамогі не надалі. У жніўні 1793 Т. Касьцюшка вярнуўся ў Ляйпцыг, у пачатку верасьня прыняў прапанову прадстаўнікоў змовы ў Рэчы Паспалітай прыняць на сябе кіраўніцтва паўстаньнем, якое распачалося 24 красавіка 1794 з абвяшчэньнем у Кракаве Акта паўстаньня грамадзянаў. На кракаўскім рынку Т. Касьцюшка даў прысягу на вернасьць паўстаньню і абвясьціў, што будзе змагацца за непарушнасьць межаў дзяржавы, усталяваньне ўлады народу і ўсеагульную свабоду.

У Акце паўстаньня грамадзянаў Тадэвуш Касцюшка адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданьне «распаўсюдзіць панаваньне тыраніі» і здушэньне свабоды на суседнія народы.

Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы. Карціна Яна Дамеля, 1830-я

Згодна з Актам паўстаньня Т. Касьюцшка ў траўні 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду. За ім засталася пасада найвышэйшага начальніка ўзброеных сілаў. У радзе Т. Касьцюшка імкнуўся прымірыць памяркоўных рэфарматараў з рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»). Па ўтварэньні Найвышэйшай Літоўскай Рады ўзьніклі пэўныя непаразуменьні паміж Т. Касьцюшкам і кіраўніком паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім Я. Ясінскім, інсьпіраваныя апанэнтамі апошняга.

1 красавіка 1794 распачаўся марш Т. Касьцюшкі на Варшаву, 4 красавіка 1794 ён атрымаў перамогу пад в. Рацлавіцы. 7 траўня 1794 Т. Касьцюшка выдаў Паланецкі ўнівэрсал, якім гарантавалася апека ўраду над сялянамі і яны абвяшчаліся асабіста вольнымі.

У чэрвені — верасьні 1794 Т. Касьцюшка ўзначальваў абарону Варшавы ад прускіх і расейскіх войскаў. 2930 верасьня 1794 ён разам са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам прыязджаў у Горадню для вайсковай нарады, у часе якой уручыў удзельнікам паўстання ў Вялікім Княстве Літоўскім пярсьцёнкі з надпісам «Айчына свайму абаронцу».

10 кастрычніка 1794 Т. Касьцюшка, які камандаваў паўстанцкім войскам у бітве пад Мацяёвіцамі, трапіў паранены ў палон. На загад Кацярыны II пад пільнай аховай і чужым прозьвішчам («шляхціц Шыманскі») праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад 10 сьнежня 1794 яго вывезьлі ў Пецярбург і зьняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.

Неўзабаве па сьмерці Кацярыны II 26 лістапада 1796 Т. Касьцюшку наведаў новы расейскі імпэратар Павал I і прапанаваў паўстанцам амністыю. Узамен Т. Касьцюшка мусіў даць асабістую прысягу, што ён і зрабіў 28 лістапада, а на наступны дзень уручыў Паўлу I ліст з прозьвішчамі сваіх паплечнікаў, якіх той загадаў вызваліць. Імпэратар хацеў падараваць Т. Касьцюшку 1000 сялянаў і 12 тысячаў рублёў, ад якіх ён потым адмовіўся, як і ад прапановы паступіць на расейскую службу[9].

У эміграцыі

Дом-музэй Т. Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне

У канцы 1796 Т. Касьцюшка разам з Ю. Нямцэвічам выехаў у ЗША, дзе быў да 1798. Перад ад’ездам з ЗША ён пакінуў тастамэнт, у якім прызначыў пэўныя сумы на выкуп рабоў-нэграў і іхную адукацыю[10].

У 1798 у Францыі меў сустрэчы з прадстаўнікамі Дырэкторыі і Напалеонам, якія імкнуліся выкарыстаць ягонае імя для ўзьняцьця паўстаньня ў акупаваных Аўстрыяй землях Рэчы Паспалітай. Аднак генэрал адмовіўся падтрымаць Францыю ў барацьбе супраць Расеі.

7 жніўня 1798 уступіў у Парыжы ў эмігранцкае «Таварыства рэспубліканцаў», дзе рашуча выказваўся за ўсталяваньне рэспубліканскага ладу ў адноўленай Рэчы Паспалітай. Па падзеньні Напалеона Т. Касьцюшка двойчы беспасярэдне зьвяртаўся да імпэратара Аляксандра I, які абяцаў надаць дапамогу ў вырашэнні пытаньняў, зьвязаных з адраджэньнем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым кірунку не зрабіў.

У адным зь лістоў да Аляксандра І ён пісаў[8]:

« Нарадзіўся я ліцьвінам... смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі... »

Улетку 1815 Т. Касьцюшка пераехаў у швайцарскае места Салюр, дзе 15 кастрычніка 1817 памёр беспатомным а дзясятай гадзіне вечара ў доме свайго сябра Франца Ксавэрыя Цэлтнэра. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) генэрала пахавалі на мясцовых могілках. А 2223 чэрвеня 1818 цела Т. Касьцюшкі ўрачыста перанесьлі ў Кракаў і перазахавалі на Вавэлі, побач з магіламі іншых выбітных людзей[11].

