Згадка пра фальварак Гарадзішча і грунт Гарадзішчаўскі. Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.Фальварак і слабада Гарадзішча на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Фальварак Гарадзішча і грунт яго згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году. У мэтрычным запісе Астраглядаўскага касьцёлу за 31 ліпеня 1787 году аб шлюбе Яна Шандэра (Сандэра) з Барбарай Бялінскай месцам пражываньня названа менавіта Гарадзішча, хоць і без указаньня статусу паселішча[b][2]. Паводле рэвізіі 1795 году, у паселішчах, прыналежных да фальварку Гарадзішча, налічвалася 2 848 душ прыгонных мужчынскага полу[3]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах той жа рэвізіі, вядома, што вёскі Гарадзішча (верагодна, і фальварак), Углы, Каманоў, Сялец, хутар Малейкі, саўладальнікамі якіх былі Людвік і Рафал Алаізы Ракіцкія, у «оренду поступлено капитану Сандеру»[4][c]. Будучы Двор-Гарадзішча пазначаны побач з аднаіменнай слабадой як фальварак таксама на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году.
Недзе ў пачатку XIX стагодзьдзя тут, на правым беразе ракі Брагінкі, паўстала рэзыдэнцыя графа Людвіка Ракіцкага[e] з радыяльна-рэгулярным у пляне паркам. Аляксандар Ельскі пісаў пра «wspaniały pałac murowany», у якім гаспадар, маршалак Рэчыцкага павету, а пазьней маршалак Менскай губэрні, шыкоўна і з густам бавіў свайго жыцьця гады [9]. Л. Ракіцкі, сам музыкант і вялікі знаўца музыкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазытара Джавані Батысты Віёці, займеў выдатны аркестар з сарака музыкантаў; захоўваліся ў тым палацы і колькі твораў мастацтва. У шляхецкай рэвізіі 1811 году ў фальварку Гарадзішча засьведчана пражываньне 37-гадовага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[f], Міхала (16 г.), сына яго брата Рафала[g], Уладыслава Аскеркі (17 г.), сына яго сястры Ізабэлы[h].
Там жа сярод «шляхетства беспоместного», акрамя дварэцкага, эканома, штальмейстара і іншых службоўцаў, названыя «директор музыки» Антоні Скібінскі (43 г.)[i], «мэтр музыки» Ян Пецэльд (37 г.), «при музыке» Казімер Казлоўскі (57 г.)[j] і яго сын Антоні (22 г.)[16][l].
Пад кіраўніцтвам запрошанага ў двор Гарадзішча ў 1814 годзе таленавітага музыканта, кампазытара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага[m] згаданы аматарскі аркестар дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сымфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховэна. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія зьязджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Менску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі опэры А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[22].
20 жніўня 1818 году «jedyne dziecię i jedyna pociecha ojca» Л. Ракіцкага дачка Тэкля і сын Караля Прозара Уладыслаў узялі шлюб[23], таму рэзыдэнцыя з прыналежнымі да яе паселішчамі і ўгодзьдзямі зь цягам часу дасталася роду Прозараў. У сьнежні 1831 году пан падкаморы рэчыцкі Уладыслаў Прозар заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хвойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[24], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камэрцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Менскай губэрні. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 20 асобаў мужчынскага і 19 жаночага пола зь ліку жыхароў фальварку Гарадзішча належалі да Астраглядаўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[25].
Двор і вёска Гарадзішча на мапе Ф. Ф. Шубэрта, сярэдзіна XIX ст.Фрагмэнт сьцяны, якая атачала палац Ракіцкіх[o]Маёнтак Гарадзішча ўладальніка Патона. Згадка 1887 г.
