Бялыніцкі абраз Маці Божай
| |
Бялыніцкі абраз Маці Божай, | |
Бялыніцкі абраз Маці Божай — твор выяўленчага мастацтва XVII ст., хрысьціянская сьвятыня. Паходзіць з кляштару кармэлітаў ў мястэчку Бялынічах. Ушаноўваецца як цудоўны, сьвяткаваньне 12 красавіка.
Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Існуюць два розныя паданьні — праваслаўнае і каталіцкае, якія апавядаюць пра гісторыю абраза. Праваслаўнае паданьне мае дзьве вэрсіі. Адна з вэрсіяў кажа, што пасьля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз бізантыйскага пісаньня, сышлі, ратуючыся, у лесе. Свой доўгі шлях яны завяршылі на ўзвышшы ля ракі Друць — правым прытоку Дняпра, дзе і заснавалі царкву Сьвятога Ільлі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае зьзяньне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад зьзяньня белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазьней абраз быў выкрадзены манахамі-кармэлітамі.
Паводле іншай вэрсіі ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармэліцкі кляштар. Бялыніцкі касьцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэну кармэлітаў абутых быў заснаваны Лявом Сапегам — вялікім канцлерам літоўскім ў 1622 годзе. Лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 годзе над войскамі маскоўскага цара.
Абедзьве вэрсіі каталіцкага паданьня гавораць, што абраз зьявіўся ў кармэліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной вэрсіі абраз быў намаляваны анёлам на ваконнай аканіцы. Па іншай — абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас сьпеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэньня сьпеваў. Жывапісцам быў анёл.
Большасьць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634—1635 гадох невядомым мастаком.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/84/%D0%91%D0%BE%D0%B3%D0%BE%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D1%8C_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D1%8B%D0%BD%D0%B8%D1%87%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F.jpg/250px-%D0%91%D0%BE%D0%B3%D0%BE%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D1%8C_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D1%8B%D0%BD%D0%B8%D1%87%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F.jpg)
У час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай кармэліты ў 1655 г. перавезьлі абраз ва ўмацаванае мястэчка — Ляхавічы, якое доўгі час потым знаходзілася ў аблозе войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Аблога Ляхавічаў была зьнятая пасьля перамогі польска-літоўскіх войскаў пад Палонкай 2 ліпеня 1660 году. Вызваленьне Ляхавічаў было прыпісана камандзірам фартэцыі Мікалаем Юдзіцкім цудоўнай сіле Бялыніцкага абразу Божай Маці, перад якой быў выкананы падзячны гімн «Te Deum» («Цябе, Бога хвалім»).
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/43/%D0%9C%D0%B0%D1%86%D1%96_%D0%91%D0%BE%D0%B6%D0%B0%D1%8F_%D0%91%D1%8F%D0%BB%D1%8B%D0%BD%D1%96%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F._%D0%9A%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%8F-%D0%B0%D0%BD%D1%91%D0%BB.jpg/250px-%D0%9C%D0%B0%D1%86%D1%96_%D0%91%D0%BE%D0%B6%D0%B0%D1%8F_%D0%91%D1%8F%D0%BB%D1%8B%D0%BD%D1%96%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F._%D0%9A%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%8F-%D0%B0%D0%BD%D1%91%D0%BB.jpg)
Камісіі Віленскага біскупа ў 1755 г. было прад’яўлена 9 сьведчаньняў цудаў Бялыніцкага абразу: 1) напісаньне яго анёлам; 2) аблога Ляхавіцкай фартэцыі; 3-9) сьведчаньні вылячэньняў ў 1671, 1706, 1720, 1737, 1722 гадох.
