Перайсьці да зьместу

Р’юкю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рукю»)
Астравы Р’юкю на мапе.

Р’юкю́ (па-японску: 琉球諸島) — архіпэляг вульканічных і каралавых астравоў і выспаў у Ціхім акіяне.

Тэрыторыя Японіі. Аддзяляе Ўсходне-Кітайскае мора ад адкрытай часткі Ціхага акіяну. Утварае 6 групаў з 98 астравоў, выцягнутых дугападобна з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 1200 км паміж астравамі Кюсю і Тайвань. Плошча каля 4,8 тыс. км². Найбольшыя астравы: Акінава і Амамі. Насельніцтва больш за 1 млн чал.

Паўднёва-ўсходняя частка астравоў складзеная пераважна з вапнякоў мэзакайназою, на паўночным захадзе пашыраныя вульканічныя пароды, у восевай зоне на паверхню часта выходзіць крышталічны фундамэнт. Пераважаюць плято і нізкагор’і (вышыня — 300—350 м) і нізкія берагавыя тэрасы. Найбольшая вышыня да 1935 м (на востраве Яку). 3 дзейныя і некалькі патухлых вульканаў. Уздоўж берагоў паўднёвай групы — каралавыя рыфы. Радовішчы фасфарытаў і каменнага вугалю.

Клімат на поўначы — субтрапічны, на поўдні — трапічны, мусонны. Ападкаў 2000 — 3500 мм за год, частыя тайфуны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня 14-18°С, ліпеня — 27-28°С. Трапічныя лясы і хмызьнякі.

Вырошчваньне рысу, батату, цукровага трысьнягу. Рыбалоўства. Галоўны горад — Наха (на востраве Акінава).