Галерэя

Стаўленьне да прыгоньніцтва і рабства

Пра стаўленьне Т. Касьцюшкі да такіх зьяваў ягонага часу, як прыгоньніцтва і рабства, яскрава сьведчыць тастамэнт славутага генэрала:

« Глыбока ўсьведамляючы, што прыгоньніцтва знаходзіцца ў супярэчнасьці з законам прыроды і дабрабытам народаў, сім зацьвярджаю, што зьнішчаю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновіцы, разьмешчаным у Брэст-Літоўскім ваяводзтве, як ад імя свайго, так і будучых уладальнікаў. Прызнаю, такім чынам, усіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў[12] »

і далей:

« Сваю амэрыканскую маёмасьць перадаю майму сябру Томасу Джэфэрсану, каб ён поўнасьцю выкарыстаў яе на выкуп нэграў…, і на дараваньне ім свабоды ад майго імя[12] »

Узнагароды

Памяць

Народная

Памяць пра Тадэвуша Касьцюшку доўгі час захоўвалася ў легендах, паданьнях і песьнях беларусаў[8]: «Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала». «Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі». У беларускай народнай песьні, якую сьпявалі праз стагодзьдзе па паўстаньні, славуты генэрал вызнаецца за свайго абаронцу[8]:

«

Наш Касьцюшка слаўны быў,
Маскалёў ён добра біў...

»

Яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў на Лепельшчыне запісалі, а пазьней апублікавалі песьню пра Т. Касьцюшку, які, паводле народнай вэрсіі, загінуў у бітве[8]:

«

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей на каменю.
Калі той пясок узыйдзе,
Касьцюшка з вайны прыйдзе.

Ляціць воран цераз мора,
А лятучы, крача.
А хто ж майго Касьцюшачкі
Магілку аплача.

»

Да гераічнай постаці правадыра паўстаньня 1794 году зьвяртаўся Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкай праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Т. Касьцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднаньня і змаганьня паводле прыкладу паўстанцаў 1794 году[8].

Афіцыйная

Андрэй Тадэвуш Касьцюшка. Марка Белпошты (1994)

Шматлікія творы мастацкай літаратуры, малярства і скульптуры прысьвячаюцца Тадэвушу Касьцюшку, пра ягонае жыцьцё і дзейнасьць гісторыкі напісалі мноства навуковых працаў. Пра постаць славутага генэрала-паўстанца нагадваюць мясцьціны у шэрагу краінаў сьвету:

  • Беларусь: імя Т. Касьцюшкі носяць плошчы, вуліцы і завулкі ў Горадні, Берасьці, Косаве, Лідзе; у Горадні і Косаве маюцца адпаведныя мэмарыяльныя знакі. Помнікі Тадэвушу Касьцюшку стаяць у в. Малыя Сяхновічы, у Менску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама ў Старадароскім мастацкім музеі. Ува ўрочышчы Мерачоўшчына (Івацэвіцкі раён) працуе дом-музэй Т. Касьцюшкі[13]. Кампанія «БЕЛПІ — Беларускае пітво» вырабляе ў гонар славутага генэрала гарэлку прэміюм-клясы «Генерал»[14].
  • Польшча: у гонар Т. Касьцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і пастаўлены помнік, многія вуліцы, плошчы носяць ягонае імя. У многіх мясьцінах Польшчы ёсьць помнікі.
  • ЗША: у гонар Т. Касьцюшкі маюцца помнікі ў шасьці местах, ягонае імя носіць адна з акругаў штату Індыяна, места ў штаце Місысыпі, выспы на Алясцы.
  • Швайцарыя: у гонар Т. Касьцюшкі пастаўлены помнік, існуе музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў месьце Залатурне (Салюры).
  • Францыя: ёсьць помнік Т. Касьцюшку.
  • Аўстралія: імя Т. Касьцюшкі носіць найвышэйшая гара — 2228 м (яе назваў так у 1840 паляк Павал Стшэлецкі, які першым узыйшоў на вяршыню).
  • Расея: імя Т. Касьцюшкі маюць плошча ў Разані і вуліца ў Санкт-Пецярбургу.
  • Украіна: імя Т. Касьцюшкі носіць вуліца ў Львове.

Крыніцы

  1. ^ Радаводы Касцюшкаў // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
  2. ^ Тадэвуш Касцюшка — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі // «Звязда», 23 сакавіка 1994.
  3. ^ Тадэвуш Касцюшка. Belarus.byПраверана 18 сакавіка 2011 г.
  4. ^ Касцюшкі // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 379.
  5. ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 146.
  6. ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 72.
  7. ^ 88. Хто такі Тадэвуш Касцюшка? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  8. ^ а б в г д е ё Я. Юхо, У. Емяльянчык. «Нарадзіўся я ліцьвінам…». — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
  9. ^ а б Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 145.
  10. ^ Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 72.
  11. ^ Кароткая біяграфія вялікага чалавега (Тадэвуш Касцюшка, 1746—1817) // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
  12. ^ а б Інтэрвію з Вольгай Бабковай:«Тэстамэнты: шанаваная продкамі эўрапейская традыцыя сышла да рэшты» // «Радыё Свабода», 8 лістапада 2008.
  13. ^ Павел Дайлід. Тадэвуш Касцюшка: постаць героя // «Газета для вас» № 735, 29 студзеня 2010
  14. ^ Генерал — Вера і Адвага!. Сайт кампаніі «БЕЛПІ — Беларускае пітво»Праверана 18 сакавіка 2011 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Тадэвуш Касьцюшкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Link GA