Абраз знаходзіўся ў Ляхавічах да 1760 г. У 1760 г. абраз урачыста перанесьлі ў Бялынічы ў ізноў пабудаваны касьцёл. Яшчэ падчас знаходжаньня цудатворнага абразу ў Ляхавічах біскуп Віленскі Міхаіл Зяньковіч атрымаў у 1754 годзе дазвол і булы Папы рымскага Бэнэдыкта XIV на каранацыю абраза. Залатыя кароны з гербамі Сапегаў і Агінскіх былі выраблены на сродкі гэтых магнацкіх родаў.
Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасьня 1761 г. Для правядзеньня сьвята перад домам Агінскіх пабудавалі альтанку з трыюмфальнымі варотамі, куды быў зьмешчаны абраз. Каранацыю па даручэньні біскупа Зяньковіча зьдзейсьніў біскуп смаленскі Ежы Мікалай Гільзен. Пропаведзь зьдейсьніў вядомы дамініканскі прапаведнік — Ваўжынец Аўлачымскі.
Пасьля ўскладаньня карон абраз быў перанесены ў храм. Сьвята працягвалася цэлы тыдзень. У ім прымалі ўдзел жыхары Шклова, Амсьціслава, Воршы, Віцебску.
Каранацыя пашырыла славу цудатворнага Бялыніцкага абразу Панны Марыі. У кляштар у сьвяты Ўшэсьця Гасподняга, Сашэсьця Сьвятога Духа, Шкаплернай Божай Маці, сьв. Ільлі і Раства Багародзіцы ішлі шматлікія групы паломнікаў з Галоўчына, Кудзіна, Царкавішча, Эсьмонаў, Цяцерына, Бялевічаў, Княжычаў.
Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Бялынічы ўвайшлі ў Расейскую імпэрыю. Паўстаньне 1831 г. паслужыла падставай да закрыцьця ў 1832 г. толькі ў Магілёўскай губэрні 23 каталіцкіх кляштароў, у тым ліку і ў Бялынічах. Касьцёл быў перададзены дысацэзіяльнаму духавенству.
У 1861 годзе ў выданьне «Pieśni nabožnyja» («Песьні набожныя») былі ўключаны такія радкі[1]:
Ty Białynicka Najczystsza Dziewa,
Świataja Maci sirockaho rodu,
Litwy i Rusi možna Karalewa,
Uprasi Syna, kab dau nam Swabodu.
Пасьля паўстаньня 1863—1864 гг. многія пакінутыя дзеючымі касьцёлы былі зачынены і перададзены праваслаўнай царкве.
У 1876 г. адбылася перадача Бялыніцкага касьцёлу з цудатворным абразом Расейскай Праваслаўнай царкве. Лічаць, што апошні парафіяльны сьвятар ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал і пакінуў у касьцёле копію. Арыгінал жа, — піша ксёндз Тадэвуш Крагель (Беласток), — па здагадцы некаторых знаходзіцца ў Волі-Гутоўскай.
Глыбокая пашана беларусаў да цудатворнага Бялыніцкага абразу знайшла адлюстраваньне ў створаных шматлікіх жывапісных копіях, эстампах, якія беражліва захоўваюцца ў хрысьціянскіх храмах. Перад абразом Найсьвяцейшай Багародзіцы моляцца аб вылячэньні ад хваробаў, аб суцяшэньні ў скрусе.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Маці Божая Бялыніцкая
-
З Снова, XVII ст.
-
Гравюра XVII ст.
-
З Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, XVII—ХIX стагодзьдзі
-
Гравюра, 1755 г.
-
Зь Вільні, XVIII ст.
-
Зь вёскі Каменкі, XVIIІ ст.
-
З Магілёўскага абласнога музэю, XVIII—XIX ст.
-
З Новага Двара, XIX ст.
-
З Докшыцаў, 1-я пал. XIX ст.
-
Літаграфія. М. Фаянс, 1850—1890 гг.
-
П. Гарытнаў, 1891 г.
-
Літаграфія з кнігі «O cudownym obrazie Matki Boskiej w kościele oo. karmelitów w Białyniczach», 1899 г.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Pieśni nabožnyja. 1861.