У парэформавы пэрыяд паселішча належала да Брагінскай воласьці. У 1876 годзе сын і дочкі Мечыслава Прозара Канстанцін, Марыя, Зофія, Станіслава мелі ў дварах Гарадзішча, Астраглядавічы і Савічы разам 31 581 дзесяціну ўгодзьдзяў; яшчэ ў Гарадзішчы — 2 вадзяныя з гадавым прыбыткам у 1260 рублёў, 1 конны млын (50 р.), 1 вятрак (100 р.), сукнавальню (60 р.), завод па вытворчасьці жалеза (70 р.)[26]. У 1886 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын[27]. Паводле сьпісу землеўладальнікаў Менскай губэрні на 1889 год, уласьнікам маёнтку Гарадзішча ў 3730 дзесяцін угодзьдзяў быў сапраўдны стацкі саветнік Уладзімер Мацьвееў Ергольскі[28]. Але ў дадатку «Апісаньне сумежных земляў» што да пляну надзела брагінскіх сялянак Аляксандры і Ганны Сідаравых Лаўрусенкаў, выкананым у 1887 годзе землямерам панам Вырвічам, засьведчана, што маёнтак Гарадзішча належаў Патону[29]. У кнізе «Памяць. Брагінскі раён» без спасылкі на крыніцу сказана, што ў 1890 годзе двор Гарадзішча набыў расейскі аташэ ў Швэйцарыі Аскар Пятровіч Патон[p]. На 1903/1904 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы уладальнік маёнтку Гарадзішча, што ў Брагінскай воласьці, спадчынны дваранін Пётр Аскаравіч Патон[31]. У 1913 годзе маёнтак Гарадзішча П. А. Патона складаў 2183 дзесяціны ўгодзьдзяў[32].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Двор Гарадзішча, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[33].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня яна разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.
8 сьнежня 1926 году Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласьць вярнулі БССР. Тады ж утвораны Брагінскі раён. Найболей інтэнсіўна пасёлак Двор-Гарадзішча развіваўся ў 1920-я гады. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Паводле Яўгена Рапановіча, імя Э. Тэльмана паселішчу нададзена 25 кастрычніка 1934 году[34].
Марына Мнішак і Дзьмітры Самазванец у замкавым саду ў Самбары. Гравюра С. Ф. Галакціёнава пачатку XIX ст.
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты забілі 13 жыхароў. Падчас баёў за вызваленьне пасёлка ў кастрычніку 1943 году загінулі 6 савецкіх салдатаў, якія пахаваны ў брацкай магіле.
На 2004 год, пасёлак знаходзіўся ў складзе калгаса імя Э. Тэльмана (цэнтр — вёска Сялец); працавалі клуб, крама.
XX стагодзьдзе: 1909 год — у фальварку Гарадышча (Городыще) 1 двор, 17 жыхароў[35].
XXI стагодзьдзе: 2004 год — 57 гаспадарак, 177 жыхароў; 2006 год — 55 гаспадарак, 169 чалавек, зь якіх 50 ва ўзросьце да 16 гадоў, 75 — у працаздольным і 44 — старэйшым за працаздольны; 2009 год — 133 жыхары[36]; 2021 год — 107 жыхароў[37].
^Але наўрад ці пан арандатар жыў у вёсцы Гарадзішча, хутчэй у фальварку.
^Ян Сандэр, капітан «польской службы», уладальнік у Рэчыцкім павеце 53 сялянскіх душ (гл.: Кондратьєв Ігор. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 307, 310).
^Менш як праз тры тыдні, ва ўзросьце 19 гадоў, пакінула сьвет жывых ў выніку пасляродавай гангрэны; 26 студзеня пахавана на Сялецкіх могілках[6].
^У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[5]. Запіс аб хросьце Тэклі Юзафаты Антаніны Ракіцкай, дачкі бацькоў z Pałacu Horodyszcza.Найранейшая згадка пра zamek Horodyski. 1812 г.Найраней pałac Horodyszcze згаданы 5 студзеня 1799 г. у мэтрычных кнігах царквы Сялецкага базылянскага кляштару ў запісе аб хросьце Тэклі Юзафаты Антаніны, дачкі Людвіка і Ганны з Плятэраў[d] Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу. Кумамі былі кашталяніч менскі Рафал Ракіцкі з Брагіня і Тэкля зь Сівакоўскіх Валовічава, шамбэлян Ксавэры Валовіч з Холмэча і Барбара Сандэрава, падстароста судовы рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Антаніна Сандэраўна, лоўчы рэчыцкі Андрэй Солтан і Казімера Забэлаўна з Гарадзішча[7]. Але ў датаваным днём раней, 4 студзеня 1799 г., запісе ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198) усё пададзена яшчэ ня гэтак урачыста: і дзяўчынка названая адно Тэкляй, і кумамі ў той дзень была адна толькі пара — Ігнацы Аскерка і Тэкля Валовічава, і самы хрост адбыўся ў маёнтку Гарадзішча (in praedio Horodyszcze; пэўна, тут маем адпаведнік іншаму лацінамоўнаму выразу — in aula (у двары)). Увогуле, найчасьцей ужываўся тэрмін «двор». Пазьней жа, у 1812 (14 студзеня ўпершыню), 1815, 1818 – 1822 гг. колькі разоў згаданы «zamek Horodyski» альбо «zamek Horodyszcze»[8]. Магчыма, акрамя знаходжаньня на даўнім гарадзішчы з валамі (што могуць высьветліць хіба спэцыялісты-архэолягі), той нібыта Вішнявецкіх замкавы мур, урэшце атачыўшы палац, часам і выклікаў у сьвятароў Актавіяна Доўгірда і Максыміліяна Эйсманта жаданьне называць яго «замкам».
