Прапойск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 12:28, 14 чэрвеня 2017. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Прапойск
трансьліт. Prapojsk
Царква Раства Багародзіцы
Царква Раства Багародзіцы
Герб Прапойску Сьцяг Прапойску
Першыя згадкі: 1136
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Слаўгарадзкі
Вышыня: 137 м н. у. м.
Насельніцтва: 7750 чал. (2017)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2246
Паштовы індэкс: 213245
СААТА: 7250501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°26′43″ пн. ш. 30°59′47″ у. д. / 53.44528° пн. ш. 30.99639° у. д. / 53.44528; 30.99639Каардынаты: 53°26′43″ пн. ш. 30°59′47″ у. д. / 53.44528° пн. ш. 30.99639° у. д. / 53.44528; 30.99639
Прапойск на мапе Беларусі ±
Прапойск
Прапойск
Прапойск
Прапойск
Прапойск
Прапойск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.slavgorod.mogilev-region.by

Прапо́йск (з 1945 году — Сла́ўгарад) — места ў Беларусі, на рацэ Сажы пры ўтоку ў яго ракі Проні. Адміністрацыйны цэнтар Слаўгарадзкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 7750 чалавек[1]. Знаходзіцца за 70 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, за 58 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў. Прыстань на Сажы.

Прапойск — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу захавалася царква Раства Багародзіцы ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст.

Назва

Тапонім «Прапойск» мае тыповы рачны суфікс -ск і паходзіць ад ракі Проні, у вусьці якой узьнікла паселішча. У гістарычных крыніцах таксама сустракаюцца іншыя напісаньні назвы места: Прупой і Пропошеск[2].

23 траўня 1945 году выйшла пастанова аб перайменаваньні Прапойску ў Слаўгарад[3]. Паводле беларускага мовазнаўцы В. Шура[4], у 1945 годзе зьявілася прапанова надаць назву воінскаму падразьдзяленьню, якое вызначылася ў баях за Прапойск. Савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай салдатам, бо яна напамінае расейскае слова «пропойца» (у беларускай мове такога слова няма[5]). З гэтай прычыны места перайменавалі ў Слаўгарад. Аднак мясцовыя краязнаўцы ня здолелі знайсьці дакумэнтальных пацьверджаньняў наданьню якімсьці воінскім фармаваньням найменьня «Слаўгарадзкая»[6]. На думку беларускага мовазнаўцы В. Вячоркі, прычынай перайменаваньня Прапойску было тое, што назва места апынулася ў 1944 годзе ў цэнтры ўвагі савецкага вайсковага камандаваньня і прапаганды[7].

Назва «Слаўгарад» не зьяўляецца ўнікальнай: места з такой жа назвай існуе ў Алтайскім краі Расеі яшчэ з 1914 году. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсьць на ўсходзе Ўкраіны.

Гісторыя

Раньняе Сярэднявечча

Першы пісьмовы ўпамін пра Прапойск датуецца 1136 годам, калі паселішча ўваходзіла ў Смаленскае княства[8].

У XІІІXVІІІ стагодзьдзях існаваў Прапойскі замак.

Вялікае Княства Літоўскае

У XIV ст. Прапойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места як цэнтар староства ўвайшло ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.

У 1601—1602 гадох Прапойск пацярпеў ад голаду і эпідэміяў[9], у вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай — ад маскоўскіх захопнікаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Царква, 1941 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Прапойск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Быхаўскім павеце Беларускай, пазьней Магілёўскай губэрні. Расейскія ўлады падаравалі места Галіцыным. На 1787 год тут дзейнічалі дзьве царквы і касьцёл.

На 1886 год у Прапойску было 115 двароў; існавалі валасная ўправа, школа, лякарня, пошта, скураны, кафляны, канатны заводы, два млыны.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Прапойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Прапойск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох уваходзіў у склад Быхаўскага раёну). У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну з 30 жніўня 1941 да 25 лістапада 1943 году Прапойск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 23 траўня 1945 году згодна з воляй Сталіна назву паселішча замянілі на Слаўгарад і зноў надалі яму статус места.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 2123 чал., зь іх 1071 праваслаўны, 10 каталікоў, 1042 юдэі[10]; 1881 год — 3400 чал.[11]; 1886 год — 922 чал.[12]; 1897 год — 1000 чал.[13]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 4,7 тыс. чал.; 1959 год — 6,6 тыс. чал.; 1970 год — 5,6 тыс. чал.; 1991 год — 7,3 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2000 год — 8,1 тыс. чал.[14]; 2004 год — 8 тыс. чал.; 2006 год — 8,2 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 8,3 тыс. чал.[15]; 2015 год — 7725 чал.[16]; 2016 год — 7812 чал.[17]; 2017 год — 7750 чал.[1]

Адукацыя

У Прапойску працуюць 2 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Культура

Дзейнічаюць цэнтар культуры і народнай творчасьці, 2 бібліятэкі.

Забудова

Прапойск разьвіваецца паводле плянавальных праектаў 1970—1980-х з улікам гістарычнай забудовы. Тэрыторыя выцягнулася ўздоўж ракі. У цэнтры будаваліся 2- і 5-павярховыя дамы. У астатняй частцы пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Утварыўся мікрараён з 3-5-павярховымі жылымі будынкамі. Сфармаваліся 2 прамысловыя зоны.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

  • ААТ «Слаўгарадрайаграпрамтэхніка»
  • ААТ «ПМК — 96 „Водбуд“»

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Спыніцца можна ў гасьцініцы «Сож».

Выдатныя мясьціны

  • Гістарычная забудова места (XVIII — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Паштовая станцыя (сяр. ХІХ ст.)
  • Царква Раства Багародзіцы (1791—1793)

Захаваўся Прапойскі парк — помнік садова-паркавага мастацтва[18].

Галерэя

Асобы

Ураджэнцы

Жыхары

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 310.
  3. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 23 мая 1945 года «О переименовании города Пропойска в город Славгород и Пропойского района в Славгородский район»
  4. ^ Шур В. З гісторыі ўласных імёнаў: Замены ў тапаніміцы і іх вынікі / Пад рэд. П. Сцяцко. — Менск: Вышэйшая школа, 1993.
  5. ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 153.
  6. ^ Перайменаваньне Прапойску (рас.), Віртуальны музэй «Спадчына»
  7. ^ Вячорка В. Як расейскія пісьменьнікі пакрыўдзілі старажытны беларускі горад // Радыё Свабода, 20 чэрвеня 2016
  8. ^ Шаблён:Літаратура/Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы (2005) С. 354.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 463.
  10. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 52.
  11. ^ История, Славгородский районный исполнительный комитет
  12. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 333.
  13. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  14. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 332.
  15. ^ Население, Славгородский районный исполнительный комитет
  16. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  17. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Прапойсксховішча мультымэдыйных матэрыялаў