^5 жніўня 1774 г. ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім прэсбітэрам Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 г. з усімі ўжо касьцёльнымі цырымоніямі – айцом Эгідыюшам Піатроўскім, вікарыем Астраглядаўскага парафіяльнага касьцёлу[10].
^Спачыў 14 мая 1802 г. у фальварку Людамонт Менскага павету, пахаваны на Кальварыйскіх могілках[11].
^Паводле мэтрычнага запісу Юравіцкага касьцёлу, пайшла з жыцьця 13 траўня 1794 г., пасьля нараджэньня сына; была парафіянкай касьцёлу ў Астраглядах, пахаваная ў Рудакове[12].
^Антоні, сын Яна, Скібінскі, рыма-католік, на 1814 год названы ў сялецкіх мэтрыках канюшым, на 1816 год маршалкам двара Гарадзішча, згаданы і ў 1825 годзе[13]. Памёр 20 сьнежня 1844 г. у Малейках[14]
^Капэльмэйстар двара Гарадзішча Казімер Казлоўскі вядомы яшчэ ад 24 жніўня 1802 году з мэтрычнага запісу Сялецкага кляштару аб хросьце яго і Барбары з Скрычэўскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу, дачкі Разаліі Эльжбэты Юзэфы[15].
^Антоні Гаўсман з жонкай Марыянай, мэдыкі (konsyliarze medycyny) двара Гарадзішча, рыма-католікі, у мэтрычных запісах Сялецкага кляштару згаданы ў 1816 і 1819 г.[17].
^У сувязі з пражываньнем у двары Гарадзішча музыкантаў, бацькі і сына Казімера і Антонія Казлоўскіх, варта задацца пытаньнем: а ці наведваў тутэйшую сядзібу, браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму менавіта Юзаф, сын Антонія, Казлоўскі, знакаміты кампазытар (гл.: Восіп Казлоўскі)? Тэму пачала В. Дадзіёмава; наведваньні тыя, канешне, вельмі верагодныя. Але Міхал Ельскі згадаў толькі доктара Гаўсмана[k] і Казлоўскага, якія прызнаныя лепшымі скрыпачамі ў аркестры Л. Ракіцкага, а значыць былі сталымі яго музыкантамі. І хто той Казлоўскі? Можна дапусьціць, што бацька і сын даводзіліся адпаведна старэйшым братам і пляменьнікам Юзафу. Ці мо нехта зь іх даў колькі ўрокаў К. Ельскаму?.. Акрамя таго. А. Ахвердава, а потым і В. Дадзіёмава ў сваіх працах напэўна ж Тытульны аркуш Канцэрту для фартэпіяна, прысьвечанага Тэклі Прозар, народжанай графіні Ракіцкай. 1833 г.Сьцяна ў двары Гарадзішча, пач. XX ст. Здымак зь сямейнага архіву Афонскіх.Будаўнічы матэрыял з кляймом цагельні Ракіцкіх (спалучаныя тыльнымі бакамі літары R i K – ROKICKI). Фота Андрэя Лебедзева. 2022 г.адвольна лякалізавалі Гарадзішча «пад Мінскам». І хоць С. Немагай тое ў свой час абвергла[18], расейская дасьледчыца А. Лебедзева-Ямеліна паспрабавала яшчэ неяк і ўдакладніць месцазнаходжаньне сядзібы Л. Ракіцкага: «вблизи Минска (то есть, по дороге из Пропойска в Залесье Огинских)…» і «Городищи Ракицких отстоят от Дудичей Ельских на приличное расстояние (около 80 км)!»[19]. Здагадка пра «по дороге...» А. Лебедзевай-Ямелінай — штучная. І адлегласьць паміж маёнткамі Ракіцкага і Ельскага была ў чатыры разы большая. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на працу якога, акрамя іншых, спасылалася і С. Немагай, як і брат-энцыкляпэдыст Аляксандар, дакладна ведаў, што двор Гарадзішча маршалка Л. Ракіцкага месьціўся ў Рэчыцкім павеце, а настаўнікамі іх бацькі ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі[20].
^Юзаф, сын Даміяна, Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пэнсію (ад 24 ліпеня 1828 г. дажыцьцёвае права на валоданьне вёскай Пясочанка зь сялянамі[21]), жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў, да апошніх дзён. Многія творы ён прысьвяціў сваім дабрадзеям — графу Людвіку Ракіцкаму і ягонай дачцэ Тэклі Прозар. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны палянэз» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя творы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу.
^Праз дваццаць гадоў у энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць» (Мінск: БЭ, 2005. Т. 2. С. 431) С. В. Марцэлеў паведаміў пра яшчэ адзін замак Вішнявецкіх у вёсцы Бабчын на Хойнікшчыне. Вядома, аднак, што апошнія мелі замак у Брагіне, апісаны ў 1574 г., а болей і нідзе ў рэгіёне.
^Гэтая руіна ці не ад выхаду ў сьвет тому "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць" (АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БСЭ, 1985. С. 104) афіцыйна ўважаецца за рэшткі сьцяны замку князёў Вішнявецкіх[n]. Але пры іх (малодшая галіна роду, XVI ст. — пачатак 1670-х гг., ды пасьля немалога перапынку Міхал Сэрвацы са старэйшай галіны і апошні з мужчын у родзе, 1730-я — 1740-я гг.; гл. Брагін) у Гарадзішчы ня тое што мураванага замку, але і якой-небудзь драўлянай панскай сядзібы не існавала. На 1609 год ёсьць зьвестка пра дарогу гарадзішчаўскую, 1742 і 1750 — пра млыны, 1754 — пра дзьве халупы (хаты) у вёсцы Гарадзішча (гл. Гарадзішча). На здымку, верагодна, — рэшткі сьцяны ў комплексе мураваных збудаваньняў вялікапанскай сядзібы маршалка Людвіка Ракіцкага, якая зь цягам часу перастала быць патрэбнай наступным уладальнікам і яе пачалі разьбіраць, магчыма, яшчэ ў канцы XIX ст.
^Вартае ўвагі тое, што А. П. Патон, паводле ўспамінаў сына Яўгена[30], быў знаёмы «по службе» з найталенавітым інжынэрам Станіславам Кербедзем, які ўжо ў 1883 г. стаў уладальнікам маёнтку Брагін, пазьней перайшоўшым да сына Міхала (гл. Брагін).
^Выглядае, што зьвязаная з гэтым валуном мясцовая "легэнда" пра рамантычнае спатканьне Ілжэдзьмітрыя з Марынай Мнішак нават ня ў Брагіне (што таксама было б фантасмагорыяй), а менавіта тут, зьявілася пад уплывам вершу "В Городище есть преданье:_У реки, где панский сад_Были встречи и свиданья_Много лет тому назад..." (поўны тэкст гл.: Памяць. Брагінскі раён. — Мінск, 2003. С. 47). Сам жа верш, дзеля забавы, мог скласьці не пазбаўлены мастацкага густу чалавек са службы П. А. Патона ў позьнім двары Гарадзішча альбо, — і гэта падаецца больш верагодным, — нехта з абазнаных у расейскай гісторыі паэтаў ужо савецкіх часоў. У кожным выпадку, натхненьне выклікана сюжэтам, напрыклад (бо ёсьць і іншыя), як у гравюры С. Ф. Галакціёнава "Марина Мнишек и Дмитрий Самозванец в саду Самборского замка" пачатку XIX ст.
^Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
^НГАБ у Менску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 211-211адв.
^Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72, 74
^Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016 (далей: Минские губернаторы, etc.). С. 211
^Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага – помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21
^А. Лебедева-Емелина. Осип Козловский – белорус? (Новое о композиторе) // Старинная музыка. 2015. № 2 (68). С. 9
^Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169 – 171; № 23. S. 180 – 182
^НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
^А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65).
^Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. – Poznań, 1895. Rocznik XVII. S. 151 – 152
^Патон Е. О. Воспоминания. Литературная запись Ю. Буряковского. – Київ: Державне видавництво художньої літератури, 1933. С. 5, 12
^Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
^Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 110 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
^Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) /[ О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : українськ ий часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
^Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск: Навука і тэхніка, 1986. С. 58, 168
^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 43